Каронавірус у свеце: чвэрць насельніцтва планеты ў каранціне

З уступленнем у сілу жорсткіх абмежаванняў у Індыі па меншай меры чвэрць 7,8-мільярднага насельніцтва планеты апынулася ў той ці іншай ступені пад каранцінам. Тым часам Іспанія абнавіла рэкорд смяротнасці ад каронавіруса, Італія ў чарговы раз робіць больш жорсткімі абмежавальныя меры барацьбы з захворваннем, у Брытаніі парламент спыніць працу на месяц.

corona_5.jpg

Руанда, Каліфорнія, Новая Зеландыя, Нью-Ёрк — па ўсёй планеце прыпыняюць працу заводы і кавярні, а людзей на вуліцах гарадоў становіцца ўсё менш.
У чацвер у поўнач каранцінныя меры плануюць увесці ў ПАР. Большасць жыхароў не змогуць выйсці з дома на працягу 21 дня. Раней такія ж меры ўвялі ў Індыі. Каранцінныя меры плануюць увесці і ў тых амерыканскіх штатах, дзе яшчэ гэтага не зрабілі
ААН заснавала фонд для ахвяраванняў бедным краінам. Чальцоў арганізацыі просяць ахвяраваць па два мільярды долараў, каб дапамагчы самым уразлівым рэгіёнам справіцца з успышкай Covid-19.

Брытанія: заразіўся прынц Чарльз, лонданскае метро зніжае пасажырапаток

У Брытаніі каронавірус выявілі ў спадкаемцы, прынца Чарльза. Заражэнне вызначылі шляхам тэставання. У заяве Букінгемскага палаца гаворыцца, што ў 71-гадовага прынца слабыя сімптомы і ў цэлым ён адчувае сябе добра.
У Лондане тым часам узмацняюць барацьбу з пасажырамі, якія карыстаюцца грамадскім транспартам без крайняй неабходнасці.

На мінулым тыдні ў Брытаніі зачыніліся пабы і рэстараны, а таксама многія станцыі метро

На мінулым тыдні ў Брытаніі зачыніліся пабы і рэстараны, а таксама многія станцыі метро

Пасля таго як у аўторак у інтэрнэце з’явіліся фатаздымкі запоўненых людзьмі цягнікоў падземкі, мэр горада Садзік Хан заклікаў паменшыць пасажырапаток. У сераду ў лонданскім метро уведзены меры па сацыяльным дыстанцыяванні, часткова адключаныя эскалатары і турнікеты, і зачыненыя платформы.
Хан у сераду заявіў, што пасажыраў стала менш на траціну, але гэтага недастаткова.
На станцыі метро і ў прыгарадныя цягнікі накіраваны 500 супрацоўнікаў брытанскай транспартнай паліцыі. Па словах кіраўніка падраздзялення Шона О’Галахана, яны будуць нагадваць грамадзянам аб неабходнасці выконваць рэкамендацыі ўрада.
Чакаецца, што ў сераду ўвечары прыпыніць працу брытанскі парламент, прыняўшы перад гэтым некалькі экстраных законаў, звязаных з пандэміяй.
У сталіцы Брытаніі каля трох тысяч заразіліся, ва ўсім Злучаным Каралеўстве — больш за восем тысяч. Члены Палаты абшчын спадзяюцца аднавіць сваю працу 21 красавіка.
Закрыццё брытанскага парламента з-за эпідэміі — гэта беспрэцэдэнтная мера. За ўсе трыста гадоў, што парламент засядае рэгулярна, ён ніколі не спыняў сваю працу, інакш чым на звычайныя канікулы, на перыяд выбараў і на прарагацыю — перапынак на падрыхтоўку праграмы ўрада. Брытанскі парламент працягваў працаваць нават падчас абедзвюх сусветных войнаў.

ЗША: губернатар Нью-Ёрка просіць аб дапамозе

Эндру Куома, губернатар штата Нью-Ёрк, на які прыпадае больш за палову выпадкаў заражэння ў ЗША, у сераду даў прэс-канферэнцыю. У штаце за апошнія суткі зафіксавана больш за пяць тысяч выпадкаў заражэння.
Куома заявіў, што запатрабаваў у прэзідэнта Трампа і Белага дома даць лякарням штата дадатковае абсталяванне і персанал.
Ён паабяцаў, што як толькі ў штаце пройдзе пік эпідэміі, яго ўлады адразу перададуць абсталяванне таму штату, які будзе ў той момант найбольш моцна цярпець ад каронавіруса.
Ён раскрытыкаваў рашэнне кангрэса вылучыць гіганцкі пакет фінансавай дапамогі ў два трыльёны долараў. Па словах Куома, Нью-Ёрку з гэтага пакета дастанецца каля 1,3 млрд, а штат ужо выдаткаваў на барацьбу з каронавірусам 3,8 млрд долараў.

corona_3_2.jpg

Куома заклікаў маладых людзей быць асцярожнымі і «не гуляць у супергерояў», а таксама абвясціў, што ў Нью-Ёрку ў рамках каранцінных мер закрыюць для транспарту асобныя вуліцы.
У аўторак прэзідэнт Дональд Трамп на прэс-канферэнцыі заявіў, што бачыць «святло ў канцы тунэля», і краіне, на яго думку, атрымаецца пазбавіцца ад каронавіруса да Вялікадня, у сярэдзіне красавіка.

