Не прадаецца! Нягледзячы на спад вытворчасці ў Беларусі растуць складскія запасы
Як вядома, за студзень-ліпень прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася на 6,2% да ўзроўню 2021 года. Але і тое, што вырабілі, прадпрыемствы не могуць прадаць. Ва ўсіх рэгіёнах павялічыўся ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам.
На 1 жніўня 2022 года запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў склалі 8,024 млрд BYN у эквіваленце. У грашовым выражэнні прыбаўка ў складскіх запасах за 12 месяцаў склала 53,3%, канстатуюць banki24.by.
Кошты вытворцаў прамысловай прадукцыі ў ліпені ў параўнанні з ліпенем мінулага года выраслі на 15,8% і на столькі ж падняліся за 7 месяцаў у параўнанні з 7 месяцамі 2021-га. Таму рост складскіх запасаў за 12 месяцаў склаў у рэальным выражэнні больш чым 32%.
У параўнанні з сярэднямесячным аб'ёмам вытворчасці складскія запасы на справаздачную дату склалі 72,9% (паводле Белстата). Годам раней адносны ўзровень запасаў гатовай прадукцыі быў значна ніжэйшы — 54,2%.
Даведачна: за студзень-ліпень прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася на 6,2% да ўзроўню 2021 года. Выпуск за 7 месяцаў знізіўся ва ўсіх абласцях і ў Мінску: у Брэсцкай на 3,4%, у Віцебскай на 5,8%, у Гомельскай на 4,1%, у Гродзенскай на 4,7%, у Мінскай на 14,7%, у Магілёўскай на 4,4%, у Мінску на 1,8%.
На справаздачную дату на складах арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржкіравання, ляжала прадукцыя на суму 5,027 млрд BYN. Адносна сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці складскія запасы на 1 жніўня склалі 74,5% (48,5% годам раней).
На складах арганізацый, падпарадкаваных мясцовым органам улады, ляжала прадукцыя на 763 млн BYN. Адносна сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці складскія запасы на 1 жніўня склалі 41,7% (37,6% годам раней).
На складах арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці ляжала прадукцыя на 2,234 млрд BYN. Адносна сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці складскія запасы на 1 жніўня склалі 92,1% (80,5% годам раней).
Па Мінску ўзровень запасаў гатовай прадукцыі склаў 84,9% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці (81% годам раней). Грашовая ацэнка складскіх запасаў у сталіцы дасягнула 1,354 млрд BYN.
Лідарства ў грашовым эквіваленце запасаў захапіла Мінская вобласць з 1,630 млрд BYN на справаздачную дату. Узровень запасаў да сярэднямесячнага выпуску ў рэгіёне склаў 80,1% (76,4% годам раней). Самы высокі адносны ўзровень запасаў паказала Гродзенская вобласць — 91,7% ад сярэднямесячнага выпуску (61% годам раней). У грашах на складах рэгіёна ляжала прадукцыя на 1,188 млрд BYN.
У астатніх абласцях паказчыкі былі наступныя: Брэсцкая – 919,7 млн BYN (75,3% супраць 57,7%), Віцебская – 1,262 млрд BYN (88,9% супраць 44,4%), Гомельская — 1,049 млрд BYN (42% супраць 22,5%), Магілёўская — 622,4 млн BYN (66,3% супраць 52,8%).