Леанід Заіка: Cпецыялістам ЖКГ беспрацоўе не пагражае

Беларуская жыллёва-камунальная гаспадарка — гэта адзін вялікі міф і шмат праблем. Як назаўсёды вырашыць праблемы ЖКГ, мы паспрабавалі высветліць у эканаміста, кіраўніка аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леаніда Заікі.

zkh.jpg


Мы плацім за паслугі?

Што заўсёды здзіўляе: кошт паслуг ЖКГ падвышаецца з года ў год і з месяцу ў месяц. І таксама з года ў год чыноўнікі ад ЖКГ сцвярджаюць: насельніцтва аплачвае толькі каля 40% выдаткаў (у 2016 годзе, праўда, сказалі пра 50%). Дзіўна: тарыфы растуць штогод, а аплачвае насельніцтва ўсё роўна палову.

— Гэта ўсё у межах тарыфаў натуральных манаполій, — кажа Леанід Заіка. — Тарыфы падвышаюцца таму, каб у чыноўнікаў былі заробкі, прэміі, і ім лягчэй жылося. Гэта выключна лабісцкія захады. І слушна павышаюць, — таму што людзі маўчаць. Да тых часоў, пакуль людзі будуць маўчаць — будуць павышаць тарыфы.

Праблема аплаты ЖКГ — гэта найперш праблема 70% насельніцтва, якое жыве ў гарадах. Тыя, хто жыве ў вёсцы, за ЖКГ амаль не плацяць. Першае, што б я зрабіў: гэта набыў бы ў падарунак міністру ЖКГ цеплавізар. Другое: папрасіў бы кіраўніка дзяржавы пазычыць верталёт, каб міністр разам з прэм’ерам увечары праляцелі над Мінскам і праз цеплавізар пабачылі, дзе адбываюцца ўцечкі цяпла. Зараз, зімою, можна са спадарожніка зрабіць фотаздымкі гарадоў, і мы пабачым, што на фоне белага снегу будзе шмат зялёных сцяжынак — гэта бачная ўся структура цеплаправодных сетак. Яны грэюць зямлю, — і за гэта мы плацім. Тыя, хто жыве ў гарадах, павінны ведаць, што 49% цяпла ў зімовы час застаецца ў трубах.

Камунальнікі настойваюць, каб мы аплачвалі «падагрэў зямлі». Што рабіць? Альбо адключаць трубы, альбо рабіць іх цеплаізаляцыю. Але найлепшы спосаб — увогуле адмовіцца ад такога спосабу ацяплення.

Электрычнасць. Электрычнасць у нас выпрацоўваецца, збольшага, з газу, але ёсць альтэрнатыва — ставіць сонечныя батарэі. Калі нашы міністры ў гэта не вераць, я запрашаю іх з’ездзіць у Германію: у прыгарадах Берліну сонечнымі батарэямі абсталяваны кожны дом. Немцы лічыць умеюць, і таму ад 30 да 50 працэнтаў электрычнасці можна набіраць «сваёй».

У нас рэгулярна павышаюцца тарыфы на вываз і перапрацоўку смецця. Мяне гэта вельмі здзіўляе. Перапрацоўка смецця — звышпрыбытковая справа, і нездарма ў Італіі смеццем займаецца мафія. А пачынаць трэба з усталёўкі вэб-камер на смеццевых пляцоўках. Чаму? Смеццезборачныя машыны ў нас прыязджаюць па раскладзе. А смецця ў кантэйнерах можа быць 20% ці 50%. Праз камеры рацыянальна распрацоўваецца маршрут, так зрабілі эстонцы.

Каналізацыя: можна набыць сістэмы ачысткі вады і каналізацыі французскай вытворчасці з каэфіцыентам 98%. Калі невялікі дом, на 10–15 кватэр, — усё перапрацоўваецца на месцы. Мой брат набыў такую на свой дом: «перапрацаванай» вадой можна паліваць участак, мыць машыну…

Леанід Заіка

Леанід Заіка


Злы МВФ

Нам кажуць, што давядзення ўзроўню аплаты «камуналкі» да ста працэнтаў патрабуе Міжнародны валютны фонд. З-за яго і павышаюцца тарыфы.

