Лукашэнка выдаткаваў на выбары ў 15 разоў больш, чым усе яго канкурэнты
На выбарчую кампанію Аляксандра Лукашэнкі з асабістага фонду кандыдата ў прэзідэнты было выдаткавана больш за 1,5 млрд. рублёў, паведамляе сайт ЦВК.
Па афіцыйных дадзеных, на рахунак выбарчага фонду Лукашэнкі паступіла 1 млрд. 580 млн. 856 тыс. рублёў, з іх выдаткавана 1 млрд. 541 млн. 934 тыс. 526 рублёў.
Як інфармуе БелаПАН, выбарчы фонд Лукашэнкі апынуўся ў 15 разоў большы, чым сума сродкаў фондаў астатніх трох кандыдатаў у прэзідэнты.
На рахунак выбарчага фонду Сяргея Гайдукевіча паступіла 42 млн. 790 тыс. рублёў, выдаткавана 42 млн. 339 тыс. 999 рублёў.
Сродкі фонду Таццяны Караткевіч апынуліся найменшымі. У яго было ўнесена 25 млн. 525 тыс. 911 рублёў, выдаткавана 24 млн. 993 тыс. 242.
Мікалай Улаховіч выдаткаваў усе 33 млн. 318 тыс. рублёў, унесеных у фонд.
Гранічна дапушчальны памер выбарчага фонду заканадаўча вызначаны ў 9 тыс. базавых велічынь (1 млрд. 620 млн. рублёў).
Прэзідэнцкія выбары адбыліся 11 кастрычніка. Паводле дадзеных ЦВК, у падтрымку Лукашэнкі свае галасы аддалі 83,5% выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні, Караткевіч — 4,4%, Гайдукевіча — 3,3%, Улаховіча — 1,7%.