Як гадаваць і разводзіць «вашывых блохаў»?
«Падпісаныя паперы — гэта пакуль паперы. Калі кіраўнік дзяржавы выйдзе ў поле і скажа: «Сто квадратных кіламетраў зямлі я аддаю прадпрымальнікам бясплатна ў вечнае карыстанне». А прадпрымальнікі праз пяць хвілінаў гэтую зямлю забяруць, — гэта будзе развіццё прадпрымальніцтва», — лічыць Леанід Заіка.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў доўгачаканы дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Але гэтая навіна чамусьці не вельмі ўзрадавала адмыслоўцаў. Па іх меркаванні, да сапраўднай палёгкі прадпрымальнікам у нас — як да Месяца. Дый робяцца палёгкі не так.
Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, што дэкрэт з’яўляецца
ключавым дакументам з пакета нарматыўных прававых актаў па паляпшэнню
бізнес-клімату ў краіне. Але падобныя ўзнёслыя словы пішуцца ў адносінах да
любога дакумента.
Што будзе?
Як паведамляе прэс-служба, дэкрэт прадугледжвае «кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асобаў у працу суб'ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю працу перад грамадствам. Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы».
Галоўная навацыя — паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Гэта, найперш, вызначаныя дэкрэтам бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозак пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў і іншыя распаўсюджаныя віды дзейнасці.
Цяпер для занятку гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць адзінае апавяшчэнне ў выканкам праз службу «адно акно» (дапускаецца паштовае адпраўленне з паведамленнем аб ўручэнні) альбо з дапамогай партала электронных паслуг. І на наступны дзень ужо можна будзе займацца заяўленым відам дзейнасці.
Дэкрэтам таксама вызначаныя агульныя патрабаванні пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі да размяшчэння, прыладаў, абсталявання, утрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, ізаляваных памяшканняў. Гэтыя патрабаванні максімальна сістэматызаваны і скарочаныя. Яны будуць з'яўляцца абавязковымі для выканання ўсімі суб'ектамі пры ажыццяўленні эканамічнай дзейнасці.
Палажэнні іншых тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія
змяшчаюць патрабаванні ў гэтай сферы, цяпер будуць насіць для прадпрымальнікаў рэкамендацыйны
характар да іх адмены.
Чаго не будзе
«Дэкрэтам максімальна ліквідуюцца адміністрацыйныя бар'еры, звязаныя з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі», — паведаміла прэс-служба. Напрыклад, прадпрыемствы сферы гандлю і грамадскага харчавання не будуць звяртацца ў выканкамы па ўзгадненне рэжыму працы (выключэнне зроблена толькі для устаноў, якія працуюць уначы, з 23 да 7 гадзін). У сферы транспартнай дзейнасці сыходзіць у мінулае абавязковае патрабаванне аб афармленні дарожных лістоў для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных зносінах.
Адмяняюцца іншыя залішнія і эканамічна дарагія патрабаванні і абмежаванні для бізнесу ў сферах вытворчасці прадукцыі, будаўнічай і транспартнай дзейнасці, гандлю і іншых.
Адначасова дэкрэт устанаўлівае адміністрацыйную адказнасць
кіраўніка за забеспячэнне нармальнай працы прадпрыемства. У прыватнасці, за
непрыняцце ім неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства,
якое пацягнула шкодныя наступствы, калі няма прыкмет злачынства ці іншага
адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых
велічынь.
Доўгі шлях…
Старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін вітае падпісанне гэтага дакумента. Але пры гэтым адзначае, што аднаго дэкрэту недастаткова.
«Гэты дакумент палягае ў пакеце норм па паляпшэнні дзелавога клімату, якія пачалі распрацоўваць у студзені гэтага года. Гэта не атрымалася зрабіць да сакавіка, як першапачаткова планаваў кіраўнік дзяржавы — занадта шмат праблемаў назапасілася ў бізнеса. Бізнес удзельнічаў у падрыхтоўцы гэтых дакументаў. Упершыню праекты публічна абмяркоўваліся ў міністэрствах і ведамствах, узнікла шмат супярэчнасцяў, якія прыходзілася пераадольваць, шматкроць перарабляць дакументы. І зараз ён ёсць» — кажа Карагін.
Але пры гэтым падкрэслівае: «Гэта не завяршэнне працы».
«Неабходна зараз перанесці працу ў парламент, змяніць змест Грамадзянскага кодэкса, дэкрыміналізаваць сістэму пакаранняў бізнеса, у перспектыве — паглядзець на судовыя працэдуры, і магчымасці абароны бізнеса» — прагназуе эксперт.