— Я працаваў у Вашынгтоне ў Сусветным банку, а будынак МВФ знаходзіўся якраз насупраць. Мы стасаваліся з тымі банкірамі, і я кажу — не трэба хлусіць. Ні МВФ, ні Сусветны банк нічога ад нас не патрабуюць. Мы ім, па вялікім рахунку, «да зоркі». Яны выдаюць крэдыты, на гэтым зарабляючы грошы. МВФ — гэта звычайная бізнес-арганізацыя, якая пад 1% бярэ свабодныя грошы ў добра працуючых шведаў і немцаў, і дае іх пад 4% кепска працуючым украінцам і беларусам. Таму, калі нехта піша, што МВФ нешта «патрабуе» ад беларусаў, спачатку павінна быць фраза: «Мы, бяздарна ажыццяўляючы эканамічную палітыку, засталіся без грошай і вырашылі іх пазычыць. Каб нам пазычыць грошы, крэдыторы МВФ кажуць: «Калі вы не рацыяналізуеце вашу камунальную гаспадарку, мы вам грошай не дамо, таму што вы не здолееце іх нам вярнуць». «Патрабаванне» МВФ — гэта размова нармальных людзей, якія хочуць, каб грошы ім былі вернутыя. Яны на гэтым зарабляюць, з гэтага яны маюць заробкі па сто тысяч долараў на год.


Колькі каштуе ЖКГ?

Лукашэнка некалі казаў, што ён можа падняць заробак да 1000 ці 2000 еўра, але «тады вы будзеце поўнасцю аплачваць усе выдаткі». І дадаў, што грамадства да гэтага не гатовае. Але, калі нават камунальнікі не змаглі дакласці Лукашэнку тарыфы, ці можам мы казаць, які кошт поўнай аплаты камунальных паслуг?

— Па-першае, ніводны кіраўнік дзяржавы ні ў адной краіне свету не ў стане асабіста ўзняць заробкі ў два разы. Па-другое, тое, што зараз паказваюць камунальнікі, часцяком звязана з неабходнасцю іх сустрэч з пракурорам. Таму што ў выдаткі яны ўпісваюць што заўгодна. Нават кіраўніку дзяржавы камунальнікі не сказалі, колькі каштуе літр чыстай вады, у колькі абыходзіцца кілаграм бытавых адкідаў, колькі каштуе гігакалорыя цяпла…

Увогуле, разлікі выдаткаў на ўтрыманне жылля павінны рабіць не камунальнікі. Гэта павінны рабіць незалежныя спецыялісты. Мы можам сфармаваць групу навукоўцаў з Акадэміі навук: фізікаў, матэматыкаў, спецыялістаў у галіне перадачы энергіі, цеплаінжынераў, — і на працягу паўгода яны ўсё вымераюць. Альбо замовіць маніторынг шведам ці немцам. Яны выведуць усё з дакладнасцю да капейкі, паколькі ў іх усе гэтыя паслугі дакладна пралічаныя.

241487.jpg


Якая жыроўка «справядлівая»?

Калі мы не ведаем, які сабекошт жыллёва-камунальных паслуг, то і разлічыць «справядлівую» жыроўку ў нас не атрымаецца?

— Ніякіх праблемаў! — кажа Заіка. — Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, і кошты на тарыфы ў нас павінны складацца на ўзроўні рэгіёну. Бярэм «жыроўку» Літвы, Польшчы, Калінінграда, і атрымліваем прыкладную суму, якая павінна быць у нас. Тут лічыць нічога не трэба. Я лічыў яшчэ ў 1990-я, у мяне атрымлівалася, што адзін пакой павінен абыходзіцца ў 50 долараў. Гэта па максімуме, улічваючы «савецкі» тып ацяплення і энергазберажэння.

Канешне, для нашага чалавека аддаць за двухпакаёўку сто долараў — гэта дорага. Але, дзеля справядлівасці, адзначу, што ва ўсім свеце аплата жылля складае 25% сукупнага даходу сям’і. У нас сярэдні заробак 370 рублёў, працуюць жонка і муж, разам зарабляюць 740 рублёў. Па сусветных правілах, за жыллё яны павінны плаціць 185 рублёў, то бок прыкладна тыя ж сто долараў. Праўда, у свеце ў гэтыя 25% уваходзяць грошы на аплату крэдыту за жыллё.

Жыллё, асабліва ў гарадах, не павінна быць танным. З іншага боку, у нас ёсць кампаніі, якія прадаюць паслугі інтэрнэту па 30–50 долараў. У нас выдаткі на інтэрнэт і мабільную сувязь могуць быць большыя, чым камунальныя паслугі. І людзі ідуць на гэта, каб трашчаць па тэлефоне альбо посціць у сацсеткі фоты коцікаў.


Як не плаціць за ЖКГ увогуле?

