«Пераўвільгатненне глебы» — падстава для прымусовай працы?

Пракуратура Мінскай вобласці таксама не знайшла падстаў для правядзення праверкі па факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне.

Уборка кукурузы ў Вілейскім раёне. Фота "Наша Ніва"

Уборка кукурузы ў Вілейскім раёне. Фота "Наша Ніва"



У сваім адказе праваабаронцу Валянціну Стэфановічу пракуратура паведаміла, што згодна з ч.2 арт. 13 Працоўнага кодэкса прымусовай працай лічыцца работа, якая выконваецца работнікам пад пагрозай прымянення якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння.

“У апісаных у звароце матэрыялах, распаўсюджаных у сетцы Інтэрнэт, не маецца звестак, якія сведчаць пра пагрозу прымянення якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння да работнікаў прадпрыемстваў Вілейскага раёна пры прыцягненні іх да выканання сельскагаспадарчых работ”, пазначана ў лісце за подпісам першага намесніка пракурора Мінскай вобласці Б. Пятроўскага.  

Акрамя таго, пракуратура Мінскай вобласці ўказвае, што грамадзяне, якія непасрэдна аказвалі дапамогу сельгасарганізацыям ва ўборцы кукурузы, не звярталіся і не скардзіліся на прымусовую працу ні да іх, ні ў пракуратуру Вілейскага раёна, а праваабаронца не мае права на такі зварот, бо не з’яўляецца прадстаўніком асобаў, чые правы былі парушаныя.

“З дадзеным адказам я не згодны і лічу, што ён сведчыць аб нежаданні органаў пракуратуры праводзіць пракурорскую праверку па ўказаных у паведамленнях СМІ фактах парушэнняў заканадаўства і правоў грамадзян.

Таксама хацелася б адзначыць, што міжнародныя нормы права, якія забараняюць прымусовую працу, разумеюць у якасці такой не толькі працу пад пагрозай якога-небудзь гвалтоўнага ўздзеяння, але і любую іншую абавязковую працу”, кажа Валянцін Стэфановіч і звяртае ўвагу на арт. 1 Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 105, арт. 8 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт.6 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Не менш цікавы адказ прыйшоў праваабаронцу і з Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

“Мне адказалі, што пры выкананні сельскагаспадарчых працаў па ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне грамадзяне прыцягваліся да працы наймальнікамі ў адпаведнасці з распараджэннем Вілейскага райвыканкаму ў абавязковым парадку ў сувязі з “вытворчай неабходнасцю”. Дадзеная “вытворчая неабходнасць”, па меркаванні старшыні камітэту А.А.Семянчука, заключалася ў “пераўвільгатненні глебы” і немагчымасці выкарыстання тэхнікі пры ўборцы кукурузы”, адзначае Валянцін Стэфановіч.

Аднак, у адпаведнасці з ч. 2 арт. 33 Працоўнага кодэксу вытворчай неабходнасцю прызнаецца неабходнасць для дадзенага наймальніка прадухіленне катастрофы, вытворчай аварыі ці неадкладнай ліквідацыі іх наступстваў альбо наступстваў стыхійнага бедства, прадухіленне няшчасных выпадкаў, прастою ці псавання маёмасці і ў іншых выключных выпадках. Пры гэтым супрацоўнік не можа быць пераведзены на працу, якая супрацьпаказаная яму па стане здароўя.

“Такім чынам “пераўвільгатненне глебы”, у выніку якой не было магчымасці выкарыстоўваць тэхніку для ўборкі кукурузы, відавочна не з’яўлялася выпадкам вытворчай неабходнасці. Акрамя таго, не зразумела, якім чынам такая вытворчая неабходнасць з’яўлялася неабходнасцю канкрэтных наймальнікаў, якія ажыццяўлялі перавод сваіх супрацоўнікаў. Напрыклад, якім чынам немагчымасць выкарыстання тэхнікі канкрэтным сельскагаспадарчым прадпрыемствам Вілейскага раёна пры ўборцы кукурузы, магло ўтвараць вытворчую неабходнасць для прадпрыемства “Зеніт-БелОМА”, размешчанага ў г. Вілейка?” задаецца пытаннем праваабаронца.

Ён звяртае ўвагу і на тое, што згодна з ч.4 арт. 33 Працоўнага кодэкса, часовы перавод у сувязі з вытворчай неабходнасцю ў іншую мясцовасць (за адміністратыўна-тэрытарыяльныя межы населенага пункта, у якім размешчанае прадпрыемства наймальніка) дапускаецца толькі з пісьмовай згоды працаўніка. А згодна з ч.6 арт. 30 Працоўнага кодэкса, пры пераводзе на іншую працу паміж наймальнікам і супрацоўнікам заключаецца працоўная дамова з выкананнем патрабаванняў арт. 18 і 19 дадзенага кодэкса.

Органы пракуратуры, Мінскі абласны камітэт не правялі праверку наяўнасці пісьмовых заяваў супрацоўнікаў аб згодзе іх часовага пераводу для працы ў іншую мясцовасць, наяўнасць заключаных працоўных дамоваў і факт правядзення праверкі наймальнікам  наяўнасці ці адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў у супрацоўнікаў для выканання такой працы, не былі апытаныя прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемстваў, якія накіроўвалі сваіх супрацоўнікаў на сельскагаспадарчыя працы, не былі апытаныя і супрацоўнікі на прадмет добраахвотнасці такой працы.

Акрамя таго, не была дадзеная ацэнка законнасці распараджэння Вілейскага райвыканкаму ад 14 лістапада № 412 р “Аб аказанні дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям раёна ў прыборцы пачаткаў кукурузы”.

Цяпер Валянцін Стэфановіч звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, якую просіць правесці ўсё ж такі пракурорскую праверку, у выпадку ўстанаўлення фактаў парушэння працоўнага заканадаўства з боку мясцовых выканаўчых органаў улады прыняць меры па адмене незаконных распараджэнняў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а пракурору Вілейскага раёна і пракурору Мінскай вобласці ўказаць на неабходнасць своечасовага рэагавання на паведамленні аб парушэннях законнасці на тэрыторыі раёна.

Нагадаем, у сярэдзіне лістапада сродкі масавай інфармацыі змясцілі фотаздымкі, на якіх добра бачна, што людзі збіраюць пад снегам ўраджай кукурузы.

24 лістапада да праваабаронцаў “Вясны” патрапіў дакумент, які пацвердзіў інфармацыю аб факце прымусовай працы на ўборцы кукурузы ў Вілейскім раёне.

spring96.org