«Таму падпісаныя паперы — гэта пакуль паперы. Павінна быць правапрымяняльная практыка. Пасля падпісання Дэкрэту ва ўрадзе будзе выпрацаваны план, які трэба рэалізаваць, бо дэкрэт не можа апісаць усяго. Ён даў палітычны гарызонт. Ён прадэманстраваў, што дзяржава разглядае бізнес, як адзін з драйвераў эканамічнага росту. А гэта яшчэ трэба замацаваць сотнямі практычных дзеянняў. І бізнес павінен сказаць што гэта працуе: што гэта нам дапамагло, што, дзякуючы гэтаму ён стварыў працоўныя месцы, новыя прадукты, выйшаў на экспарт… Таму дэкрэт — гэта важны, але прамежкавы этап» — лічыць Карагін.
Зразумела, што ў нашых умовах гэтая праца можа расцягнуцца
не на адзін год.
…які прайсці немагчыма
А вось эканаміст Леанід Заіка лічыць, што ніякія дэкрэты і
ўказы сітуацыю з прадпрымальніцтвам у нашай краіне не палепшаць. «Сацыялагічныя
апытанні прадпрымальнікаў паказваюць, што каля 80% прадпрымальнікаў не бачаць
ніякіх дыялогаў і паляпшэнняў. Слоў шмат было, але стаўленне да
прадпрымальніцтва вызначаецца не ўказамі кіраўніка дзяржавы. І ніколі не
вызначалася ўказамі і іншымі працэдурнымі дакументамі. Яно было сфармулявана
вельмі шчыра, ад самага пачатку, яно было слушным для сённяшняй улады і
адлюстроўвала яе сутнасць. У вобразнай форме яно гучала, як «вашывыя блохі». Як
можна зрабіць лепш для «вашывых блохаў», падвысіць іх пладавітасць і
актыўнасць?» — задаецца пытаннем эканаміст.
Па яго словах, ніякія дакументы на прадпрымальніцкую актыўнасць не ўплываюць увогуле. «Гэта быў спектакль, шоў, дзе чынавенства гатовае выконваць усе ўказанні кіраўніка дзяржавы, а частка прадпрымальніцкай наменклатуры — яна таксама ёсць, — грала ў спектаклі «Мы стымулюем прадпрымальніцтва». Чыноўнікі спрабавалі штосьці такое у беларускім «пэйнце», зрабіць: «адно акно», «чатыры дзверы» і нешта яшчэ. Але: у нас зарэгістравана каля 800 тысячаў суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу розных формаў. А працуе толькі 240 тысяч. То бок, 70% прадпрымальнікаў, людзей, якія зарэгістравалі прадпрыемствы, не працуюць. З пункту гледжання тэорыі сістэм, якую выкладалі мне прафесары, калі нейкі механізм на 70% не працуе, то ён не працуе ўвогуле», — катэгарычны спадар Заіка.
Па яго меркаванні, калі сапраўды стымулюецца бізнес-актыўнісць, пра гэта не кажуць, а робяць. «У гэтых выпадках прадпрымальнікаў запрашаюць, даюць зямлю, аддаюць ці прадаюць ім непатрэбныя вытворчыя будынкі ці збудаванні. Калі кіраўнік дзяржавы прыедзе ў Магілёў, выйдзе ў поле і скажа: «Сто квадратных кіламетраў зямлі я аддаю прадпрымальнікам бясплатна ў вечнае карыстанне». А прадпрымальнікі праз пяць хвілінаў пасля яго выступу гэтую зямлю забіраюць, — гэта будзе развіццё прадпрымальніцтва», — кажа Заіка.
І не бачыць у гэтай схеме нічога фантастычнага: «Чаму кітайскі тэхнапарк, «Вялікі камень за пазухай» — 90 квадратных кіламетраў — спакойна, без дыскусій і без усенародна абмеркаваных указаў аддалі кітайцам, а нашым не могуць?»
Апроч таго, падкрэслівае Заіка, улада 20 гадоў прапагандавала ў краіне негатыўныя настроі ў адносінах да багатых людзей і прадпрымальнікаў:
«Мае калегі, сацыёлагі і сацыяльныя псіхолагі цалкам слушна кажуць: ні адзін закон, ніводная паперка, напісаная і прынятая не працуе, пакуль ідэя не авалодвае грамадствам. А ў грамадстве да прадпрымальнікаў стаўленне негатыўнае, таму што для дзяржавы прадпрымальнікі былі, ёсць і будуць «вашывымі блохамі». І да дэкрэту, і зараз, і пасля дэкрэту».