Вялікабрытанія пакінула пяцёрку найбуйнейшых эканомік свету
Вялікабрытанія выбыла з пяцёркі найбуйнейшых эканомік свету. Пра гэта заявіў брытанскі міністр фінансаў Філіп Хэманд, прадстаўляючы праект бюджэту на наступны год.
Цяпер брытанская эканоміка — шостая па памеры, паведаміў Хэманд, спаслаўшыся на прагноз Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). На пятае месца паднялася Францыя.
Па прагнознай ацэнцы МВФ, валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Вялікабрытаніі па выніках 2017 года складзе 2,565 трыльёна даляраў ЗША. ВУП Францыі ў 2017 годзе Міжнародны валютны фонд ацэньвае ў 2,575 трыльёна даляраў. У 2018 году, як чакаецца, Францыя павялічыць адрыў ад Вялікабрытаніі.
Упраўленне па бюджэтнай адказнасці Вялікабрытаніі (Office for Budget Responsibility, OBR) у лістападзе знізіла прагноз росту ВУП краіны з 2% да 1,5%.
Зніжэнне тэмпаў росту эканомікі Вялікабрытаніі працягваецца з лета 2016 года, калі ў краіне прайшоў рэферэндум аб выхадзе з ЕС.
Найбуйнейшай эканомікай свету, прагназуе МВФ, па выніках 2017 года застануцца ЗША з ВУП у 19,4 трыльёна даляраў, на другім месцы будзе Кітай з 11,9 трыльёна даляраў, на трэцім — Японія (4,9 трыльёна даляраў). Нямеччына з ВУП у 3,7 трыльёна даляраў зойме чацвёртае месца.
Паводле meduza.io