Сумны рэкорд у Іспаніі і сітуацыя ў Еўропе

За мінулыя суткі ў Іспаніі ад Covid-19 памерлі 738 чалавек, усяго ў краіне памерлі ад захворвання 3434 чалавека. З пачатку пандэміі ў краіне каронавірусам заразіліся больш за 47 тыс. чалавек.
Італія, якая найбольш пацярпела ад пандэміі, узмацніла пакаранне за парушэнне правілаў каранціну. Людзям, якія пасля дыягнаставання каронавіруса парушаюць рэжым самаізаляцыі, пагражаюць штрафы ў некалькі тысяч еўра і турэмнае зняволенне тэрмінам да пяці гадоў.
Прэм’ер-міністр Джузэпэ Контэ заявіў, што здагадкі аб падаўжэнні каранціну да ліпеня няслушныя, і ён будзе спынены як толькі будзе магчыма.
Колькасць памерлых у Італіі за апошнія суткі некалькі знізілася ў параўнанні з папярэднім днём. У сераду было абвешчана, што памерлі яшчэ 683 чалавека, такім чынам агульная колькасць смерцяў ад каронавіруса ў краіне вырасла да 7503. Было выяўлена 5210 новых выпадкі заражэння.

corona_4_1.jpg

Францыя стала пятай краінай у свеце, дзе колькасць памерлых ад Covid-19 перавысіла тысячу. Па словах кіраўніка генеральнай дырэкцыі аховы здароўя краіны Жэрома Саламона, іх можа быць больш, паколькі афіцыйная статыстыка ўлічвае толькі тых, хто памёр у шпіталях. Навукоўцы рэкамендуюць ураду падоўжыць каранцін на паўтары месяцы.

Амерыка і Азія: каранцін у Індыі і сітуацыя на рынках

Каранцін у Індыі беспрэцэдэнтны па строгасці і маштабах і мацней за ўсё ударыць па бедных слаях насельніцтва: людзям, якія працуюць прыслугай, вулічным прадаўцам, работнікам будоўляў. Яны складаюць асноўную частку рынку працы ў краіне і пры гэтым не маюць медыцынскай страхоўкі і магчымасці ўзяць аплачаны адпачынак па хваробе.
Некалькі штатаў — уключна з Утар Прадэшам, самым густанаселеным і адным з самых бедных штатаў у краіне — абвясцілі аб мерах прамой фінансавай дапамогі.

corona_5_1.jpg

Па дадзеных на сераду, у свеце налічваецца больш за 400 тысяч выпадкаў заражэння каронавірусам, колькасць смерцяў набліжаецца да 20 тысячаў.
Тым часам, азіяцкія фінансавыя рынкі станоўча адрэагавалі на навіны аб тым, што ў ЗША прэзідэнт Дональд Трамп і Сенат зацвердзілі пакет эканамічнай дапамогі насельніцтву і бізнесу ў 1,8 трлн долараў.
У сераду японскі індэкс Nikkei вырас на 7,9%, Hang Seng у Ганконгу — на 3,4% і аўстралійскі ASX — на 5%.

corona_6.jpg

Такім чынам, пасля працяглай турбулентнасці на фінансавых рынках, інвестары выказваюць надзею, што гіганцкі пакет фінансавай дапамогі, ухвалены ў ЗША, дапаможа згладзіць эканамічны ўдар ад каранціну па ўсім свеце.
Міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» праводзяць нараду ў рэжыме відэаканферэнцыі для абмеркавання плана барацьбы з пандэміяй каронавіруса. У чацвер у аналагічным фармаце адбудзецца саміт «Вялікай дваццаткі».
Як паведамляе карэспандэнт Бі-бі-сі Джонатан Маркус, з-за крызісу глабальная эканоміка адчувае беспрэцэдэнтны ціск, і таму рэакцыя міжнароднай супольнасці павінна быць скаардынаванай. Аднак, паводле яго слоў, у мінулым у надзвычайных сітуацыях ЗША праяўлялі сябе ў якасці сусветнага лідара ў вырашэнні сітуацыі, чаго не адбываецца цяпер, і, падобна, гэтым карыстаецца Кітай, які імкнецца перахапіць пальму першынства.
Канадскі парламент ухваліў выдзяленне 82 млрд канадскіх долараў (57 млрд долараў ЗША) ураду краіны для барацьбы з наступствамі пандэміі і падтрымкі эканомікі краіны. Ініцыятыву падтрымалі ўсе партыі. Рашэнне ўступіць у сіле пасля адабрэння сената.
У сталіцы Расіі памерлі два пажылых пацыенты са станоўчым тэстам на каронавірус, у іх таксама была пнеўманія, меліся спадарожныя паталогіі. Лік заражаных каронавірусам у краіне за суткі вырас на 163 чалавекі — да 658.
У чацвер з тэлевізійным зваротам да грамадзян выступіў прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Ён абвясціў пакет мер па барацьбе з каронавірусам.
Наступны тыдзень аб’яўлена нерабочым, галасаванне па папраўках у Канстытуцыю, прызначанае на 22 красавіка, будзе перанесенае на іншую дату.
Паводле Бі-Бі-Сі