Наступствы недальнабачнасці

«Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі стабільная, хаця і няпростая», — так ахарактарызаваў сучасны стан краіны віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў падчас сустрэчы з журналістамі. Незалежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што ў Беларусі даўно прагрэсіруе сістэмны крызіс дзяржаўных інстытуцыяў, што моцна перашкаджае цяперашнім намерам урада пераадолець эканамічныя праблемы.



65b9eea6e1cc6bb9f0cd2a47751a186f.jpg

«Сітуацыя ў эканоміцы Беларусі стабільная, хаця і няпростая», — так ахарактарызаваў сучасны стан краіны віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў падчас сустрэчы з журналістамі. Незалежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што ў Беларусі даўно прагрэсіруе сістэмны крызіс дзяржаўных інстытуцыяў, што моцна перашкаджае цяперашнім намерам урада пераадолець эканамічныя праблемы.

Схавацца пад валютную «падушку»

Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў адзначыў, што складанасці звязаныя з адкрытасцю айчыннай эканомікі — доля экспарту ў валавым унутраным прадукце краіны складае больш за 70 працэнтаў. Для параўнання віцэ-прэм’ер прывёў дадзеныя па Расіі і Украіне — 30 і 40 працэнтаў адпаведна. За 11 месяцаў 2008 года таваразварот з Расіяй склаў каля 32 мільярда долараў, з ЕС — 21 мільярд. Чыноўнік адзначыў, што Беларусь крызіс закрануў значна пазней, чым краіны-суседкі: у знешнегандлёвых партнёраў упаў спажывецкі попыт, і толькі мінулай восенню гэта пачало адбівацца на нашай краіне.

Каб пераадолець фінансава цяжкія часы, урад распрацаваў шэраг мер. З іх спадар Кабякоў назваў павелічэнне статутных фондаў дзяржбанкаў, гарантаванне банкаўскіх ашчаджэнняў, абмежаванне авансавых плацяжоў, скарачэнне бюджэту, рашэнне  пераацаніць запасы, кантроль за імпартнымі закупкамі. Акрамя таго, кіраўніцтва краіны спрабуе лібералізаваць, то бок спрасціць умовы для вядзення бізнесу. Прымаюцца меры, каб забяспечыць стабільную працу валаўтваральных прадпрыемстваў (па словах віцэ-прэм’ера, іх 166), кожнае з іх кантралюецца.

Палегчыць жыццё абраным урадам прадпрыемствам плануецца крэдытамі, стварэннем і падтрымкай таварных сетак за мяжой, аптымізацыяй выдаткаў і грашовай дзяржпадтрымкай, у прыватнасці будуць паніжаныя тарыфы на энергарэсурсы, часова адмененыя мыты.

Падправіць сітуацыю ў цэлым кіраўніцтва краіны збіраецца за кошт крэдытных сродкаў. Праўда, на другі дзень пасля выступлення віцэ-прэм’ера стала вядома, што Расія адмовіла Беларусі ў пазыцы 100 мільярдаў рублёў. Накіраваць гэтыя грошы планавалася на падтрыманне ўзроўню ўзаемнага гандлю паміж Беларуссю і Расіяй. «У іх былі ў лістах лічбы — 100 мільярдаў рублёў. Мы гэта нават не разглядаем», — заявіў намеснік Міністэрства фінансаў Расіі Дзмітрый Панкін. Мінулай восенню Масква ўхваліла вылучэнне Беларусі дзяржаўнага крэдыту ў 2 мільярда долараў, з якіх 1 мільярд быў пералічаны Мінску яшчэ ў лістападзе. Другі транш крэдыту будзе перададзены Беларусі пасля падпісання плану сумесных дзеянняў дзвюх краін па пераадоленні наступстваў сусветнага фінансавага крызісу.

Гэтыя грошы плануецца накіраваць на стварэнне «падушкі» бяспекі для падтрымання золатавалютных рэзерваў і дадатнага сальда плацежнага балансу. Намеснік старшыні Нацбанка Павел Калаур паведаміў, што ў студзені назіраецца скарачэнне паступлення валютных сродкаў. З улікам міжнародных крэдытаў, якія Беларусь ужо атрымала, золатавалютныя запасы паменшыліся на 100 мільёнаў долараў. Усяго на 1 студзеня 2009 года золатавалютныя рэзервы склалі 3,061 мільярда долараў.

