Наталля Рабава: «Калі мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад»

У Беларусі прайшла міжнародная канферэнцыя «Пошук новага балансу: як зрабіць адпаведнай сістэму дзяржаўнага кіравання выклікам, якія стаяць перад Беларуссю». Вынікі мерапрыемства падводзіць дырэктар Школы маладых публічных адміністратараў (SYMPA), сацыёлаг Наталля Рабава.



— Наталля, наколькі правядзенне гэтай канферэнцыі актуальнае для нашай краіны?

— Узровень жыцця падае. Кожны адчувае гэта на сваёй скуры. І людзі разумеюць, што трэба нешта рабіць. Пра гэта ж фактычна сказаў памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, які публічна заявіў, што ў нас ёсць людзі ў заходніх касцюмах, але ці ёсць у нас людзі з заходнімі мазгамі, якія дазваляюць праводзіць гэтыя рэформы?

Рэфармаваць нашу эканоміку трэба, але на дадзены момант нераспрацаваны механізм правядзення гэтых рэформаў. Таму цэнтральным пытаннем нашай канферэнцыі мы паставілі, хто і як гэта будзе рабіць.

— І хто ж?

Зараз сітуацыя складваецца наступным чынам: чыноўнікі, згодна даследаванню BISS, у цэлым жадаюць рэформ, але няма ніякай выразнай стратэгіі іх паводзін. І кіраўнік дзяржавы прама гаворыць, што «будзем «рэзаць» гэтых рэфарматараў». Зразумела, гэта не вельмі спрыяе жаданню дзяржслужачых нешта мяняць.

— Да ўдзелу ў канферэнцыі былі прыцягнутыя вельмі сур’ёзныя эксперты з розных краін: Літвы. Эстоніі. Расіі, Казахстана, Грузіі. Чаму былі выбраныя менавіта гэтыя краіны?

Таму што гэта краіны з агульным мінулым. Літва — наш сусед, які перабудаваў  сістэму дзяржаўнага кіравання па лякалах Еўрапейскага Саюза. Казахстан рэфармуецца вельмі сур’ёзна ужо дастаткова шмат гадоў і заяўляе пра яшчэ большыя амбіцыі ў гэтай сферы. Грузія вядомая ўсяму свету сваімі кардынальнымі крокамі ва ўсіх галінах. Эстонія — флагман у сферы прымянення электроннага ўраду.

Выступы экспертаў былі вельмі цікавымі, і нам, як арганізатарам, было вельмі шкада перарываць спічы некаторых выступоўцаў з-за часовых абмежаванняў.

Дарэчы, на канферэнцыі прысутнічалі таксама выступаючыя спікеры з дзяржорганаў Беларусі.

Мы ж пры арганізацыі гэтага мерапрыемства не ставілі мэтай выпрацаваць нейкую падагульняючую рэзалюцыю і потым за яе прагаласаваць, а хацелі прадаставіць пляцоўку для дыялогу, магчымасць выказаць розныя меркаванні і падзяліцца сваім назапашаным досведам.

— Ці ўдалося знайсці агульную мову з прадстаўнікамі дзяржструктураў?

Практычна паўсюль узнікалі супярэчнасці. Электронны ўрад, па меркаванні прадстаўнікоў улады, у цэлым патрэбны. Але ён мяркуе нейкі давер да грамадзян і правядзенне рэформ у цэлым. А з гэтым у нас, як вядома, праблемы.

— Можаце сказаць, досвед якой краіны нам найбольш прымальны і актуальны?

Досвед Эстоніі нам найбольш цікавы ў галіне электроннага ўраду. Грамадзянін можа не толькі атрымліваць сэрвісы анлайн, але і актыўна ўдзельнічаць у жыцці краіны — абмяркоўваць нарматыўна-прававыя акты, галасаваць і г.д. Там зараз нават ёсць магчымасць атрымання электроннага грамадзянства.

Грузія нам цікавая той думкай, што нельга капіяваць чужы досвед, нават самы ўдалы. Дзяржава, у ідэале, павінна ўзяць на сябе ролю суддзі і назіраць за захаваннем выпрацаваных правілаў, а не старацца перайграваць іншых гульцоў.

Досвед Казахстана нам таксама вельмі цікавы. Краіна датэрмінова ўвайшла ў топ-50 краін з самай канкурэнтаздольнай эканомікай і цяпер хоча ўвайсці ў топ-30. Мы на гэты фоне выглядаем неяк зусім непераканаўча.

— Дык усё ж па якому шляху нам рухацца наперад: казахстанскаму, эстонскаму, грузінскаму?

З аднаго боку, нам нельга браць чужое адзенне і нацягваць яго на сябе. Але з другога, працэс кройкі і шыцця сукенкі не ўнікальны. Таму нам трэба больш уважліва прыгледзецца хоць б да досведу суседніх краін і ўзяць з яго лепшае. Таксама неабходна паставіць адпаведныя мэты і задачы, а потым вымяраць вынікі.

— Чаму дыялог з прадстаўнікамі дзяржаўных структур развіваецца так, мякка кажучы, няпроста?

Калі б не было бюджэтных дзірак, то дыялогу, напэўна б, увогуле не атрымалася. Але таму што ў нас сур’ёзныя праблемы з напаўняльнасцю бюджэту, пытанне «хочацца ці не хочацца рэформаў», папросту не стаіць. Гэта проста суворая неабходнасць.

— Які вынік канферэнцыі?

Мы ўбачылі інтарэс з боку дзяржорганаў, грамадскасці да найбольш перспектыўных напрамкаў развіцця беларускага грамадства. Мы ўсвядомілі гатоўнасць да дыялогу. Спадзяюся, што тыя думкі і інструменты правядзення магчымых рэформаў, пра якія мы гаварылі на канферэнцыі, будуць неяк пачутыя. З усімі вынікаючымі.

— Наталля, наколькі гэта рэалістычна?

Не думаю, канешне, што наша канферэнцыя пераламала сітуацыю. Але мы прадставілі пляцоўку для выказвання поглядаў і пазіцый па сітуацыі ў краіне. Гэтая сітуацыя няпростая, і мы кіруемся толькі жаданнем яе змяніць да лепшага.

Вельмі крыўдна ўсведамляць, што калі мы стаім на месцы, нашы суседзі ідуць наперад.