Не было б шчасця…

…Дык гора дапамагло. Гэта можна сказаць пра вынікі тыдня — тыя, якія не тычацца (альбо не вельмі тычацца) каронавіруса. Так, ёсць у нас і збольшага суцяшальныя навіны.

Фота www.neg.by

Фота www.neg.by


Нагадаем, што праблема ў нас не толькі ў распаўсю­дзе заразы. Ад пачатку года беларускія ўлады чухалі патыліцу, дзе ўзяць нафту для нашых нафтаперапрацоўчых заводаў. У гэтым плане «дысконт» АПЕК, якія пачалі збіваць цэны на сыравіну, стаўся сапраўдным падарункам. Рынкавая вартасць нафты ўпала да 27 долараў за барэль, і на гэтым фоне Расія хуценька прыняла рашэнне аднавіць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ.

Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі перамаўляліся па тэлефоне па гэтым пытанні і «адзначылі дасягненне прынцыповых дамоўленасцяў па параметрах супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў у нафтавай сферы, якія дазволяць забяспечыць пастаўку расійскіх вуглевадародаў на беларускія НПЗ у поўным аб’ёме». Пага­дзіцеся, гучыць гэта так, быццам Беларусь зрабіла ласку, пагадзіўшыся ўзяць у перапрацоўку расійскую нафту.

Праўда, некаторыя яшчэ варушацца. ТАСС са спасылкай на неназванага прадстаўніка «Раснафты» распаўсюдзіў яго заяву пра тое, што рашэнне аб аднаўленні паставак нафты ў Беларусь «Раснафтай» прынята на ўмовах прэміі 5 долараў за тону да цаны, якую прапаноўвала кампанія. Праўда, крыніца не паведаміла, у якія тэрміны і ў якіх аб’ёмах будзе ажыццяўляцца гэтая пастаўка.

Гэтая заява, напэўна, адкінула «Раснафту» ў самы канец спісу прэтэндэнтаў на кантракт з Беларуссю. Прэм’ер Сінявокай Сяргей Румас адрэагаваў жорстка. Паводле яго слоў, пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь будуць ажыццяўляцца па цэнах, якія не прадугледжваюць выплату прэміі расійскім нафтагазавым кампаніям.

«Беларусь з канца мінулага года вяла перамовы аб тым, што нафта для перапрацоўкі на нашы заводы расійскімі кампаніямі павінна пастаўляцца без прэміі. Мы дасягнулі дамоўленасці з расійскім урадам, што ўсе расійскія кампаніі змогуць пастаўляць нафту без прэміі», — сказаў Румас.

Ён нагадаў, што раней прэмія для расійскіх пастаўшчыкоў нафты складала 11,7 долара. З гэтай прэміі 7 долараў зніжаюць кампаніі. А рэшта ў 4,7 долара будзе ўрэгуляваная міжбюджэтнымі разлікамі. То-бок урад Расіі возьме яе аплату на сябе.

А ўвогуле заяўкі на пастаўку нафты на беларускія НПЗ на другі квартал падалі аж восем расійскіх кампаній. І таму выбіраць ёсць з каго. У першую чаргу, адзначыў Румас, Беларусь абярэ тых, хто дапамог з пастаўкамі нафты ў першым квартале або прапануе больш выгадныя ўмовы ў параўнанні з іншымі пастаўшчыкамі. «Гэта кампаніі Гуцырыева, невялікія кампаніі. Ім пры іншых роўных умовах будзе аддадзены безумоўны прыярытэт… І яшчэ далёка не факт, што «Раснафта» апынецца ў ліку пастаўшчыкоў», — заявіў Румас.

Адзінае, над чым варта падумаць, — гэта спрадвечнае пытанне «беларускай эканамічнай мадэлі». Ужо неаднаразова казалася, што цяпер важна не стварыць прадукцыю, а прадаць яе. І вялікае пытанне, па якіх коштах і каму мы прададзім тое паліва, што выйдзе ў выніку з нашых НПЗ, — асабліва ва ўмовах крызісу авія- і аўтаперавозак.