— Самыя вялікія камунальныя плацяжы — гэта цеплаэнергія, 49% якой губляецца ў трубах. Праблема вырашаецца элементарна. У Літве, Польшчы, Германіі, нават у Расіі яе вырашаюць усталёўкай індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў. Абразаем трубы, ставім аўтаномную кватэрную сістэму ацяплення. Па-першае, не трэба глядзець тэлевізар, каб даведацца, калі ацяпленне ўключаць ці выключаць. Па-другое, ужо ніхто не скажа: «Вы сядзіце на наркатычнай ігле нашых цепластанцыяў, і мы будзем вам падымаць тарыфы, а вы будзеце гэта ўсё аплачваць».

Гэтае пытанне вырашаецца на працягу 15 хвілін — кіраўнік дзяржавы падпісвае ўказ пра заахвочванне ўстаноўкі індывідуальных сістэм ацяплення жылля для грамадзян Беларусі. Паставіць і наладзіць газавы кацёл — справа аднаго дня. Мой знаёмы гаспадар цырульні вывеў кватэру з жыллёвага фонду і паставіў там кацёл. Але яму год спатрэбіўся, каб сабраць розныя даведкі і атрымаць дазвол на ўсталёўку абсталявання.

А ўвогуле, па словах эканаміста, у краіне трэба змяніць падыход да забудовы. «Беларусы даўно заслужылі права жыць ва ўласных дамах. Калі, канешне, яны лічаць сябе гаспадарамі краіны», — зазначае Заіка.

— Сёння амаль любы жыхар Беларусі ў стане пабудаваць свой дом, паставіць сонечныя батарэі, добрыя вокны і дзверы, зрабіць функцыянальным ацяпленне, а потым прыводзіць у госці міністра ЖКГ, прэм’ера і кіраўніка дзяржавы ды паказваць, колькі гэта каштуе. Гэта будзе не вельмі дорага. Я б стымуляваў менавіта такое будаўніцтва.

Будаўнічыя тэхналогіі даўно пайшлі наперад. Можна будаваць дамы каркасныя, драўляныя… У межах 20 тысяч долараў можна паставіць нармальны дом. Вялікія дамы — гэта 60-я гады мінулага стагоддзя. Трэба адыходзіць ад старой забудовы, ад старых дамоў, калі трубы спачатку кладуць, потым дастаюць. Сучасны дом — практычны. Стаўце водныя насосы на 70 метраў — ідзе вада 14 градусаў цяпла, можна дом адразу ацяпляць. Сонечныя батарэі, газавы кацёл — і ніхто нікому нічога не плаціць. Чалавек жыве ва ўласнае задавальненне і не глядзіць у квіткі, дзе яму напісаны прыгавор: колькі ён павінен плаціць за падагрэў зямлі.

infohrafika___taryfy_zkh_3_bw.jpg


Зямлю — народу

Індывідуальнае будаўніцтва таксама ўпіраецца ў праблему прыватнай уласнасці на зямлю, якога ў нас, фактычна, няма. Але і гэта, паводле слоў Заікі, кіраўнік дзяржавы можа вырашыць адным указам.

— Запрасіў у Адміністрацыю прэзідэнта дзве тэлегрупы і ва ўрачыстай абстаноўцы выдаў першыя зямельныя сертыфікаты. Усё. А зямля і так прадаецца. Сёння яе прадаюць чыноўнікі, яны на гэтым сядзяць і могуць быць на гэтым доларавымі мільянерамі. Мне адзін бізнесовец плакаўся: за выдзяленне ўчастка пад забудову ў Мінску з яго запатрабавалі хабар у мільён долараў.

Чыноўнікі прысабечылі зямлю, а потым кажуць пра «тарыфы, выдаткі» і гэтак далей. Зямлю трэба даваць маладым, студэнтам, выпускнікам, спецыялістам. Навошта маладыя едуць у будаўнічыя атрады ў нейкія іншыя краіны, замест таго, каб будаваць свае дамы?


Беспрацоўя не будзе

Але такім чынам ліквідуецца амаль уся сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Што будуць рабіць тысячы чыноўнікаў, якія зараз займаюцца… Праўда, мы не ведаем, чым.

— Не пераймайцеся, не здарыцца беспрацоўя! У мяне на ЖЭС — усяго два слесары-сантэхнікі! У маім раёне — два ВНУ, Інстытут павышэння кваліфікацыі і Універсітэт культуры. І ўсе рыхтуюць менеджараў. Сотні студэнтаў-менеджараў — ды ў нас столькі прадпрыемстваў няма, каб яны імі кіравалі! А на дзве тысячы кватэр — два сантэхнікі. Так што не бойцеся: спецыялістам ЖКГ беспрацоўе не пагражае.