«Цэментная мадэрнізацыя». Рабочыя ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» скардзяцца на маленькую зарплату
Сур’ёзная эканамічная праблема саспела на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці. Рабочыя ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» выказалі незадаволенасць сваёй заработнай платай.
Адзін з рабочых распавёў, што работнікаў прадпрыемства прымушаюць пісаць заяву за свой кошт на тры дні, бо няма грошай на заробак, піша Газета Слонімская.
«Заробак упаў амаль удвая, збыт прадукцыі слабы, тэхніка — зношаная. У гэтым месяцы выдалі аванс рабочым усяго па 50-70 рублёў. Пасля таго, як людзі сталі скардзіцца і падымаць пытанне аб закрыцці завода і забастоўках, кіраўніцтва выплаціла яшчэ па 50 рублёў», — распавёў адзін з рабочых прадпрыемства.
Прайшла інфармацыя аб тым, што рабочых у горадзе, на кальцы каля ўнівермага, чакаў аўтазак, — на ўсялякі выпадак.
Тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску» заўважае, што ў 2015-2018 гадах Мінфін заплаціў больш за паўмільярда (549 883 769,74) долараў за цэментныя заводы па кітайскіх крэдытах на мадэрнізацыю.
У 2019 годзе дзяржаўныя цэментныя заводы падтрымалі на 1 млрд. долараў. У 2020 годзе чыноўнікі дамовіліся пра прыярытэтную куплю беларускага цэменту. На 2021 год цэментныя заводы атрымалі льготную цану на газ.
Як бачым, гэта ўсё ўвогуле не дапамагае.