«Няма месцаў у шпіталі». Як драматург Таццяна Бойка шукала лякарню для хворага на COVID-19 мужа

Гісторыя з жыцця, якую Таццяна распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку. 

39993694_1771479589588465_6353620068152115200_n.jpg

— Сябры. Думалі, справімся самі, але не,напісала Таццяна Бойка. — Ужо тыдзень у мужа «тэмпа» 39,9. Збіць нерэальна. Сядзім на каранціне.

У Дзімы 44% паразы лёгкіх. Учора «хуткая» забрала з нізкай сатурацыяй, але раніцай адпусцілі з фармулёўкай «няма месцаў у шпіталі».

Я ледзь трымаюся на нагах ад стомы. За дзень да захворвання мужа лячыла дзяцей (не «карона») з прыступам удушша. Яшчэ сказала тады сяброўцы, што калі дзецям педыятр не закрые заўтра даведку, то я памру.

Даведку закрылі, але адразу патрапілі на каранцін.

Я сама перманентна з тэмпературай, хоць ужо не звяртаю ўвагі на градуснік, як і на ламату цела. Паляжаць не атрымліваецца, таму я забіла на свой стан.

Больш за ўсё мяне палохае, што ў бацькавым жудасным кашлі знаходзяцца дзеці. Вельмі баюся за дзяцей. Слухаць, як кашляе Дзіма, няма сіл, яму вельмі патрэбна шпіталізацыя. Калі ласка, хто можа дапамагчы патрапіць яму ў бальніцу пад назіранне лекараў. Кожны дзень выклікаць «хуткую» няма сэнсу.

І яшчэ, калі ёсць хоць найменшыя прыкметы хваробы — малю, сядзіце дома. Адзін такі «дружбан», які ведаў, што ў яго «карона» не адмовіўся ад звычайнага жыцця, прызначыў мужу сустрэчу па працы. І толькі ў канцы гутаркі паведаміў, што блін, ха-ха, а я ж з «каронай».

Каронавірус — гэта не ха-ха, не жарты. Ледзь трымаюся ад слёз.

Пасля з'яўлення паста карыстальнікі сацсеткі пачалі падтрымліваць Таццяну і даваць ёй парады адносна выхаду з няпростай сітуацыі. У выніку выйсце знайшлося.

— Дзякуй усім. З бальніцай дамовіліся. Пост пакуль не выдаляю. Яшчэ буду чытаць усю інфу і лячыць сябе. Вялікі дзякуй яшчэ раз. Беражыце сябе, калі ласка, — дадала пазней Таццяна Бойка.