Як выбрацца з расійскай нафтавай багны і не затрымацца ў рэцэсіі

Беларускай эканоміцы пагражае застой, бо да гэтага часу няма пэўнасці ў нафтавай сферы.

nafta_11.jpg

Як адзначаецца ў квартальным эканамічным аглядзе, які падрыхтавалі эксперты Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC), «такі сцэнар наўрад ці будзе прымальны для ўладаў».
У студзені 2020 года Расія з-за неўрэгуляваных спрэчак у нафтавай сферы скараціла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. На гэтым фоне ВУП нашай краіны за першы месяц новага года знізіўся на 1,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Ці будзе і надалей зніжацца ВУП?
На думку доктара эканамічных навук прафесара Барыса Жалібы, ВУП і далей будзе падаць, калі не атрымаецца вырашыць шэраг прынцыповых пытанняў па пастаўках нафты, і наогул не атрымаецца ўрэгуляваць адносіны з Расіяй.
— Тое, што нашы нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на траціну магутнасці, ужо падрывае не толькі ВУП, але і паступленне валюты. Ужо пачаў дэвальвавацца беларускі рубель, — падкрэслівае эканаміст.
Ён лічыць, што афіцыйнаму Мінску трэба згаджацца на ўмовы Масквы і плаціць расійскім нафтавым кампаніям прэмію, якая, па словах эксперта, будзе складаць не больш за 2-х адсоткаў ад пакупной цаны.
— Вядома, эканоміка Беларусі можа ўпасці ў рэцэсію. Ва ўсякім разе, у першым квартале так і будзе, — прагназуе Барыс Жаліба.
— Ці ёсць хуткія і бязбольныя для насельніцтва спосабы вырашэння нафтавай праблемы?
— На сённяшні дзень няма. Ужо заяўлена аб дыверсіфікацыі паставак нафты з іншых рэгіёнаў свету. Але гэта будзе даражэй. Я думаю, больш істотнымі тэмпамі будзе даражэць маторнае паліва, каб нашы НПЗ працавалі больш-менш рэнтабельна. Напэўна, для насельніцтва і прадпрыемстваў з улікам інфляцыі будзе даражэць газ. Але хутка дыверсіфікацыю ніяк не зробіш.
— Якія меры павінен прыняць урад, каб утрымаць ВУП на леташнім узроўні?
— Пакуль голас урада не чутны. А тут трэба прымаць экстраардынарныя меры, ці неяк пераканаць кіраўніка дзяржавы тэрмінова пачаць рынкавыя рэформы. Як гэта рабіць для нашай эканомікі — не сакрэт: ужо складзеныя дарожныя карты з дапамогай МВФ і Сусветнага банка. Але ўрад пакуль маўчыць. Мы бачым, як на нарадах у кіраўніка дзяржавы чыноўнікі проста старанна нешта канспектуюць у нататніках, апусціўшы галаву. У рэшце рэшт, патрэбныя свежыя ідэі, варта набрацца смеласці і запярэчыць яму. Агульнавядома, што ўрад у сваіх паўнамоцтвах абкладзены чырвонымі сцяжкамі, за якія ён ім не дае выйсці. Гэта тычыцца прыватызацыі, перабудовы кіравання дзяржпрадпрыемствамі і гэтак далей. Пакуль ніякіх ініцыятыў мы не бачым.
— Наколькі сам па сабе важны паказчык ВУП? Ці можа рэцэсія азначаць нейкі крах эканомікі?
— Рэцэсія — гэта застой, калі хаця б два квартала ВУП не павялічваецца. Катастрофы няма, трэба ўсё перажыць. У рэшце рэшт, сусветная эканоміка таксама развіваецца па сінусоідзе. У нас цяпер вельмі непрыемныя знешнія абставіны — адносіны з Расіяй. Трэба было дыверсіфікаваць экспарт, набліжацца да формулы «траціна — на Расію, траціна — на Еўропу і траціна — на краіны "далёкай дугі". Тут нічога не зроблена. Таваразварот з Расіяй стаў нават крыху больш. Таму трэба выйсці з новымі таварамі добрага якасці на еўрапейскія рынкі, стварыць прывабны клімат менавіта для заходніх інвестараў, у якіх ёсць высокія тэхналогіі.
— Хто можа працягнуць Беларусі руку дапамогі ў гэты вельмі складаны момант?
— Трэба супрацоўнічаць з усімі краінамі. Руку дапамогі ўжо працягнуў Кітай, які выдаў крэдыт на паўмільярда даляраў. Стаўка на ўзмацненне супрацоўніцтва з Паднябеснай сябе апраўдала.
Неабходна прыцягваць інвестыцыі, не толькі нямецкія або французскія, але і польскія. Палякі таксама атрымалі поспех у тэхналогіях. Вельмі важна цяпер сябраваць з суседзямі. Краіны Балтыі гатовы прадаставіць свае марскія парты для транспарціроўкі ў Беларусь нафты. Украінцы, палякі таксама не адмаўляюцца нам дапамагчы ў вырашэнні нафтавай праблемы. Усе суседнія дзяржавы ставяцца да нас добразычліва, за выключэннем Расіі.
Паводле Заўтра тваёй краіны