На рэйках агрэсара. У мінскае метро прыбыў першы цягнік расійскай вытворчасці
Састаў, выпушчаны на прадпрыемстве, датычным да вытворчасці ваеннага абсталявання і непасрэднай агрэсіі супраць Украіны, даставілі ў Беларусь — учора дзяржаўныя СМІ паказалі яго фота. Да такога кроку прывяло знішчэнне чыгуначнай галіны і спыненне працы адзінага паспяховага і перспектыўнага чыгуначнага завода «Stadler Minsk».
Напрыканцы лютага 2023 года стала вядома, што для Мінскага метрапалітэна, у прыватнасці для абслугоўвання другой чаргі Зеленалужскай лініі, якую ўлады абяцаюць адкрыць 7 лістапада, плануецца закупіць новыя саставы цягнікоў. Тады дырэктар падземкі Уладзімір Сотнікаў распавёў, што па выніках праведзенага тэндару іх будзе пастаўляць «Метравагонмаш» — расійскае прадпрыемства з падмаскоўных Мыцішчаў, уключанае Дзяржаўным дэпартаментам ЗША ў санкцыйны спіс як кампанія, якая ўдзельнічае ў вытворчасці ваеннай тэхнікі.
Праз спыненне работы паспяховага беларуска-швейцарскага прадпрыемства «Stadler Minsk», якасная прадукцыя якога ўжо абслугоўвае мінскі метрапалітэн і Беларускую чыгунку, адзіным «канкурэнтам» у тэндары застаўся толькі «Кастрычніцкі электравагонарамонтны завод». Пецярбургскае прадпрыемства таксама ўваходзіць у склад кампаніі «Трансмашхолдынг» і нават выпускае тыя ж самыя мадэлі цягнікоў — 81-775 «Масква» (якую пад назвай «Мінск» паставілі ў беларускую сталіцу), абноўленую «Масква-2020» і дзве ўласныя мадэлі для піцерскага метро.
У 2022 годзе расійскія чыноўнікі прыцягнулі «Трансмаш» да вытворчасці дэталяў для баявых машын пяхоты. Даччынае прадпрыемства «Метровагонмаш» пачало займацца вытворчасцю ваеннай тэхнікі, у тым ліку шасі для расійскіх РЛС класа «зямля-паветра», сістэм узбраення і некалькіх варыянтаў браніраваных гусенічных машын.
Акрамя прадпрыемства ў санкцыйны спіс патрапіў і яго прэзідэнт Андрэй Бокараў — расійскі алігарх, уладальнік савета дырэктараў іншых расійскіх чыгуначных машынабудаўнічых кампаній, чалец праўлення Расійскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў. Ён мае асабістыя сувязі з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі Крамля ды іх сем'ямі.
Напачатку ўварвання ва Украіну вытворчасць цягнікоў і саставаў метро ў Расіі рэзка скарацілася да катастрафічна нізкіх паказчыкаў. Так, у красавіку і ліпені 2022 года краіна-агрэсарка не вырабіла ніводнага вагона метро, а сумарны спад выпуску рухомых саставаў за першае паўгоддзе склаў 42%. У жніўні «Трансмашхолдынг» пацвердзіў, што вытворчасць і адгрузка прадукцыі аднавілася — у першую чаргу для Масквы. Пры гэтым цягнікі новага пакалення «Масква-2020» патрабавалі вялікай колькасці камплектуючых заходняй вытворчасці, якія сталі недаступнымі з-за санкцый.
Гэты фактар, разам з магчымым пераломам становішча ў вайне, выклікаў багата надзей, што мінчукам не прыйдзецца перасаджвацца на расійскія вагоны, а родны «Stadler» зможа аднавіць выпуск ужо звыклай беларусам еўрапейскай прадукцыі. Тым не менш, учора першы чатырохвагонны цягнік вытворчасці «Метравагонмашу» прыбыў у мінскае электрадэпо. Мадэль афарбавана ў бела-сіні «сгушчоначны» ўзор і перайменавана ў «Мінск». На кабіне знаходзіцца герб сталіцы, надпіс на беларускай мове ды лагатып метрапалітэна.
АНТ у рэпартажы «На саюзных рэйках» адзначае, што ў цягніку ўсё выканана «па апошнім слове тэхнікі»: маецца мультымедыйная сістэма (маніторы з кірункам), кандыцыянеры і сістэма ачышчэння паветра. Усё гэта было як у беларускім «Штадлеры», так і ў любым еўрапейскім цягніку гэтага стагоддзя. Паводле дзяржаўнага тэлеканала, расійскія цягнікі пачнуць перавозіць пасажыраў у верасні.
А што іншыя?
За год да пачатку поўнамаштабнага ўварвання той жа расійскі «Метравагонмаш» выйграў тэндар на пастаўку 40 новых вагонаў для Тбіліскага метрапалітэна. Конкурс на пастаўку вагонаў быў арганізаваны пры суфінансаванні Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, які прыпыніў выплату каля 50 мільёнаў еўра за вагоны з-за расійскай агрэсіі ва Украіне. У траўні стала вядома, што Сакартвэла адмаўляецца ад вытворчасці прадпрыемства, якое суправаджае агрэсію супраць суверэннай дзяржавы.
«Сакартвэла прымяняе міжнародныя фінансавыя санкцыі. Такім чынам, мэрыя Тбілісі не мае намеру супрацоўнічаць з кампаніяй, якая трапіла пад санкцыі, і кантракт з «Метровагонмашем» будзе скасаваны», — гаворыцца ў паведамленні на сайце адміністрацыі горада.
Мэр сталіцы Каха Каладзэ падкрэсліў, што гораду не давядзецца плаціць за скасаванне кантракта, паколькі «Метравагонмаш» падвергнуўся санкцыям і кантракт быў скасаваны ў аднабаковым парадку. Мэрыя не будзе ўдзельнічаць у разглядзе, бо гэта быў тэндар, абвешчаны ЕБРР і праведзены ў адпаведнасці з іх правіламі, дадаў ён.
Венгрыі ў якасці выключэння з санкцый дазволілі супрацоўнічаць з расійскім «Метравагонмашам» для абслугоўвання вагонаў метро Будапешта. Падсанкцыйнае прадпрыемства абслугоўвае вагоны, якія ходзяць на трэцяй лініі (M3) метро венгерскай сталіцы. У 2017 годзе кампанія рамантавала саставы, а летась у карпарацыі публічнага транспарту Будапешта заявілі, што дзевяць з 37 вагонаў на гэтай лініі, якія праходзілі мадэрнізацыю ў расійцаў, не могуць ехаць. Тэрмін іх эксплуатацыі ацэньваўся не менш як у 30 гадоў.
У спіс выключэнняў з тавараў, якія дазволілі пастаўляць у Венгрыю, унесены вагоны метро, трамваі, бяспечнае шкло, некаторыя механізмы і клапаны, індыкатарныя панэлі і іншае абсталяванне. Дазволена таксама аказанне тэхнічнай дапамогі.