У Беларусі пачала працаваць дастаўка лекаў

«Белпошта» разам з трыма дзяржаўнымі аптэчнымі сеткамі запусцілі новую паслугу. Якія рэгіёны яна ахоплівае і колькі каштуе?

_belarus_lida_centr_2023_fota_novy_czas__4__logo.jpg

«Белпошта» запусціла новую паслугу — дастаўку лекаў на дом. Пакуль яна працуе толькі з дзяржаўных аптэк і не ва ўсіх рэгіёнах, піша Office Life.

ДЗЕ МОЖНА ЗАМОВІЦЬ ЛЕКІ НА ДОМ?

У Мінску і Мінскім раёне, Віцебску і Віцебскім раёне, а таксама ў Барысаве. Партнёрамі «Белпошты» сталі дзяржаўныя аптэчныя сеткі: «Белфармацыя», «Віцебская Фармацыя» і «Мінская Фармацыя».

ЯК ХУТКА ДАСТАВЯЦЬ?

Дастаўку абяцаюць дзень у дзень, калі заказ зроблены да 15:00 у будні і да 11:00 у выходны, і назаўтра, калі пазней.

КОЛЬКІ КАШТУЕ ДАСТАЎКА?

Пры замове лекаў агульным коштам больш за 50 рублёў — бясплатна, калі менш — за дастаўку прыйдзецца заплаціць 8 рублёў. Такі кошт паслуг па дастаўцы лекаў для юрыдычных асоб устанавіла «Белпошта».

Глядзіце таксама

ЧАМУ ТОЛЬКІ ГЭТЫЯ АПТЭКІ?

Прыватнікам дагэтуль не дазвалялі арганізаваць дастаўку лекаў на дом, іх інтэрнэт-крамы працуюць толькі на збор і самавываз прэпаратаў з афлайнавых аптэк.

Выключэнне было зроблена ў пандэмію каранавіруса: тады на падставе ўказа № 143 ад 24 красавіка 2020 года «аб падтрымцы эканомікі» прыватная сетка аптэк Adel, напрыклад, атрымала дазвол на рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў па-за памяшканнямі аптэк — гэта значыць на дастаўку на дом. Тэрмін дзеяння гэтага дазволу скончыўся 1 ліпеня 2020 года.