Міністр эканомікі Мікалай Зайчанка спрагназаваў ВУП на канец бягучага года на ўзроўні 100 працэнтаў, то бок без росту. Гадавыя паказчыкі развіцця эканомікі ўрад хутчэй за ўсё перагледзіць, ацаніўшы сітуацыю па выніках першага квартала.

Крызіс галавы

Пасля публічнага выступлення прадстаўнікоў беларускага ўраду, ацэнку эканамічнаму становішчу краіны паспрабавалі даць незалежныя эканамісты і прадстаўнікі свабоднага прафсаюза, сабраўшыся за адным дыскусійным сталом.

Беларусь найперш перажывае сістэмны крызіс, які пачаўся яшчэ ў 1990-я гады. І гэта толькі пагаршае фінансавую сітуацыю. Эканамічная мадэль развіцця краіны не была гатовая да неспрыяльных перамен. Запазычанасць, якая з’яўлялася цягам апошніх гадоў, лёгка сплочвалася за кошт звышпрыбыткаў ад гандлю нафтаю і нафтапрадуктамі. Ад абвалу ратаваў рост імпарту аб’ёмаў нафты, на якую ў гэты час раслі кошты. Гэта была вялікая ўдача для краіны. Але яна не скарысталася рэсурсамі для мадэрнізацыі прадпрыемстваў, у выніку ўся высокатэхналагічная вытворчасць адстала ад сусветных тэндэнцый. Цяпер мы можам спаборнічаць толькі ў галінах, якія звязаныя з перапрацоўкай сыравіны ды сумежных з імі.

Абвал коштаў на нафту выклікаў праблемы з выплатамі кароткатэрміновых пазыкаў. Але насцярожвае, што выконваецца стары план дзеяння эканомікі: прадпрыемствы па-ранейшаму працягваюць імкнуцца выканаць паказчыкі, даведзеныя зверху, і працуюць на склад. «Мы не здолелі прыстасавацца да крызісу, і гэта — галоўная праблема. Гавораць, што ў нас няма фінансавых рынкаў і мы не залежым ад крызісу. Але крызіс звёў да нуля магчымасці кароткатэрміновых пазык. Інвестары спынілі сваю працу. Такім чынам, магчымасці для фінансавання дэфіцыту зменшыліся. Доля дзяржаўнай запазычанасці, у параўнанні з мінулым годам, істотна вырасла. Ці хопіць сродкаў апошніх пазыкаў?» — задае пытанне эканаміст Аляксандр Чубрык.

Былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч да ацэнкі цяперашняй сітуацыі падыходзіць менш скептычна. «Мяне крытыкуюць, што абараняю ўлады, але на пачатак гэтага года сітуацыя ў эканоміцы Беларусі склалася не такая ўжо і дрэнная. Рост валавога ўнутранага прадукту — дзесяць працэнтаў за год, дзяржаўны бюджэт у плюсе. Органы дзяржкіравання трымаюць на сваіх рахунках дзесяць трыльёнаў рублёў. То бок яны крэдытуюць банкі, а не банкі іх, — адзначае эксперт. — Што такое крызіс, мы бачым па высокаразвітых краінах. Гэта дэфіцыт бюджэту, рост беспрацоўя, неліквіднасць банкаўскай сістэмы, крызіс дэпазітнага і крэдытнага яе складнікаў. Калі адкінуць дэталі, то мы знаходзімся толькі на пачатку шляху, мы яшчэ толькі ідзём да крызісу».

Паводле Багданкевіча, у Беларусі фінансавы крызіс пакуль праявіўся ў асобных сферах: першае — гэта дэфіцыт гандлёвага балансу (6,2 мільярда долараў складае адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі. У параўнанні з 2007-м гэта больш на 44,7 працэнта), што стварае ўмовы для жыцця ў пазыку. Інфляцыя ў краіне выражаецца двухзначнай велічынёй і залежыць ад лішкаў грашовай масы. Адбываецца збаласаванне цэнаў з гэтай масай, кошты вымушаныя расці, і ўказамі іх не спыніш. Другая прычына інфляцыі — адсутнасць канкурэнцыі на рынку. Калі ў першым вінаваты Нацыянальны банк, які праводзіў несамастойную палітыку, то ў другім вінаватыя ўлады, якія не далі магчымасцяў развівацца малому бізнесу.

