Пуцін: Расія і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы

Расія і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы, паведаміў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паводле вынікаў перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка.

000019_604994_big.jpg


"Мы дамовіліся аб тым, што ўрэгулюем усе нашы спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы. Мы іх ўрэгулявалі, дамовіліся аб тым, як і ў якія тэрміны мы гэта зробім. Зробім мы гэта на працягу найбліжэйшых 10 дзён", — сказаў Пуцін на брыфінгу, відэатрансляцыя якога вялася ў інтэрнэце.
"Мы знайшлі схему, пры якой захоўваем нашы падыходы, збліжаем нашы пазіцыі па цэнах. Знайшлі магчымасць узаемных саступак. Дамовіліся аб тым, як будзем працаваць у гэтай сферы не толькі ў 2017-м, але і ў 2018, 2019 гадах", — адзначыў Пуцін.
"На сённяшні дзень спрэчных пытанняў не засталося, мы будзем рухацца далей, будзем умацоўваць саюзніцкія адносіны ў межах Саюзнай дзяржавы і працаваць над умацаваннем нарматыўна-прававой базы, над развіццём Еўразійскага эканамічнага саюза", — сказаў прэзідэнт Расіі.
Паводле яго слоў, бакі "пацвердзілі сваё імкненне стварыць неабходныя, асноўныя правілы і ўмовы да ліпеня 2019 года па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі (менавіта агульныя ўмовы і правілы), пацвердзілі сваю гатоўнасць рабіць усё, каб да 1 студзеня 2018 года распрацаваць сумесныя правілы па адзіным рынку газу, а да 2024 года распрацаваць і выйсці на падпісанне міжурадавага пагаднення ў межах ЕўрАзЭС па адзіным рынку газу".
Беларусь і Расія ўжо больш за год не могуць урэгуляваць рознагалоссі ў нафтагазавай сферы адносна кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расія, паводле дамоўленасцяў, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя ў сувязі з запазычанасцю Мінска за расійскі газ. У пачатку гэтага года расійскія СМІ паведамілі, што ў першым квартале Расія збіраецца скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 млн тон.
На мінулым тыдні адбыліся перамовы прэм`ер-міністраў Расіі і Беларусі, падчас якіх бакі не змаглі дамовіцца пра ўрэгуляванне газавай спрэчкі, бо, паводле слоў расійскіх чыноўнікаў, Беларусь не гатова пагасіць доўг за газ, які складае 700 млн долараў, без новых прэферэнцый.
Аляксей Арэшка, БелаПАН