Галоўнае — не прызнавацца ў правале. Беларускія цэментавыя заводы зноў чакае мадэрнізацыя

За апошнія два дзясяткі гадоў Беларусь выдаткавала мільярды долараў на тое, каб стаць цэментнай супердзяржавай. Не дапамагло. І вось цяпер цэментавыя заводы зноў збіраюцца мадэрнізаваць.

Фота з ozon.ru

Фота з ozon.ru

Па словах кіраўніка Беларускай цэментнай кампаніі Аляксандра Даўгяла, у бліжэйшыя пяць гадоў будзе праведзена маштабная мадэрнізацыя галіны. Усяго мадэрнізаваць збіраюцца 14 прадпрыемстваў, уключаючы тры ўласна цэментныя заводы, піша Plan B.

«Асноўная задача, якая будзе вырашана ў працэсе маштабнай мадэрнізацыі, — гэта зніжэнне сабекошту прадукцыі», — паведаміў дырэктар.

Для беларускіх цэментных заводаў зніжэнне сабекошту — вельмі актуальнае пытанне. Таму што так у цэментных заводаў усё добра. У прынцыпе цэментавыя заводы магу пахваліцца літаральна па ўсіх паказчыках. Яны і выхваляюцца.

Як паведаміў Даўгяла, летась загрузка вытворчых магутнасцяў у цэментнай галіне склала 98,2 працэнта. Вырабілі амаль пяць мільёнаў тон цэменту. Экспарт павялічыўся на 30 адсоткаў да 2,3 мільёнаў тон. У першым паўгоддзі гэтага года пастаўкі цэменту ў Расію выраслі на 3,5 адсоткі, да 1,2 мільёнаў тон.

Гэта значыць, усё ў цэментных заводаў добра. Ні аднаго сумнага сюрпрызу.

Глядзіце таксама

За выключэннем дробязі.

Па неверагодным збегу неспрыяльных жыццёвых абставінаў, поспехі цэментнай галіны ніяк не адбіваюцца на фінансавым стане завода. Дакладней, адбіваюцца. Яшчэ як адбіваюцца. Але толькі чамусьці зусім не так, як гэтага б хацелася.

Страты «Крычаўцэменшыфера» летась выраслі ў чатыры разы і склалі 120 мільёнаў рублёў. «Краснасельскбудматэрыялы» падвоілі страты да 55 мільёнаў. І толькі Беларускі цэментны завод іх скараціў на 16 адсоткаў. Але прыбытку ў Беларускага цэментнага завода ўсё роўна не атрымалася.

Так што агульная сума страт галіны падвоілася да 210 мільёнаў рублёў. Іх даўгі на канец года склалі 420 мільёнаў.

Працэнты па гэтых даўгах з 2019 года плаціць Мінфін з дзяржаўнага бюджэту. У канцы кожнага года ўрад прымае спецыяльную пастанову аб кампенсацыях для цэментнай галіны.

Але насамрэч 420 мільёнаў рублёў — гэта толькі тыя даўгі, якія немагчыма схаваць. Якія ўлады афіцыйна прызнаюць за цэментнымі заводамі. Таму што калі лічыць па законах рынку, а не па паняццях, то даўгоў у заводаў атрымаецца значна больш.

Мадэрнізацыяй цэментных заводаў беларускія ўлады займаюцца ўжо дваццаць гадоў. А за дваццаць гадоў можна выдаткаваць шмат грошай. Было б жаданне. Колькі выдаткавалі агулам, ніхто насамрэч не ведае. Падазраю, не ведаюць нават беларускія ўлады.

Але толькі па стане на 2018 год і толькі на «Краснасельскбудматэрыялы» ўрад выдаткаваў 500 мільёнаў долараў. А ў 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб субсідыях для цэментнай галіны на 900 мільёнаў долараў.

І вось беларускія цэментныя заводы ладзяць новую мадэрнізацыю.

Таму што штогадовыя ўрадавыя падачкі на кампенсацыю банкаўскіх працэнтаў не адпавядаюць, вядома, маштабам і амбіцыям галіны. Таму што галоўнае ў правальных мегапраектах што? 

Галоўнае — ніколі не прызнаваць, што яны праваліліся. І не спыняцца.

Глядзіце таксама