Магія лічбаў
На тым тыдні адзін брытанскі матэматык заявіў, што знайшоў пацверджанне «гіпотэзы Рымана», — адной з «загадак тысячагоддзя», прынцыпу размеркавання простых лічбаў, якія дзеляцца толькі на адзінку і на саміх сябе. Трэба запрасіць гэтага чалавека ў Беларусь, каб ён хаця б паспрабаваў навучыць матэматыцы і логіцы нашых чыноўнікаў.
У той час, калі матэматыкі ламаюць галовы над новымі формуламі, Міністэрства фінансаў Беларусі падрыхтавала праект бюджэту на 2019 год. Раздзел па выдатках на пагашэнне дзярждоўгу папросту ўражвае. Паводле разлікаў чыноўнікаў, за 2019 год выдаткі краіны на пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу дасягнуць 8,7 мільярда рублёў. З гэтай сумы на пагашэнне асноўнага доўгу пойдзе 5,7 мільярда рублёў, абслугоўванне працэнтаў — 3 мільярды.
У праект бюджэту Мінфін заклаў курс долара на ўзроўні 2,2160 рубля за долар. Такім чынам, у пераліку на валюту выдаткі дзяржавы на запазычанасць за 2019 год складуць каля 3,9 мільярда USD.
Пры гэтым сукупныя даходы рэспубліканскага бюджэту чакаюцца на ўзроўні 23,5 мільярда рублёў, выдаткі — 21,8 мільярда.
Шляхам немудрагелістых падлікаў мы высвятляем, што, калі б у нас не было знешніх крыніц фінансавання (то бок новых крэдытаў), выдаткі на дзярждоўг занялі б 40% усіх выдаткаў бюджэту!
Грошы нам неабходныя — але яны неабходныя ўсім. Нам, як высвятляецца, яны неабходныя крытычна і тэрмінова. Таму Лукашэнка ў Сочы так і насядаў на Пуціна наконт крэдыту ў мільярд долараў. Для Беларусі крытычна важна аптымізаваць графік запазычанняў, каб у выніку краіна не прыйшла да дэфолту.
Як казаў той жа Лукашэнка, з Пуціным наконт новага крэдыту яны «паразумеліся». І добра, што гэтыя грошы будуць накіраваныя на рэфінансаванне нашых пазыкаў перад Расіяй — то бок, будуць толькі лічбамі і не трапяць у Сінявокую, а пяройдуць з аднаго маскоўскага банку ў іншы.
Таму што наконт «фізічных» грашовых адзінак вялікія праблемы ў самой Расіі. Валютная «падушка» нашага стратэгічнага партнёра сціснулася да крытычнай адзнакі, паведамляюць расійскія эканамісты. У верасні запасы свабоднай валюты ў расійскіх банках упалі да гістарычнага мінімуму. Гаворка ідзе пра наяўную валюту, альбо актывы, якія пры неабходнасці могуць быць хутка канвертаваныя ў наяўныя сродкі.
З красавіка «валютная падушка» сціснулася на 10 мільярдаў долараў, а астатнія сродкі ледзь пакрываюць усе ўклады насельніцтва (87 мільярдаў долараў). Тым часам з красавіка фізасобы забралі з рахункаў больш за 5 мільярдаў долараў. Яшчэ 13 мільярдаў долараў вывелі юрыдычныя асобы.
Справа ў тым, што народ і інвестары напалоханыя заходнімі санкцыямі, і таму вырашаюць больш не мець справы з банкамі. Грошы «ў панчохах» зараз падаюцца больш надзейнымі: яны, у выпадку чаго, пад санкцыі не падпадуць.
Аб’ём даступных банкам сродкаў «дазваляе пакрыць абавязацельствы перад фізічнымі асобамі ў валюце на 97%, калі не будзе панікі, і кліенты не будуць масава выводзіць валюту з банкаўскай сістэмы», — кажуць расійскія эканамісты. То-бок, 3% расійскіх укладчыкаў ужо могуць мець складанасці са сваімі банкаўскімі рахункамі. А калі паніка будзе?
