IT-бізнес губіць зайздрасць прамыслоўцаў
Яшчэ зусім нядаўна бізнесмены, што працуюць у ІТ-сферы, маглі лічыць сябе сапраўднай беларускай элітай. Яны апынуліся выключна паспяховымі нават у крызіс, калі ляглі прамысловыя гіганты. Але ў 2015 годзе ўсё змянілася.
![park2.jpg park2.jpg](/img/v1/news/full/park2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сёння сітуацыя выглядае так, нібы дзяржава вырашыла прырэзаць курыцу, якая нясе ёй залатыя яйкі. Што ж насамрэч адбываецца?
Падатковы напад
Прафесія праграміста і сёння застаецца самой высокааплатнай у краіне. А ўладальнікі софтверных фірмаў, засяроджаных у ПВТ, наогул маглі сябе лічыць каралямі беларускага бізнесу. Але салодкае жыццё скончылася.
Яшчэ 18 лютага стала вядома, што Міністэрства фінансаў падрыхтавала праект дэкрэту прэзідэнта, які прадугледжваў падвышэнне для працаўнікоў кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій стаўкі падаходнага падатку з 9% да 10% (іншыя грамадзяне Беларусі плацяць 13%). Таксама ў тры разы павінна была вырасці база для налічэння абавязковых страхавых унёскаў (базай для разліку выплаты падатку павінна была стаць не адна сярэдняя зарплата, а дзве).
Мэты, вядома, былі названыя самыя прыгожыя: «удасканаленне заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні, узмацненне сацыяльных гарантый працаўнікоў рэзідэнтаў ПВТ і выраўноўванне ўмоў падаткаабкладання прыбыткаў фізасоб». На самай жа справе ўсё выглядала так, што ўрад дзейнічае па прынцыпе: «Мы ўсё разумеем, але вельмі грошы патрэбныя».
Аднак у IT-кампаніях хутка падлічылі, што тады выдаткі ў разліку на аднаго працаўніка ўзрастуць прыкладна на 5 мільёнаў рублёў. Гэта азначае, што эфектыўнасць працы з замежнымі заказчыкамі рэзка знізіцца. Беларускія фірмы апынуцца неканкурэнтаздольнымі на рынках Заходняй Еўропы і ЗША, а таксама Расіі. Бо з-за падзення курсу расійскага рубля значна патаннелі паслугі расійскіх распрацоўчыкаў праграмнага забеспячэння — і беларусы ўжо не змогуць з імі канкураваць.
«Ва ўсіх быў лёгкі шок, і ён зразумелы, бо выдаткі па вядзенні гэтага бізнесу ў сярэднім узрастуць на 15%, што азначае страту для шматлікіх кампаній, маржа якіх цяпер вагаецца ў межах 10%», — казалі тады шматлікія кіраўнікі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ.
Наўпрост зрэзаць зарплаты праграмістам не атрымаецца — тады яны з’едуць з краіны. Бо гэта ў большасці сваёй маладыя адмыслоўцы, мабільныя, з веданнем моваў і гатовыя да пераезду. А калі падвысіць кошты на паслугі беларускіх фірмаў — галіна пазбавіцца часткі заказчыкаў.
У выніку ў прафесійнай супольнасці былі агучаныя такія лічбы: страты беларускага экспарту IT-паслуг могуць скласці ад $200 мільёнаў у 2015 годзе да $350 мільёнаў у 2016-м. Да таго ж большасць IT-кампаній зоймецца аптымізацыяй падаткаў: супрацоўнікаў будуць рэгістраваць у якасці ІП, і тады адлічэнні ў ФСЗН будуць ісці не з сярэдняй зарплаты, як цяпер, або двухразовай (як прапаноўвае Мінфін), а з адной «мінімалкі». І гэта ў лепшым выпадку. У горшым — кампаніі проста перанясуць свой бізнес за межы Беларусі.
Увогуле, рэакцыя IT-бізнесу на ініцыятыву Мінфіна апынулася настолькі рэзкай, што ва ўрадзе былі змушаныя адыграць назад. Але так здаецца толькі на першы погляд. Насамрэч атрымалася нешта накшталт:
— Мы падвысім падатак на 1% і базу для выплаты падатку павялічым у ТРЫ разы!
— Ратуйце, рабуюць!
— Добра, мы адкладзем павелічэнне падатку на 1% на год, бо на гэты год ужо ўсё звярстана, а базу для выплаты падатку павялічым у ДВА разы!
— Дзякуй, якое шчасце! Як нам пашанцавала!
Хто тут пакрыўджаны?
Паўстала заканамернае пытанне: чаму наогул гэта адбылося? Чаму ўрад раптам наехаў на любімчыкаў кіраўніка краіны — кампаніі Парка высокіх тэхналогій? Мае крыніцы ва ўрадзе падказалі, дзе трэба шукаць. Пытанні і адказы прывялі да прамысловага лобі — да чальцоў Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі. Некалькі гутарак «не пад дыктафон» шмат што расставілі па сваіх месцах.
Як аказалася, дзесяцігадовая паспяховая дзейнасць ПВТ выклікала проста зайздрасць у беларускіх прамыслоўцаў. Галоўны лейтматыў: дайце нам такія ж падатковыя ды іншыя палёгкі, як і IT-кампаніям, так мы таксама вынік пакажам! Зрэшты, не меншым апынуўся і фактар свайго роду рэўнасці: на самай справе, кожны раз, наведваючы ПВТ, Лукашэнка хваліў яго насельнікаў, а наведваючы заводы — лаяў.
