Колькі страцяць на контрсанкцыях Мінска еўрапейскія пастаўшчыкі?
Прыкладна ў 320 млн долараў ацэньваецца адказ Мінска на санкцыі, некалькімі днямі раней уведзенымі ў адносінах да цяперашніх улад Беларусі з боку ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады.
Як падлічыла "Заўтра тваёй краіны", 320 млн долараў — гэта аб'ём імпарту з недружалюбных краін у 2020 годзе тавараў, забарона на ўвоз якіх уведзена нядаўняй пастановай урада Беларусі "ў мэтах забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў".
У лік "недружалюбных краін", вытворцаў якіх закрануць контрсакцыі, трапілі ЕС, ЗША, Вялікабрытанія і Канада, а таксама далучыліся да папярэдніх санкцыйных пакетаў Еўрапейскага саюза Нарвегія, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Швейцарыя.
Што і адкуль забараняецца цяпер да ўвозу ў Беларусь?
Калі арыентавацца паказчыкі 2020 года, гэтыя санкцыі перш за ўсё б'юць па інтарэсах краін-членаў Еўрасаюза, а сярод яго ўдзельнікаў — Польшчы. Каля 300 млн долараў з агульнай сумы прыпадае на падсанкцыйныя тавары з Еўрасаюза і больш за палову — гэта польская прадукцыя.
Рыхтуючы "сіметрычны адказ", урад Рамана Галоўчанкі пераняў расійскі вопыт 2014 года і перакрыў пастаўкі харчовых тавараў. Больш за ўсё дасталася садавіне — па тых пазіцыях, імпарт якіх забаронены, летась у Беларусь было ўвезена прадукцыі амаль на 215 млн долараў. Гэта яблыкі амаль на 130 млн долараў (90 млн з іх — польскія), цытрусавыя і розныя ягады (па 30 млн долараў), вішні з абрыкосамі (20 млн долараў) і іншая прадукцыя аграрнай Еўропы.
Другой па аб'ёмах ідзе прадукцыя еўрапейскай кандытарскай індустрыі. Пад забарону трапляюць прысмакі на суму каля 40 млн долараў.
Трэцяя група тавараў — гэта мяса на суму каля 20 млн долараў. Таксама ў забаронены спіс увайшлі малочныя прадукты (іх імпарт летась склаў звыш 12 млн долараў), гародніна і арэхі (звыш 5,7 млн долараў), соль (1,2 млн долараў) і некаторыя іншыя пазіцыі.
Адносна "недружалюбных краін" за рамкамі Еўрасаюза контрсанкцыі Беларусі сімвалічныя. Пастаўкі з ЗША па забароненых зараз пазіцыях склалі ў 2020 годзе ўсяго каля 10 млн долараў, з якіх пераважны аб'ём прыпаў на міндаль і фісташкі. Паўночна-македонскае знешнегандлёвае абарачэнне ў перспектыве губляе на экспарце ў Беларусь замарожанай садавіны, чарэшні і бульбы звыш 7 млн долараў, Вялікабрытанія — каля 2 млн долараў, а Швейцарыя на сусветна вядомым шакаладзе — звыш 800 тыс. долараў.
Наколькі балючыя контрсанкцыі Мінска для еўрапейскіх пастаўшчыкоў?
Як сказана ў пастанове, яна набывае моц з 1 студзеня 2022 года і будзе дзейнічаць пакуль шэсць месяцаў. Забарона не распаўсюджваецца на тыя тавары, якія былі і будуць завезены ў Беларусь да гэтага тэрміну.
У самой пастанове прапісаны магчымасці паставак гэтых тавараў нават ва ўмовах дзеяння забароны. У прыватнасці, іх можна ўвозіць для асабістага карыстання, для перапрацоўкі на ўнутраным рынку па ліцэнзіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і, нарэшце, па квотах, якія будуць фармавацца з новага года «для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку».
Тое, што забарона не прывядзе да калапсу еўрапейскага аграрнага сектара, бачна з самога спісу забароненых тавараў. Ён складаўся вельмі выбарачна. У яго асобнымі пунктамі ўключаны некалькі пазіцый (напрыклад, свежая і астуджаная ялавічына і масла сметанковае), па якіх імпарт у 2020 годзе быў нулявы, але затое не патрапілі таматы з ЕС, якія з'яўляюцца аднымі з лідараў па пастаўках у агародніннай катэгорыі (амаль 25 млн долараў у мінулым годзе).
Найбольш адчувальны ўдар атрымаюць не еўрапейскія і іншыя вытворцы і пастаўшчыкі санкцыйных тавараў, а шараговыя беларускія спажыўцы. Ён складаецца як у адсутнасці некаторых папулярных тавараў на паліцах крам, так і ў немінучым іх падаражэнні ў рамках уводнай сістэмы кватавання.