Месца сябра Чавеса зойме сябра Маралес?
Усе ведаюць, што Лукашэнка злётаў у Каракас, дзе прыняў удзел у пахаванні прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Беларускі кіраўнік эмацыянальна, як у нас кажуць, смуткаваў са слязамі на вачах, але да канца цырымоніі не дачакаўся. Венесуэльцы вырашылі расцягнуць пахаванне яшчэ на некалькі дзён.
Як адзначыла яго прэс-служба, Лукашэнка быў адным з ганаровым гасцей. І не проста ганаровым, а першым. І адразу ж у народзе з’явілася анекдатычная намінацыя: “Першае месца па апошніх развітаннях у складзе ганаровага…” А ёсць яшчэ анекдот, як Лукашэнка дзеліць лічыльнік на нуль у назоўніку. І таму прыкладам, гандлёвы таваразварот з Венесуэлай, які павысіўся да мільярдаў. Што ні ў каго не атрымлівалася, таму што з’яўляюцца рабамі нейкіх там правіл.
Прыкладам летась, калі нафту ў Чавеса куплялі па 973 долары за тону, а ў Расіі — па 402 долары, то венесуэльская нафта падвышала знешнегандлёвы зварот у 2,5 разы хутчэй, чым тоны расійскай сыравіны. Калі б мы заплацілі Расіі столькі, колькі Чавесу, то для выканання плану па таваразвароту дастаткова ў Беларусь завесці 8,5 млн. тон, а не 21,3 млн. Як кажуць, вучыцеся гаспадарыць! Натуральны анекдот.
Магчыма, што грошы пайшлі на аплату беларускімі будаўнікамі, тэндару на будаўніцтва аграгарадкоў у сельве Арынока. Бо калі паверыць Надзеі Каткавец, нічога лепей за аграгародкі для калгаснага жыцця прыдумаць нельга. Зразумела, за такую асалоду трэба і сваімі прыплаціць.
Як паведамляе яго прэсавая служба, Лукашэнка паспеў папярэдне дамовіцца з прэзідэнтам Балівіі Эва Маралесам наконт таго, каб наладзіць з ім супрацоўніцтва па венесуэльскаму ўзору. Лукашэнка распавёў Маралесу, што яны з Чавесам выпрацоўвалі сумесны план дзеянняў адносна Балівіі. І нават збіраліся яго прапанаваць для выканання балівійскаму прэзідэнту. І паспачуваў калегу: “На жаль, нам давядзецца працягваць гэту справу”.
Як паведамілі, гаворка ішла пра трохбаковыя праекты (сумесна з Балівіяй), якімі з беларускага боку, як звычайна, апякацца давядзецца Віктару Шэйману. Маралес папрасіў Лукашэнку дапамагчы ў развіцці сельскай гаспадаркі, будаўніцтве аграгарадкоў і жытла, здабычы прыродных выкапняў і ў падрыхтоўцы кадраў.
Усё гэта зразумела, але застаецца тое ж пытанне, што і раней, — адкуль грошы. Нават нафтавыя праекты, у лепшым выпадку, стратныя. А што да астатняга, то Беларусь не лічыцца канкурэнтаздольнай на знешніх рынках. Калі лацінаамерыканцы імкнуцца да мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і ўсяго грамадства, то партнёры ў іх павінны быць іншымі.
Калі ўлічваць, што ў Беларусі таксама быццам бы загававылі пра неабходнасць мадэрнізацыі краіны, то ёй мэтазгодна ладзіць добрыя стасункі з лідарамі. Не толькі з еўрапейскімі краінамі, але і з Японіяй, якая стварыла мадэрновую краіну і грамадства, захаваўшы свае культурныя, цывілізацыйныя адметнасці. Зразумела, Беларусі лепей сябраваць з усімі, але ў адрозненні ад вялікіх дзяржаў, яна амаль вольная ў выбары сяброў. Захацелі — пасварыліся з ЗША, а яны нам нічога зрабіць не могуць.
Дакладней, пакуль не хочуць. Таму нічога дрэннага не трэба чакаць ад ЗША, за тое, што Лукашэнка дэманстратыўна выказвае пачуццё салідарнасці з антыімперыялістычнай барацьбой той жа Кубы.
Зразумела, Лукашэнку карціць пагуляць у рэвалюцыянераў, у камандантэ. Адсюль такія эскапады. Але перамагае бухгалтарскі ўлік. Таму рэвалюцыі — хвілінку, бізнэсу — гадзіну. Ужо на першай пасля вяртання з Каракасу сельскагаспадарчай нарадзе Лукашэнка завёў сваю ўлюбёную песню. Маўляў, самае галоўнае — гэта пытанні эфектыўнай працы, прыбытковасці, грошай. І яшчэ раз паабяцаў (я-ш-ч-э р-а-з!), што спісання крэдытаў больш не будзе.
Насамрэч, гэта гульня слоў, якую не зразумеў пры жыцці Уга Чавес, і якую зараз спрабуе Лукашэнка патлумачыць Маралесу.