Тым не менш, ва ўрадзе палічылі абнадзейваючым факт таго, што пастаўшчыкі нафты сабраліся да нас у чаргу, і пачалі задумвацца наконт мераў дзяржпадтрымкі, якую трэба было б аказаць тым ці іншым галінам гаспадаркі і бізнесу на фоне запаволення росту эканомікі з-за пандэміі каронавіруса. Як паведаміў першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, цяпер улады аналізуюць меры падтрымкі, прынятыя ў іншых краінах, а таксама магчымую шкоду эканоміцы Беларусі з тым, каб вызначыцца, чым і як дапамагчы, і ці дапамагчы ўвогуле. Будуць, напэўна, улічаныя і прапановы бізнес-саюзаў, пра якія ўжо пісалася.

«Там вельмі вялікі спіс (прапаноў). Плюс мы глядзім тыя рашэнні, якія прынятыя еўрапейскімі краінамі, Расіяй, ЗША. Паглядзім, можа быць, нешта цікавае з гэтых дакументаў для сябе возьмем», — дадаў першы віцэ-прэм’ер.

Пакуль жа сярод захадаў для стымулявання дзелавой актыўнасці — рэкамендацыі Нац­банка камерцыйным банкам увесці «крэдытныя канікулы», а Міністэрства па падатках і зборах Беларусі разглядае магчымасць прадастаўлення падатковых вакацый прадпрыемствам.

Яшчэ адна навіна не можа не цешыць. Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2020 года ў Швейцарыі адменены. Адпаведнае рашэнне апублікавала прэс-служба Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе (IIHF). Як адзначаецца ў дакуменце, рашэнне было прынятае пасля абмеркавання з усімі зацікаўленымі бакамі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса.

Чаму навіна ўсцешвае? Таму што раней разглядалася магчымасць перанесці ЧС–2020 у іншую краіну, а мы ведаем, як да зімовых відаў спорту ставіцца наш правадыр. Яшчэ не паспела забыцца сітуацыя з прыездам да нас чэмпіянату па біятлоне — у поўную адсутнасць снегу. А федэрацыя хакею ўсур’ёз абмяркоўвала пытанне аб пераносе турніру ў Беларусь. Але адмовілася ад гэтай ідэі. Гэта ж колькі грошай мы зэканомілі!

Па прагнозах адмыслоўцаў, пандэмія каронавіруса можа працягнуцца год альбо два. Пандэмія — гэта, канешне, кепска. Але пад пытаннем пакуль што застаецца і наступны ЧС па хакеі, які павінен прайсці ў Беларусі і Латвіі ў наступным годзе. Тут ужо не ведаеш, што і думаць: ці маліцца пра спыненне каронавіруса, ці пра тое, каб ён патрываў яшчэ крышачку.

А пакуль уся краіна сыходзіць у добраахвотны каранцін, самымі трывалымі салдатамі застаюцца 110 беларускіх дэпутатаў парламента. 2 красавіка павінна пачацца сесія Палаты прадстаўнікоў, і пра яе адмену пакуль не паведамлялася. Дый як можна яе адмяніць, калі першым (і, падаецца, галоўным) яе пытаннем будуць… Не, нават не прэзідэнцкія выбары. Нашы дэпутаты павінны ратыфікаваць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Еўрасаюзам.

Па словах кіраўніка Пастаяннай камісіі па міжнародных справах ППНС Андрэя Савіных, якога мы стала ведаем як прэс-сакратара МЗС, гэтае пагадненне «будзе ратыфікавана ў прыярытэтным парадку. Гэта будзе 2, максімум 3 красавіка».

Калі парламент ратыфікуе гэтае пагадненне, кошт Шэнгенскай візы для беларусаў знізіцца да 35 еўра. І, калі эпідэмія пойдзе на спад, ЕС пачне адкрываць межы, пагадненне набудзе моц, што дазволіць грамадзянам Беларусі атрымліваць таннейшыя візы.

Дзеля гэтага варта рызык­нуць здароўем!