Хоць лакдаўна і не было, Беларусь усё роўна зведала эканамічныя шокі з-за COVID-19
Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных абмежаванняў падчас пандэміі ў 2020 годзе, беларуская эканоміка зведала два тыпы шокаў, піша «Ежедневник».
Адзначым, што перыяд пачатку пандэміі ў Беларусі характарызаваўся мінімальным умяшаннем урада. У нас не было лакдаўна, не зачыняліся школы і ўніверсітэты. У Беларусі не было значнай падтрымкі прыватнага сектара, пры гэтым прымаўся шэраг адміністрацыйных мер для падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў.
Гэта, безумоўна, адыграла сваю ролю ў барацьбе з эканамічнымі наступствамі пандэміі.
«Беларусь у 2020 годзе ўяўляе сабой унікальны кейс: як пандэмія ўплывае на эканоміку пры неўмяшанні дзяржавы», — заявіў эканаміст, эксперт «BEROC» Леў Львоўскі на анлайн-лекцыі «Адсутнасць лакдаўна ў Беларусі. Ці дапамагла яна пазбегнуць эканамічных шокаў?».
Эканамістамі «BEROC» было праведзена даследаванне на тэму «Як розныя сектары эканомікі і розныя групы людзей рэагавалі на шокі, звязаныя з COVID-19».
Леў Львоўскі адзначыў, што рэцэсія 2020 года ў свеце не была натуральнай. У большасці краін зніжэнне выпуску адбывалася штучна праз тое, што ўлады, якія клапаціліся пра здароўе насельніцтва, закрывалі краіны на лакдаўн альбо цалкам, альбо часткова.
Шок мабільнасці і знешняга попыту
Як заўважыў аналітык, тое, што ў Беларусі не было лакдаўна, зусім не азначае, што ў нас не было шокаў, звязаных з пандэміяй каронавіруса.
Паводле слоў Льва Львоўскага, Беларусь зведала два тыпы шокаў.
Першы — гэта шок мабільнасці насельніцтва. Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных абмежаванняў, беларусы лічылі за лепшае не наведваць грамадскія месцы без патрэбы, з-за чаго паменшыўся попыт на кантактныя сервісы. Ад гэтага пацярпелі рытэйл, рэстараны і гасцініцы.
«Таксама беларуская эканоміка адчула шок знешняга попыту. Хоць у Беларусі і не было лакдаўнаў, але яны былі ў краінах — гандлёвых партнёрах нашай краіны», — звярнуў увагу эксперт.
Зменшыліся даходы
Львоўскі таксама распавёў, што ў ходзе даследавання аналітыкі пыталіся ў людзей, ці зменшыўся іх даход і калі зменшыўся, якія таму прычыны.
Як паказала даследаванне, найбольш частыя прычыны страты даходаў — гэта зніжэнне заробкаў, меншая колькасць рабочых дзён і неаплатны адпачынак, а таксама адмена бонусаў.
«Апытанне паказала, што людзі вельмі часта адзначалі змяншэнне сваіх даходаў. У самым пачатку пандэміі больш за ўсё ад гэтага пакутавалі людзі, якія працуюць у індустрыі гасціннасці і рытэйла. Услед за імі ідзе транспартная галіна», — распавёў эксперт «BEROC».
«Што тычыцца галіны прамысловай вытворчасці, калі ў пачатку пандэміі там адзначалася зніжэнне даходаў, то да верасня-лістапада галіна стала адной з самых стабільных ў гэтым плане. Работнікі гэтай галіны менш за ўсё гаварылі пра тое, што іх даходы знізіліся», — дадаў ён.
Сельская гаспадарка і фінансы таксама даволі стабільна прайшлі гэты перыяд.