ЕС паставіць у краіны «Усходняга партнёрства» вакцыны ад COVID-19 на 35 мільёнаў еўра

Еўракамісія 13 снежня падпісала пагадненне на суму 35 мільёнаў еўра з польскім банкам BGK аб пастаўках вакцын ад COVID-19 у краіны «Усходняга партнёрства», піша «Свабода».

05320000_0a00_0242_8c3f_08d9b3409da5_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


Пагадненне аб пастаўках вакцын датычыць усіх краін «Усходняга партнёрства», у тым ліку Беларусі, пішуць на сайце Еўракамісіі. Аднак Беларусь у чэрвені сёлета заявіла аб прыпыненні свайго ўдзелу ў гэтай ініцыятыве. 1 ліпеня 2021 года па патрабаванні беларускага МЗС Мінск пакінуў амбасадар ЕС у Беларусі Дзірк Шубель.
Пагадненне стала вынікам ранейшай дамоўленасці паміж камісарам па пытаннях суседства і пашырэння Оліверам Вархэі і прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім аб змаганні з каронавіруснай пандэміяй у адпаведнасці з бягучымі прыярытэтамі «Усходняга партнёрства».
Першая пастаўка ў рамках гэтага пагаднення плануецца ў найбліжэйшыя тыдні з Партугаліі ў Арменію. Як паведамляе сайт Еўракамісіі, шэраг іншых дзяржаў-чальцоў ЕС ужо заявілі пра сваю гатоўнасць удзельнічаць у гэтых пастаўках.