Латушка: Захад не ўводзіў санкцыі на лекі для Беларусі

Беларусь абвінавачвае краіны Захаду ў палітычным характары спынення паставак важных медыкаментаў. А як на самай справе?

_belarus_zyccjo_leki_hvaroba_2024_fota_novy_czas__3__logo.jpg

«Абсалютна ніякія санкцыі» на лекавыя прэпараты і вырабы медыцынскага прызначэння беларускай вытворчасці Захадам не ўводзіліся, заявіў на сваім ютуб-канале 11 лютага кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, паведамляе «Позірк».

«Мы ўжо неаднаразова абвяргалі такія заявы адносна лекаў, аднак гэты прапагандысцкі тэзіс працягвае набіраць абароты і выходзіць на міжнародны ўзровень», — дадаў ён.

Пры гэтым многія кампаніі, сярод іх ёсць і фармакалагічныя, па ўласнай ініцыятыве адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з Мінскам, растлумачыў палітык.

«Але прычынай гэтага з’яўляюцца не эканамічныя санкцыі, а таксічнасць рэжыму Лукашэнкі, з якім міжнародны бізнес не хоча мець справаў з-за масавых рэпрэсій, дзеянняў рэжыму, якія падрываюць міжнародную бяспеку, такіх як захоп грамадзянскага самалёта, справакаваны рэжымам міграцыйны крызіс, але галоўным чынам — з-за ўдзелу рэжыму ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны», — сказаў экс-дыпламат.

Паводле даных Еўрастата, на якія ён спаслаўся, Беларусь за апошнія восем гадоў штогод павялічвае закупкі еўрапейскай фармацэўтычнай прадукцыі: «Такім чынам, нават нібыта ва ўмовах аднабаковых санкцый, на якія спрабуюць скардзіцца нелегітымныя прадстаўнікі Беларусі ў ААН, імпарт лекаў пастаянна расце».

Беларусь абвінавачвае краіны Захаду ў палітычным характары спынення паставак важных медыкаментаў, вынікае з выступлення начальніка аддзела знешніх сувязей Міністэрства аховы здароўя Анатоля Грушкоўскага 24 студзеня ў Жэневе на пасяджэнні 154-й сесіі Выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).

Паводле словаў чыноўніка, Дзяржаўнае агенцтва па рэгуляванні лекаў і прадукцыі аховы здароўя Вялікабрытаніі зацягвала працэдуру выдачы ліцэнзіі на экспарт у Беларусь таблетак марфіну. Акрамя таго, Грушкоўскі абвінаваціў шведскую кампанію Molnlycke Health Care у адмове пастаўляць у Беларусь перавязачныя матэрыялы, неабходныя для паліятыўнага лячэння дзяцей. Польская кампанія Tarchomin Pharmaceutical Works Polfa S.A., сказаў ён, адмовілася пастаўляць лекі для лячэння эпілепсіі і саматычных захворванняў.

Брытанская кампанія Atnahs Pharma UK Limited, паводле яго слоў, спыніла экспартаваць на беларускі рынак прэпараты для лячэння астэапарозу, а фінская Orion Corporation — для лячэння хваробы Паркінсана і розных форм раку.

Падобныя факты, на яго думку, «пацвярджаюць, што палітычна матываваныя санкцыі прыводзяць да блакіроўкі доступу да шэрагу крытычна важных медыкаментаў для найбольш уразлівых: дзяцей, пажылых людзей, асоб, якія пакутуюць ад анкалагічных і іншых цяжкіх захворванняў», а гэта не суадносіцца «з дэклараванымі» заходнімі краінамі «гуманітарнымі выняткамі» пры рэалізацыі санкцыйнай палітыкі».

Беларусі «практычна поўнасцю ўдалося пераадолець наступствы санкцыйных абмежаванняў у сферы паставак медабсталявання і вырабаў медпрызначэння», заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка 26 студзеня.