Хто заплаціць за сарваны адпачынак?
Падарожжы — гэта не толькі задавальненне ды новыя ўражанні, але і грашова-арганізацыйныя турботы. У хуткім часе будзе прыняты новы закон «Аб турызме», і асноўныя змены ў ім якраз датычаць розных непрыемнасцяў, якія могуць быць звязаныя з адпачынкам.
Улетку з ініцыятывы Міністэрства спорту і турызму прайшло грамадскае абмеркаванне дакумента, які, паводле гэтага ведамства, «накіраваны на ўдасканаленне механізмаў вядзення турыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама абароны правоў і законных інтарэсаў спажыўцоў турыстычных паслуг». Праз некаторы час пасля разгляду ў Савеце міністраў закон «Аб турызме» накіруюць у Палату прадстаўнікоў. Магчыма, з наступнага лета ён уступіць у сілу. Але гэта не дакладна, бо, бадай, самае істотная навацыя ў законе — адначасова і самая дыскутаваная, а таксама дастаткова складаная для ажыццяўлення.
Гаворка вядзецца пра абавязак турыстычных фірмаў мець фінансавыя гарантыі дзеля абароненасці кліентаў ад раптоўных збанкрутаванняў ды розных неспадзяванак ці ў час, калі мы рыхтуемся да арганізаваных вандровак, ці ўжо калі мы падарожнічаем-адпачываем у межах тураў. Такая практыка дзейнічае шмат у якіх краінах у розных фарматах. У праекце нашага закона «Аб турызме» прапісаныя тры магчымыя варыянты, з якіх турфірмам можна будзе выбраць той, што найбольш пасуе: банкаўская гарантыя, страхаванне грамадзянскай адказнасці або ўдзел у фармаванні калектыўнага фонду персанальнай адказнасці тураператараў. Прычым, гэта будзе абавязковай умовай для вядзення бізнесу на турыстычным рынку.
У Міністэрстве спорту і турызму лічаць, што самым папулярным варыянтам будзе трэці — фондавы, як самы просты. Прынамсі, бліжэйшым часам. Бо банкаўская гарантыя — рэдкая справа ўвогуле ў беларускім бізнесе, як і страхаванне грамадзянскай адказнасці тураператара. Але гэтыя механізмы адмысловыя структуры маюць намер прапрацаваць, улічыўшы ўсе магчымыя нюансы.
Па чым форс-мажор?
Новаўвядзенне фінансавых гарантыяў выканання абавязальніцтваў па турдамове — вынік мінулагодняй скандальнай сітуацыі, якая склалася з адпачынкамі некалькіх сотняў беларусаў. Тады збанкрутавалі некалькі расійскіх тураператараў, і, адпаведна, яны не здолелі аказаць паслугі ў тым ліку беларускім грамадзянам, якія набылі туры праз мясцовых турагентаў ці прадстаўніцтвы расійскіх фірмаў. Многія пацярпелыя не змаглі вярнуць заплачаныя за ануляваныя туры грошы. Перадусім гэта тычыцца расійскага турыстычнага аператара «Наталі Турс», які меў афіляваную структуру з аднайменнай назвай у Беларусі.
Вось як прааналізавалі сітуацыю ў профільным ведамстве. З 2011 года было скасаванае ліцэнзаванне шэрагу відаў эканамічнай дзейнасці, у тым ліку турыстычнай. Гэта, з аднаго боку, «паспрыяла станаўленню асяроддзя натуральнай канкурэнцыі ў галіне турызму і з’яўленню новых суб’ектаў турыстычнай дзейнасці». Але «пасля адмены ліцэнзавання не было ўведзена альтэрнатыўных механізмаў, якія б спрыялі абароне рынку турыстычных паслугаў, правоў і законных інтарэсаў суб’ектаў і ўдзельнікаў турыстычнай дзейнасці». З’яўленне новых гульцоў пэўным чынам справакавала такую тэндэнцыю, як зніжэнне ўзроўню якасці паслуг і павелічэнне колькасці скаргаў з боку турыстаў на махлярскія схемы і падман.
Дарэчы, страты беларускіх грамадзян па нашумелай справе «Наталі Турс» ацэньваюцца амаль у 700 тысяч еўра! Прыкладна такога аб’ёму, каля мільёна еўра, можа быць і меркаваны дзяржаўна-прыватны гарантыйны фонд. Тураператараў абавяжуць пералічаць у яго як мінімум некалькі дзясятых працэнта ад гадавога абароту, калі яны абяруць такі механізм страхавання рызыкаў. Калі канкрэтна, то памеры ўнёскаў будуць устанаўліваць асацыяцыі суб’ектаў турыстычнай індустрыі, але не ніжэй за 0,2% ад выручкі па рэалізаваных турах за папярэдні год, калі гаворка вядзецца пра ўязны турызм, і не менш за 1%, калі фірма займаецца выязным турызмам. Максімальны ўнёсак можа быць 7% пры эканамічным абгрунтаванні і, натуральна, згодзе чальцоў прафесійнай турасацыяцыі.
