Як зрабіць з нішто нічога
У Аляксандра Рыгоравіча новая задача. Яна палягае ў тым, як збудаваць новае жыццё старымі метадамі, старой камандай і, пажадана, нічога не змяняючы. Ёсць толькі адзін шлях гэта зрабіць.

Нарада па актуальных пытаннях развіцця краіны, якая прайшла 20 кастрычніка, павесяліла ўсіх, хто рэгулярна сочыць за выказваннямі беларускага правадыра. Найперш, Лукашэнка, канешне, адзначыў, што ягонае пераабранне на пяты тэрмін — гэта «давер авансам». «Асаблівасць праведзеных выбараў можна ахарактарызаваць наступным чынам: мы вас падтрымаем і падтрымалі, але патрэбныя змены да лепшага, — сказаў Лукашэнка на нарадзе. — У грамадстве назапасілася багата чаканняў, я б сказаў, крытычная маса чаканняў. І не задаволіць гэтыя чаканні мы не маем права», — падкрэсліў ён.
Што чакае грамадства ад Аляксандра Рыгоравіча? Найперш, на ягоную думку, павышэння жыццёвага ўзроўню, які мае два складнікі: кошты ў крамах і заробак. Наконт коштаў кіраўнік абяцаў «разабрацца». «Возьмем адно пытанне, хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва, калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэню. Вытворца? Як бы не так. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізер прыбытку. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць велізарную масу не заробленых імі грошай», — пазначыў ён курс, якім мусіць пайсці барацьба з цэнамі.
Усё было б добра, калі б мы шматкроць не чулі раней загады аб замарожванні цэнаў. Напрыклад, 5 мая міністру працы і сацыяльнай абароны Марыяне Шчоткінай ён казаў, што, калі ў нас не хапае грошай на павышэнне заробкаў, то і кошты расці не павінны. А зараз, праз паўгода, дачакаўшыся пераабрання, Аляксандр Рыгоравіч фактычна прызнаў — схема не працуе.
Яна спрацавала адзін раз, напрыканцы 2014-га года, пад Новы год. Памятаеце загад кіраўніка: «Каб людзі годна адзначылі свята»? І да чаго гэта прывяло? Дэвальвацыю беларускага рубля на 30% канца 2014-га таксама памятаеце? А пытанні да намесніцы міністра гандлю Ірыны Наркевіч пра знікненне з крамаў памідораў? Калі яна казала: «Няма памідораў, ешце агуркі»?
Другая частка «авансавага пытання» — заробак. Праўда, наш правадыр пра яго выказаўся так, што становіцца млосна. «Такога ўзроўню зарплаты і грашовага забеспячэння, якія зараз ёсць у краіне, не павінна быць да канца будучага года. Гэта галоўная мэта нашай працы», — сказаў ён.
Большасць інфармацыйных рэсурсаў падалі гэтую фразу, як «Лукашэнка паабяцаў падвышэнне заробку». Насамрэч, слова «падвышэнне» сказана не было. Галоўнае, каб не было «такога ўзроўню». А яго, з нашай інфляцыяй, і не будзе.
На нарадзе зноў прагучала забарона скарачэння працоўных на дзяржпрадпрыемствах, хай яны і стратныя. «Людзей, якія хочуць працаваць, выкідваць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць», — папярэдзіў новаабраны кіраўнік. Таксама ён паабяцаў «параіцца з народам» наконт павышэння пенсійнага ўзросту, адразу ж дадаўшы, што «людзі гэтага не хочуць».
Дык якім жа чынам прапануецца спраўдзіць «крытычную масу чаканняў»? А па-ранейшаму, па-шарыкаўскаму: «Узяць усё і падзяліць». Найперш, Лукашэнка загадаў зноў «аптымізаваць» дзяржаўны бюракратычны апарат і «ўпарадкаваць залішнюю колькасць дзяржструктур». Але, па-першае, згодна з законамі Паркінсона, любое «скарачэнне і ўпарадкаванне» дзяржаўнай бюракратыі вядзе да павышэння (а не паніжэння) колькасці чыноўнікаў. Па-другое, як тады быць з загадам самога Лукашэнкі пра забарону скарачэння на дзяржпрадпрыемствах? Дзяржапарат — гэта ж таксама прадпрыемства.
