Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі нічога не вырашаюць?

Яшчэ напярэдадні паездкі ў Маскву Андрэя Кабякова дзеля сустрэчы са сваім расійскім візаві Дзмітрыем Мядзведзевым мала хто спадзяваўся, што наш прэм’ер зможа паставіць смачную кропку ў чарговай нафта-газавай вайне. Так яно і адбылося.

nafta_haz.jpg

Больш за тое, беларускі і расійскі бакі зноў распачалі пікіроўкі па гэтым пытанні — кожны са свайго пункту гледжання. Так, міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак па выніках перамоваў паміж кіраўнікамі ўрадаў заявіў, што Беларусь і Расія не дамовіліся аб урэгуляванні газавай спрэчкі, бо беларускі бок не гатовы пагасіць запазычанасць за газ без новых прэферэнцый. “Абмеркавалі пазіцыі бакоў, яшчэ раз зверылі бягучую сітуацыю, але, на жаль, не дамовіліся канчаткова аб урэгуляванні канфлікту”, — адзначыў Новак. Варта звярнуць увагу, што ўжо на высокім узроўні ўжываюцца не словы “праблема”, “непаразуменне”, “пытанне”, але слова “канфлікт”. Гэта шмат пра што сведчыць.

З свайго боку, на словы расійскага міністра адрэагаваў прэс-сакратар кіраўніка беларускага ўраду Уладзіслаў Сычэвіч. “Спадар Новак, у прыватнасці, адзначыў недастаткова канструктыўную пазіцыю Мінска ў газавым пытанні. У звязку з гэтым лічым неканструктыўным заяву міністра, якая не адпавядае таму, што насамрэч абмяркоўвалася на сустрэчы, — падкрэсліў Сычэвіч. — Беларускі бок настойвае альбо на безумоўным выкананні падпісанага ў лістападзе 2011 года міжурадавага пагаднення па цэнаўтварэнні на газ і адпаведнай нарматыўна-прававое базы, альбо на ўзгадненні бакамі ўзаемапрымальных змяненняў у названае пагадненне”. 

Цяжка пералічыць, колькі разоў лётаў у Белакаменную за апошні год “галоўны па энерганосьбітах” ад беларускага ўраду віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Выніку — нуль. Не аднойчы пытанні пра газ і нафту ўздымалі і самі кіраўнікі ўрадаў. То е ж самае, як і з Сямашкам — як і цяпер, гэтыя патугі ні да чаго не прыводзілі. Толькі да страчаных упустую тон авіяцыйнага паліва з беларускага боку.

Вось і чарговая сустрэча Кабякова і Мядзведзева скончылася пшыкам. Натуральна, прэм’еры маглі абмяркоўваць і запланаваную на 3 красавіка сустрэчу ў Санкт-Пецярбурзе Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Але нешта падказвае, што ўсё ж галоўным на сённяшні дзень з’яўляецца менавіта газавы канфлікт (і нафтавы як яго наступства).

Калі б гэтае пытанне не было палітычным, то яго ўжо вырашылі б яшчэ летась. Але тое, што беларускі бок настойліва павялічвае запазчанасць за газ, якая, паводле расійскіх чыноўнікаў, ужо пераваліла за 700 мільёнаў долараў, сведчыць, што не толькі ў эканоміцы справа. Хаця і ў ёй таксама — дзе зараз Мінску знайсці такую суму, каб выплаціць гэты велізарны газавы доўг? З іншага боку, калі яго не выплаціць, то растуць страты Беларусі. Толькі за недапастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ памерам у мільёны тон беларускі бок страціў ужо мільярды долараў і канстатаваў падзенне валавага ўнутранага прадукту які, мякка кажучы, не ў апошнюю чаргу залежыць ад эксперту прадуктаў нафтаперапрацоўкі.      

Адказным асобам на ўзроўні міністраў, віцэ-прэм’ераў і нават кіраўнікоў урадаў застаецца спадзявацца, што гэты вузел развяжуць прэзідэнты Беларусі і Расіі 3 красавіка. Хоць староннім назіральнікам у гэта слаба верыцца. Але адносіны паміж Мінскам і Масквой апошнія дзесяцігоддзі з’яўляюцца такімі “шчырымі, адкрытымі і празрыстымі”, што ад прэзідэнтаў чакаць можна ўсё, што заўгодна. Паглядзім, чым скончацца перамовы “заклятых сяброў” Лукашэнкі і Пуціна ў бліжэйшы панядзелак.