Ці дадуць банкіры адлуп Лукашэнку?

Днямі Аляксандр Рыгоравіч чарговым разам крытыкаваў банкіраў. Маўляў, яны недастаткова падтрымліваюць вёску і сельскую гаспадарку. Ён даручыў старшыні праўлення Нацбанка Паўлу Калауру «нагрузіць» банкі і прыцягнуць іх да аказання дапамогі адсталым сельскагаспадарчым арганізацыям Віцебскай вобласці.

499582d6_8845_490c_a89e_156296dae69b_w1080_h608_s_b.jpg


«Пра Нацыянальны банк і падпарадкаваныя яму структуры, а яму ўсё падпарадкавана, мы яшчэ асобна пагаворым. Жыруе жуллё. Былыя і сапраўдныя. А займацца (дапамагаць калгасам) не хочуць. Таму дагружаць іх — па калгасе, па паўтара, па два, хай там працуюць. Гэта не абмяркоўваецца», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пытанне шэфскай дапамогі банкамі сельгаспрадпрыемствам не здымаецца. «А калі трэба прывесці банкаўскую сістэму ў пачуццё, я думаю, Калаур гэта зробіць. Не зробіць — гэта зробяць іншыя», — сказаў ён на заканчэнне.

Падаецца, што банкірам пастаянныя папрокі надакучылі. Мала таго, што крэдыты сельская гаспадарка не аддае, мала таго, што ў яе ўбухваюць мільярдныя датацыі кожную пасяўную і «бітву за ўраджай», дык яшчэ нашы калгасы і «шэфскую дапамогу» ад банкаў патрабуюць. А замест падзякі — «жыруе жуллё».

Таму Асацыяцыя беларускіх банкаў разаслала па банкаўскіх установах ліст з просьбай паведаміць пра рэалізаваныя на працягу апошніх 2–3 гадоў праекты па падтрымцы дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў, буйнога, малога і сярэдняга бізнесу ў вёсцы. Таксама плануецца агучыць інфармацыю пра аказанне матэрыяльнай і шэфскай дапамогі сельгасвытворцам (калгасам і іншым сельгаспрадпрыемствам), аб удзеле банкаў у развіцці аграэкатурызму, сацыяльных праграмах для сельскіх жыхароў, работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. У тым ліку АББ збірае інфармацыю пра ўдзел банкаў у правядзенні дзяржаўных аграфестываляў кшталту «Дажынак» і іншых мерапрыемстваў для працаўнікоў вёскі.

Карацей, банкіры рыхтуюцца даць адлуп Лукашэнку. Таму што сапраўды — колькі можна бясконца спансаваць «чорную дзіру» беларускай эканомікі?

Улада і Лукашэнка нам пастаянна кажуць пра «беднасць» калгасаў, пра слабую матэрыяльна-тэхнічную базу, пра неабходнасць падтрымкі «харчовай бяспекі» і іншае, іншае, іншае. Але, насамрэч, ці такая ўжо наша сельская гаспадарка гаротная?

З першага погляду — так. Але ў адным з інтэрв’ю эканаміст Леанід Заіка прывёў цікавы прыклад. Ён параўнаў кошты на літр малака ў крамах і на літр бензіну на запраўках. Улічваючы, што зараз малако расфасоўваецца не па літры, а па 900 мілілітраў, то кошт малака нават даражэйшы за бензін!

plakat_veska30_5_big.jpg

Пры гэтым НПЗ з’яўляюцца «флагманамі беларускай эканомікі», экспарт нафтапрадуктаў — адна з асноўных крыніцаў папаўнення беларускага бюджэту, а заробкі ў нафтахімічнай сферы лічацца аднымі з найлепшых у краіне (не зважаючы на айцішнікаў, канешне). А сельская гаспадарка — пры раўназначных коштах на прадукцыю — чамусьці хранічна адсталая і з самымі нізкімі заробкамі.

Калі зайсці ў краму і паглядзець на цэннікі, мы пабачым, што амаль уся сельскагаспадарчая прадукцыя так ці інакш набліжаная да гэтага «індэксу бензіну». Цукар, яблыкі, нават хлеб (калі лічыць за кілаграм). Садавіна і гародніна крыху адстаюць, але «літр бензіну» каштуюць два кілаграмы бульбы альбо цыбулі. Дык чаму ж сельская гаспадарка нерэнтабельная, а нафтаперапрацоўка — яшчэ як? Чаму банкіры павінны ўкладвацца ў калгасы, а не ў НПЗ?

Нехта можа запярэчыць: у сельскай гаспадарцы працуе на парадак больш людзей, чым у нафтавай сферы. Усім ім трэба плаціць заробак, і таму нельга параўноўваць нафтаперапрацоўку з калгасамі. Аднак жа і бензін, у адрозненне ад малака і хлеба, не з’яўляецца таварам штодзённага попыту! Хлеб і малако мы набываем у крамах штодня, а машыну запраўляем раз на тыдзень. Таму і грошай у гэтай самай сферы сельскай гаспадаркі павінна быць на парадак больш, чым у нафтаперапрацоўцы! Дык дзе яны?

Згодна дадзеным Белстату за першае паўгоддзе 2019 года, экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі склаў 3315,6 мільёна долараў. Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі — 2531,3 мільёна долараў. То-бок, «гаротная» сельская гаспадарка, якая пастаянна патрабуе падтрымкі і грашовых унёскаў, зарабіла толькі на 785 мільёнаў долараў менш, чым «элітная і флагманская» нафтаперапрацоўка!

Хто-небудзь яшчэ верыць у міф пра тое, што сельская гаспадарка ў нас «бедная»?

Пытанне толькі ў адным — дзе грошы? Куды знікаюць тыя сродкі, якія зарабляе сама сельская гаспадарка? Не кажучы ўжо пра бясконцыя дзяржаўныя датацыі, спісанне пазыкаў і «шэфскую дапамогу» беларускіх банкаў. Дзе ўсё ж атабарылася «жуллё, якое жыруе», па выразе нашага кіраўніка дзяржавы? У банках, якія «слаба падтрымліваюць» сельскую гаспадарку? Альбо ў самой сельскай гаспадарцы, адкуль грошы — і немалыя грошы — знікаюць немаведама куды?

А ў банкаў, насамрэч, хапае сваіх праблемаў і без сельскай гаспадаркі — асабліва ў Нацбанка. Пра трывожнасць сітуацыі сведчыць праект новай рэдакцыі Закона «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі». Згодна яму, урад сумесна з Нацыянальным банкам могуць уводзіць валютныя абмежаванні ў выпадку «пагрозы эканамічнай бяспецы краіны».

Паводле звестак БелаПАН, улады могуць пайсці на ўвядзенне валютных абмежаванняў у выпадку рэзкага пагаршэння сітуацыі ў плацежным балансе, узнікнення рызыкаў значнага зніжэння золатавалютных рэзерваў і з’яўлення перадумоў для істотнага вагання курсу нацвалюты.

Канешне, па словах аналітыкаў, перадумоў да ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер няма. Канешне, расійскі падатковы манеўр ускладніць нам паступленне валютнай выручкі ад НПЗ, Расія абмежавала фінансаванне Беларусі, але пра гэта было вядома даўно, і ў нас быў час падрыхтавацца. Таму паўтораў сітуацыі 2011 і 2014 гадоў эксперты не чакаюць. Дый золатавалютныя рэзервы ў нас «на піку» — 9193,8 мільёна долараў ЗША на 1 лістапада. Аднак тое, што Нацбанк вырашыў «падаслаць саломкі» на выпадак гучнага падзення, — таксама не можа не ўражваць.