Кіраўнік краіны запатрабаваў «зняць тлушч» з банкіраў. Маўляў, яны багатыя, і трацяць валюту на «непатрэбныя мерапрыемствы і цацанкі». Адразу бачна, што за гэтым сектарам Лукашэнка не сочыць, інакш ведаў бы: ніякага тлушчу ў нашых банкаў няма. Скура ды косці. Толькі ад пачатку гэтага года Нацбанк прыпыніў ліцэнзіі на правядзенне пэўных аперацый пяці банкаў: «БІТ-Банка», «ІнтэрПэйБанка», «Еўрабанка», банка «Гандлёвы капітал», «Н.Е.Б. банка». Яшчэ адзін банк — «Дэльта-банк», — збанкрутаваў. І Беларускі банк малога бізнесу літаральна днямі далучыўся да «Idea-банка». Такім чынам, фактычна з пачатку 2015 года краіна страціла сем банкаў. Ну, і хто тут кажа пра «банкірскі тлушч»?
Не кажучы ўжо пра тое, што падобнымі метадамі можна толькі зэканоміць пэўную частку грошай, але не вырашыць праблему.
А як жа вырашыць праблему? Аляксандр Рыгоравіч шчыра прызнаўся — не ведае. «Тыя, хто абіраў прэзідэнта, разлічваюць на павышэнне свайго жыццёвага ўзроўню. Я не кажу, якім чынам. Усе вы павінны даць людзям працу і спытаць за прадукцыйнасць працы», — запатрабаваў Лукашэнка.
То бок, «ідзіце і працуйце, я не ведаю, як і што, але каб да раніцы было». Альбо «капайце траншэю ад слупа і да абеду». Як можна выканаць такі загад? Нармальны чалавек скажа: «Ніяк».
І наўрад ці «павысіць жыццёвы ўзровень» атрымаецца коштам знешніх крэдытаў. На гэта грошай ужо ніхто не дае. Напрыклад, старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця Дзмітрый Панкін вызнаў, што самае цяжкае пытанне банка — гэта трохмільярдны крэдыт Беларусі. «У 2011–2013 гадах ім быў прадстаўлены першы крэдыт, таксама на $3 мільярды. Апошні транш — у $ 440 мільёнаў— не далі, бо не былі выкананыя ўмовы, якія Беларусь на сябе брала па гэтым крэдыце: уздым золатавалютных рэзерваў, давядзенне тарыфаў на ЖКГ і транспарт да самаакупнасці, скарачэнне дзяржаўнага крэдытавання эканомікі», — нагадаў Панкін.
Зараз, па ягоных словах, гаворка ідзе менавіта аб умовах, на якіх вылучаецца крэдыт: стабілізацыя макраэканомікі і сыход ад дзяржаўнага стымулявання эканомікі. «А вось гэтага яны не робяць. Як заўсёды, марнуюць на паляпшэнне дабрабыту жыцця працоўных, на стымуляванне росту ВУП», — растлумачыў Панкін.
Так што замежныя крэдыторы выдатна разабраліся ў «беларускім эканамічным цудзе». І, каб выканаць загады Лукашэнкі, застаецца толькі адно: як у мульціку пра Прастаквашына, «прадаць што-небудзь непатрэбнае». Але, паводле заўвагі ката Матроскіна з таго ж фільма, «каб прадаць што-небудзь непатрэбнае, трэба спачатку набыць што-небудзь непатрэбнае».
Цікава, у колькі Расія ацэніць непатрэбную нам авіяцыйную базу ў Беларусі?