Гісторыя хваробы губернатараў
Паводле афіцыйных дадзеных, за дзесяць месяцаў гэтага года валавы рэгіянальны прадукт у Мінску склаў 100,2% супраць студзеня-кастрыніка 2012 года. Па абласцях такія лічбы: Мінская — 102,5%, Брэсцкая — 102,4%, Віцебская — 97,5%, Гомельская вобласць — 103,3%, Гродзенская — 103,4%, Магілёўская — 97,3%.
У нас да гэтага часу статыстычныя паказчыкі выкарыстоўваюцца начальствам для вызначэнне перадавікоў і адстаючых. Іронія лёсу у тым, што былых старшыняў аблвыканкамаў усе завуць губернатарамі. З улікам дзейнай іх службы ў тэрытарыяльных войсках — генерал-губернатарамі.
Падаецца, велізарную ўладу маюць гэтыя людзі і шчыруюць, не пакладаючы рук. Але справы ідуць не вельмі. А яны ўсё спрабуюць стварыць уражанне пільнай кіраўнічай працы.
Як, прыкладам, ацэньваць працу Мікалая Ладуцькі, калі вытворчасць у сталіцы завісла на нулявой адзнацы? А калі параўноўваць з пазамінулым годам, дык наогул дасягнула толькі 98,7% ад аб’ёмаў 2011 года. Але ніякі губернатар сам па сабе не мае магчымасці палепшыць стан эканомікі. Бо паўсюды прамысловасць працуе на склад, што вельмі падобна да класічнага крызісу збыту. Таму «беларускае губернатарства» як пануючая эканамічная ўлада, імкнецца распрадаць-парассоўваць запасы гатовай прадукцыі прадпрыемстваў на самых ліберальных умовах, а нават са зніжкам. А тут яшчэ Лукашэнка пагражае пасадзіць тых, хто, як яму падаецца, гатовыя збыць народнае дабро за капейчыну.
Пайдзі туды, не ведаю куды, знайдзі тое, не ведаю што. Мусіць, так павінен пачынаць кожную працоўную раніцу не толькі беларускі «губернатар». Ну што яшчэ можа прыдумаць Мікалай Ладуцька, каб падвысіць вытворчасць і не працаваць на склад? У яго ж няма сельгасвытворчасці, на прыпісках да якой можна паправіць паказчыкі. Праўда, ёсць буйныя прадпрыемства, але яны, як на зло, працуюць на склад, а жыхары краіны чамусьці іх прадукцыю купляць не хочуць.
Хаця ёсць саломінка, за якую можна ўхапіцца і не патануць. Пакуль што. Былі прыклады, калі краіна ці галіна спецыяльна рыхтуюцца «выстраліць» падчас крызісу прынцыпова новай прадукцыяй, каб здзівіць спажыўцоў ды зрабіць сабе добрую перавагу над канкурэнтамі. У Беларусі, здаецца, прадпрыемствы перманентна працуюць над абнаўленнем сваёй прадукцыі. Прынцыповыя навінкі ўлічваюцца Белстатам, які вызначае колькасць інвацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме адгружанай прадукцыі. І гэты працэнт пастаянна павялічваецца. Прыкладам, у Мінску за 10 месяцаў мінулага года гэта квота дасягнула 19,3%, а сёлета за студзень-кастрычнік ужо 24,6%.
Калі так і далей справа пойдзе, то ў нас у продажы не застанецца нічога са старых рэчаў і прадуктаў. Што ні дзень, то новая кілбаса ў краме ці інавацыйныя шкарпэткі. Але чамусьці большая частка інавацыйнай прадукцыі завісае на складах. Можа, таму, што Беларусь прапаноўвае такія навінкі, якія шмат каму са спажыўцоў падаюцца «другасным прадуктам». Тое, што на нашы інавацыі не квапіцца замежны пакупнік, даўно не дзіва. Але і расійскі спажывец ужо пачынае адмаўляцца да нашай «сапсаванай сучаснымі тэхналогіямі прадукцыі». Вартасць неліквіду на мінскіх прадпрыемствах дасягнула 116,7% ад сярэднямесячнага аб’ему вытворчасці. Год таму на гэты час таксама было шмат, але ж «толькі» 64,3% сярэднямесячнай вытворчасці. А тым часам пастаянна павялічваецца нафтавая рэнта гэтай краіны.
Вось і мяркуй — хто і што павінен рабіць? Чалавек іграе на трубе, а лёс гуляе з чалавекам.
Калі падвесці рысу пад гэтыя разважанні, трэба ўзгадаць класіка Фрыдрыха Энгельса, якія адзначаў, што людзі свядома робяць сваю гісторыю, а тая над імі абавязкова смяецца.
Што праўда, кожны мае толькі тую гісторыю, якую ён напісаў. Якая так і называецца — гісторыя хваробы.