Так што атрымліваць знешняе фінансаванне (нават ад Расіі) нам будзе ўсё цяжэй і цяжэй — асабліва на фоне адмовы ад перамоваў з МВФ наконт чарговага крэдыту. А выплаты па дзярждоўгу будуць расці і расці.
Канешне, крэдыты — не адзіны спосаб прыцягнення грошай у беларускую эканоміку. Ёсць яшчэ і інвестары. Але нашая ўлада падклала гэтым інвестарам такую свінню, што пасля яе звязвацца з намі будуць хіба толькі для «адмывання грошай».
Размова ідзе пра знос будынкаў дзвюх рэстарацый — «KFC» і «Burger King» ля метро «Каменная горка» ў Мінску. Зразумела, што гэтыя сеткі фаст-фуду — не апошнія гульцы на сусветным рынку з вялікімі грашыма. Але Мінгарвыканкам вырашыў, што пры будаўніцтве гэтых аб’ектаў грамхарчу некалькі гадоў таму памыліліся работнікі Мінгарвыканкаму.
Патэнцыйная шкода інвестару — 4,5 мільёна долараў. Падаецца, калі гэта памылка чыноўнікаў — улада і павінна адказваць за гэтыя памылкі. Але не — кампенсаваць страты ніхто не збіраецца.
Пасля такога пра інвестыцыйны клімат трэба маўчаць. Паглядзеўшы на нашы «прыватызацыйныя кейсы» — як дзяржава «кідала» інвестараў пачынаючы ад «Балтыкі» і заканчваючы «KFC» і «Burger King», да нас пойдзе альбо вельмі «таксічны» капітал (чытай — адмыванне грошай), альбо толькі той, які не разбіраецца ў беларускіх рэаліях. Хаця не разбірацца ў беларускіх рэаліях пасля такога наўрад ці хто будзе.
І яшчэ адна цікавая навіна ад Мінбудархітэктуры. Падаецца, у нас зноў з’явіцца аналаг «хрушчовак». Міністр архітэктуры і будаўніцтва Дзмітрый Мікулёнак, каментуючы праект стратэгіі развіцця будаўнічай галіны Беларусі да 2025 года, паведаміў, што чыноўнікі «маюць намер» прапанаваць планіроўкі кватэр (такая задача ўжо стаіць), якія будуць «аптымізаваныя» ў параўнанні з тым, што цяпер ёсць на рынку, — мінімум на 10–15% паменшыць плошчу аднапакаёвых, двухпакаёвых, трохпакаёвых кватэр. Маўляў, гэта знізіць кошт самой кватэры, што зробіць яе больш даступнай для людзей.
Пры гэтым Мікулёнак, адказваючы на пытанне аб прагнозе па сярэдняй цане квадратнага метра, заявіў, што яго кошт будзе трымацца ў дыяпазоне сярэдняй зарплаты, «як гэта назіраецца цяпер».
Падаецца, гэта ўсё, што трэба ведаць пра беларускіх чыноўнікаў і Мінбудархітэктуры. Сярэдні заробак у Беларусі за жнівень 2018 года склаў 987,5 рублёў — паводле дадзеных Белстата, якія (пра што мы неаднаразова казалі) далёкія ад рэаліяў. Паводле дадзеных Realt.by, па такім кошце на ўмовах 100-працэнтнай аплаты можна набыць кватэру толькі ў Бабруйску. Нават у абласных цэнтрах кошт «квадрату» складае ад 1188 рублёў, не кажучы ўжо пра Мінск. І нават у аграгарадку Калодзішчы за 10 кіламетраў ад сталіцы кошт жылля — ад 1650 рублёў за квадрат.
Нашы чыноўнікі жывуць у сваёй, паралельнай рэальнасці, якая не мае анічога агульнага з нармальным ходам жыцця. Таму і не дзіўна, што яны ўвесь час памыляюцца, а потым гэтыя памылкі вылазяць бокам не толькі інвестарам, але і краіне ў цэлым.
І, можа, нават запрашэнне замежнага матэматыка ў якасці настаўніка ім не дапаможа.