Пры гэтым так склалася, што чыноўнікі ўрада — гэта такія людзі, якія сутнасць IT-бізнесу разумеюць дрэнна. Затое патрэбы ды праблемы прамысловых прадпрыемстваў разумеюць вельмі нават добра. Менавіта дзякуючы гэтаму прамыслоўцы і змаглі падкласці свінню айцішнікам.
Пра тое, што прамыслоўцы вельмі нервова ставяцца да асаблівага становішча айцішнікаў у краіне, «Новаму Часу» распавёў і самы вядомы IT-бізнесмен Беларусі, стваральнік партала TUT.by Юры Зісер:
— Я ў сваёй практыцы часта заўважаў рэўнасць прамыслоўцаў — прадстаўнікоў традыцыйных галін прамысловасці — да айцішнікаў — насельнікаў ПВТ. У асноўным, вядома, з-за падатковых палёгкаў ды іншага. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прачытаць у Facebook каментары да любой навіны аб ПВТ, якую я публікую.
Акрамя падаткаў ёсць і іншыя нагоды для рэўнасці. IT-галіна не зарэгуляваная, і ў ёй няма канкурэнцыі з дзяржпрадпрыемствамі. Фактычна для IT-кампаній створаныя цяплічныя ўмовы. У ліку прэтэнзій — і тое, што праграмісты ў ПВТ нічога не вырабляюць для краіны, толькі плодзяць сацыяльную няроўнасць, скажаюць рэальную карціну па зарплаце ў краіне.
Між тым, канфлікт усё ж такі дайшоў да верху: 6 жніўня, падчас інтэрв’ю некалькім недзяржаўным СМІ, Лукашэнка заявіў, што не лічыць, што айцішнікі ў Беларусі пакрыўджаныя: «Гэта я стварыў для іх кластар — Парк высокіх тэхналогій, каб забяспечыць гэтых яйцагаловых працай, каб яны нікуды не збеглі. Яны не плацяць ніякія падаткі. Што замінае працаваць? Бедныя айцішнікі нашы! Пераважная большасць — 99,9% — з задавальненнем працуе і мне ніякіх прэтэнзій не прад’яўляе. А я працягваю развіваць гэты Парк нават у гэты складаны час».
Тут для паўнаты карціны важна ўдакладніць, што беларускія IT-кампаніі засяроджаныя ў двух асноўных групах. Першая — гэта ПВТ, у які ўвайшлі амаль толькі тыя кампаніі, якія працуюць з замежнымі заказчыкамі. Гэта EPAM Systems, EffectiveSoft, BelHard Development, IHS Global і дзясяткі іншых. Другая група прадпрыемстваў — тыя, што ўваходзяць у асацыяцыю «Інфапарк» і ў асноўным працуюць на ўнутраным рынку. Сюды адносяцца як прыватныя кампаніі («Топ Софт», «Максіпрософт», «1С-Менск»), так і дзяржаўныя прадпрыемствы («Агат — сістэмы кіравання», «Інстытут матэматыкі НАН Беларусі», НДІЭВМ). Яны таксама маюць рознага роду палёгкі і прэферэнцыі, але зусім іншага плану, не такія, як рэзідэнты ПВТ.
І, як высветлілася, кампаніі, якія працуюць на ўнутраны рынак, таксама вельмі нядобра ставяцца да сваіх жа калегаў, што працуюць «на экспарт». Вось толькі некалькі выказванняў, якія мне давялося пачуць:
— А што? 10 гадоў мелі палёгку па ФСЗН, час наспеў мець сумленне. Нікуды праграмеры не дзенуцца. Будуць працаваць як міленькія. Таму што Нямеччыну даўно акупавалі палякі-вугорцы-румыны і г.д., якіх паболей, чым беларусаў, і мазгі не горшыя.
— А з якой нагоды наогул у іх такія палёгкі ёсць? Была дармаўшчына, скончылася дармаўшчына. Тым больш, што зарабляюць яны і так прыстойна. Гэта не настаўнікам у школе араць. Не памруць, усё нармалёва будзе.
Вось такая карпаратыўная салідарнасць.
Каментар эксперта
![gar_mamonenka_fota_x_hw_by.jpg gar_mamonenka_fota_x_hw_by.jpg](/img/v1/userfiles/images/gar_mamonenka_fota_x_hw_by.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праблемы IT-кампаній каментуе генеральны дырэктар буйной беларускай IT-кампаніі «Белхард» Ігар Мамоненка:
— У Беларусі IT-бізнес мае самы высокі дабаўлены кошт. Напрыклад, 60% экспарту Беларусі ў Амерыку складаюць прадукты і паслугі IT-сектара. Гэта значыць калі нашы трактары ў ЗША будуць пастаўляць — ніхто не ведае, а вось софт мы ўжо прадаем, і прадаем паспяхова. Фактычна ўсе нашы галіны вытворчасці ў гэты крызіс ляглі. Глядзіце: МАЗ — не ў лепшым стане, трактарны — не ў лепшым стане, як і БелАЗ. Калійныя ўгнаенні таксама цяпер каштуюць не столькі, колькі хацелася б, нафта таксама прасела. А вось IT-сектар расце.
Але ў айцішнікаў шмат нядобразычліўцаў. Калі зарплата праграміста ў дзесяць разоў перавышае зарплату настаўніка або лекара, то грамадская думка лічыць, што гэта несправядліва. І хай праграміст падзеліцца сваёй зарплатай.
Улада з падазронасцю глядзіць на бізнес, асабліва на той, які ніяк не звязаны з бюджэтам, гэта значыць незалежны бізнес. Незалежныя людзі, якія зарабляюць досыць вялікія грошы, могуць быць
небяспечныя. А раптам яны пачнуць фінансаваць апазіцыю? А раптам яны самі пойдуць у палітыку? І ў нас такога роду бізнес ужо паўстаў — гэта якраз IT-бізнес.