Важны момант: «Фінансавае забеспячэнне грамадзянскай адказнасці тураператара не патрабуецца пры ажыццяўленні суб’ектамі турыстычнай дзейнасці экскурсійнага абслугоўвання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на перыяд, які не перавышае 24 гадзіны запар, паколькі дадзены від дзейнасці мае мінімальную рызыку для ўдзельнікаў турыстычнай дзейнасці».
Як мы ўжо адзначылі, мэтавае прызначэнне фонду — кампенсацыя стратаў ад невыканання тураператарам абавязальніцтваў па аказанні турпаслугаў або ў сувязі са спыненнем дзейнасці. Аднак у адмысловым абгрунтаванні па распрацоўцы праекта закона «Аб турызме» чытаем, што сродкі фонду могуць выкарыстоўвацца і для іншых мэтаў. Напрыклад, «на маркетынгавыя мерапрыемствы, скіраваныя на прасоўванне турыстычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь за мяжой».
Туры падаражэюць
Тыя з бізнесоўцаў, хто насцярожана ставіцца да ўвядзення інстытуту фінансавых гарантыяў на турыстычным рынку праз стварэнне такога фонду, кажуць, што механізм яго фармавання і распараджэння пакуль цьмяна прапісаны. Маўляў, памер унёскаў не абгрунтаваны. І перасцерагаюць, што наступствам можа стаць рост коштаў на туры. Натуральна, магчыма і такое развіццё падзей, калі добрасумленныя турфірмы праз фонд будуць вымушаныя несці адказнасць не толькі за эканамічна правальныя, але і махлярскія канторы.
Як альтэрнатыва прапануецца страхаваць турыстычны пакет ад нявыезду і невыканання абавязальніцтваў тураператара. Таксама можна было б браць фіксаваны страхавы збор у такі фонд дапамогі з кожнага туру. А ў выдаткаванні сродкаў фонду на «іншыя мэты» бачаць нават прыхаваны збор з турфірмаў на патрэбы дзяржавы.
Чыноўнікі ад галіны турызму наконт верагоднага падаражання тураў кажуць, што да гэтага вядзе любы варыянт абароны рынку, бо цягне за сабою павелічэнне расходаў для турфірмаў. Зрэшты, для спажыўца лепей дробна пераплаціць, але мець гарантыю, што, калі штосьці здарыцца, то ён атрымае кампенсацыю выдаткаў за сарваны адпачынак.
Дарэчы, фінансавыя гарантыі будуць тычыцца і ўязнога турызму. Хаця выпадкаў, калі нешматлікіх замежных турыстаў скандальна падманулі з адпачынкам у Беларусі, пакуль, дзякуй Богу, не было.
Што да магчымых прэтэнзіяў турыстаў па якасці аказаных ім паслуг, то ў праекце закона «Аб турызме» пазначана: выканаўца (то-бок турагент) і тураператар «нясуць салідарную адказнасць па абавязальніцтвах, якія вынікаюць з дамовы аказання турыстычных паслуг». Гэты пункт падчас грамадскага абмеркавання выклікаў крытыку за бесканкрэтнасць з боку турфірмаў — уласна турагентаў: «Турагент самастойна не фармуе турпакет, а рэалізуе прадукт аператара, атрымліваючы ўзнагароджанне ў сярэднім 6% ад кошту рэалізаванага турпакету. Было б лагічна ўскласці на турагента адказнасць па абавязальніцтвах у памеры атрыманага ім узнагароджання, а не стопрацэнтна, як гэта адбываецца ў адпаведнасці з дзейным законам».
З другога боку, ёсць і меркаванне спажыўца: «Я турыст, мне ўсё адно, як вы называецеся, — турагент, тураператар. Калі вы прадаяце прадукт, то вы за яго адказваеце, і павінны ўлічваць усе рызыкі. Калі ў нас у краіне ў іншых галінах адказвае той, хто прадае, чаму ў турызме павінна быць інакш?»
Яшчэ адным механізмам абароны рынку ў міністэрстве вырашана зрабіць Рэестр суб’ектаў турыстычнай дзейнасці, які цяпер мае збольшага даведачную функцыю. Цяпер без знаходжання ў ім дзейнасць турыстычнай фірмы будзе незаконнай. А выключыць адтуль могуць за сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб турызме і абароне правоў спажыўцоў — ад трох разоў цягам года. Гаворка вядзецца не проста пра факты скаргаў, а менавіта пра факты парушэння заканадаўства, пацверджаныя пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні ці судовай пастановай. Ну і ў рэестры будзе шмат інфармацыі пра гульцоў на турыстычным рынку, у тым ліку пра згаданыя фінансавыя гарантыі на выпадкі форс-мажору ці нядобрасумленнай працы.