Глабальны паказчык, які гаворыць, што мы маем праблему ў сферы малога бізнесу, — удзельная вага імпарту ў валавым прадукце. «Калі ён складае 70 працэнтаў, то гэта гаворыць, што ў нас няма нацыянальнай эканомікі. Я тысячу разоў прапаноўваў на тры гады вызваліць сямейны бізнес ад якіх-кольвек падаткаў. Магчыма, гэтае ўзбагачэнне людзей было б не заўсёды справядлівае, але гэта дазволіла б стварыць абаротны капітал і ўзняць узровень жыцця ўсяго грамадства», — адзначае Станіслаў Багданкевіч.

Выйсце ёсць?

Эканамісты сышліся ў меркаванні, што напрыканцы мінулага года на штучнае падтрыманне беларускага рубля былі змарнаваныя вялікія сродкі. Дэвальвацыю можна было пачаць на пару месяцаў раней, патлумачыўшы, чым выкліканыя гэтыя непапулярныя меры.

«На ўнутраным рынку попыт на імпарт усё яшчэ высокі, бо беларускі рубель адносна стабільны. Урад трымае рубель, і насельніцтва гэтым карыстаецца. Цяпер праз тое, што еўра моцна патаннеў у адносінах да долара, Нацбанк прыйшоў фактычна да тых жа пазіцый, з якіх пачынаў, — тлумачыць Аляксандр Чубрык. — І будзе вымушаны пайсці на далейшую дэвальвацыю. Калі пачаць дэвальвацыю, то давер да нацыянальнай валюты канчаткова страціцца. Людзі паздымаюць дэпазіты. У Нацбанка рэзерваў, каб выплаціць дэпазіты, хопіць. Але ў банкаў грошай няма. Нацбанк мусіць надрукаваць грошы і выдаць іх іншым банкам. Атрымліваецца, мы ратуем банкі, але не ўтрымаем курс», — падсумоўвае эканаміст.

Аляксандр Чубрык падзяліўся вынікамі аналізу і прагнозам, які зрабілі незалежныя эканамісты: «Мы зрабілі макраэканамічную мадэль беларускай эканомікі па вельмі лагоднаму сцэнару. Уявім сабе, што Нацбанк будзе праводзіць жорсткую манетарную палітыку, то бок не будуць друкавацца грошы — мы заклалі прырост грашовай масы на працягу года толькі на 20 працэнтаў — і будзе трымацца дадатная стаўка рэфінансавання. На сённяшні дзень 13,3 працэнта — значна ніжэй за сапраўдную інфляцыю. Урад робіць свае захады па лібералізацыі эканомікі. У выніку мы атрымалі нулявы рост ВУП па выніках года, падзенне рэальных заробкаў, блізкі да нуля рост інвестыцыяў, спажывання. Карэктуецца наш знешні гандаль. Цяпер у нас дэвальвацыя меншая, чым у Расіі, і надалей нам давядзецца істотна дэвальвавацца, каб падтрымаць экспарцёраў».

Палітолаг Віталь Сіліцкі адзначыў, што для ўладаў абменны курс — своеасаблівы сацыяльны кантракт, за кошт якога насельніцтву гарантуецца стабільнасць: «Калі забраць гэта, то трэба прапанаваць нешта ўзамен. А прапанаваць няма чаго».

Цяпер, паводле экспертаў, усё залежыць ад дзеянняў урада. Былі названыя магчымыя крокі, якія маглі б знівеляваць наступствы эканамічнага крызісу: дэбюракратызаваць эканоміку, панізіць падаткі для рэальнага сектара, закрыць ці рэфармаваць стратныя прадпрыемствы, змяніць працэнтную крэдытную палітыку, утаймаваць інфляцыю, пазбавіцца ад складскіх запасаў ды іншыя. Але найперш у дзяржаве мусіць быць вяршэнства закона, што дало б суб’ектам гаспадарання ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Пры ўсіх негатыўных фактарах удзельнікі дыскусіі сышліся ў меркаванні, што гэты год — год велізарных эканамічных і палітычных магчымасцяў. Ёсць верагоднасць наблізіць да ўвасаблення ў рэальнасць тое, што затрымлівалася дзяржаўнай машынай гадамі. І гэтым трэба карыстацца, каб рэфармаваць