Неба ўпала на зямлю
Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу і парламентарыям заявіў, што краіне неабходны якасны прарыў у эканоміцы. Рэалізацыя на практыцы ідэй Дырэктывы №4 аб
далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы, можа кардынальна змяніць дзейсную сістэму гаспадарання і павярнуць краіну ў новае рэчышча эканамічных
стасункаў.
Разгром
Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу і парламентарыям заявіў, што краіне неабходны якасны прарыў у эканоміцы. Рэалізацыя на практыцы ідэй Дырэктывы №4 аб
далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы, можа кардынальна змяніць дзейсную сістэму гаспадарання і павярнуць краіну ў новае рэчышча эканамічных
стасункаў.
Разгром
Праект Дырэктывы №4 «Аб мерах па лібералізацыі эканомікі і паляпшэнню дзелавога клімату ў Рэспубліцы Беларусь», які з’явіўся на сайце інтэрнэт-рэсурса «Беларускі
партызан», паказвае, што яго аўтары настроеныя арганізаваць рэвалюцыю ў эканамічным сектары. Аднак эксперты і суб’екты, на якіх будзе накіравана дзеянне Дырэктывы №4, да
распаўсюджанага дакумента ставяцца больш чым скептычна. Эканаміст Сяргей Чалы дакумент называе «злівам». «Гэта звышрадыкальны план, які раўназначны таму, каб неба ўпала на
зямлю. Такі план магчымы да рэалізацыі толькі ў выпадку скрайне кепскай эканамічнай сітуацыі, але гэтага пакуль не назіраецца. Думаю, што яго аўтары неяк звязаныя з прадпрымальніцкімі коламі,
магчыма, ідэі былі пазычаныя з нейкіх прапаноў бізнесоўцаў».
Паводле задумы Лукашэнкі і яго атачэння, галоўны прынцып новай стратэгіі дзелавой актыўнасці — канкурэнцыя ўзамен манаполіі. «Эканамічная свабода, абарона правоў уласнасці, адкрытая
канкурэнцыя і надзейныя інстытуты рынку — галоўныя фактары ўстойлівага росту дабрабыту краіны, мадэрнізацыі эканомікі і падвышэння якасці жыцця грамадзян, — канстатуюць аўтары
Дырэктывы №4. — Глабальны і ўнутраны крызіс абвастрыў неабходнасць актывізацыі структурных рэформаў. Рэсурс старых схем і механізмаў дзяржаўнага інвеставання, вытворчасці і размеркаванні
рэсурсаў вычарпаны. Пераадоленне крызісных з’яваў патрабуе гнуткасці інстытутаў і хуткасці прыняцця рашэнняў».
У праекце дакумента канстатуецца факт таго, што цягам апошніх дзесяцігоддзяў была створаная моцная і неэфектыўная сістэма цэнтралізацыі працэсу прыняцця інвестыцыйных, вытворчых і збытавых рашэнняў:
«Камерцыйныя арганізацыі пазбаўленыя неабходнай самастойнасці пры арганізацыі вытворчасці тавараў і паслуг. Міністэрствы і канцэрны не спраўляюцца з задачай правядзення якаснага аналізу
стану знешніх рынкаў. Яны не падаюць камерцыйным арганізацыям дакладнай маркетынгавай інфармацыі і яшчэ больш павялічваюць рызыкі «адмірання» капіталу». Далей пералічваецца
шэраг хібаў дзейснай эканамічнай сістэмы Беларусі: назапашванне інвестыцыйных памылак, пагаршэнне фінансавых паказчыкаў прадпрыемстваў і бюджэту, зніжэнне рэнтабельнасці вытворчасці і продажаў,
пагаршэнне плацежаздольнасці дзяржаўных, камерцыйных арганізацый, складаная сітуацыя ў банкаўскай сістэме.
Што доктар прапісаў?
Рэвалюцыйная Дырэктыва №4 прадугледжвае цэлы шэраг мерапрыемстваў, якія скіраваныя на вызваленне патэнцыялу ўнутранай эканомікі. Ніжэй пералічаныя найбольш важныя і насамрэч кардынальныя
рэформы.
• Скасаваць Камітэт па коштах пры Міністэрстве эканомікі Рэспублікі Беларусь, перадаць функцыю рэгулявання тарыфаў натуральных манаполій міністэрствам. Адмяніць цэнавае рэгуляванне на ўсе
тавары, паслугі і працы, за выключэннем тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, электраэнергію, газ, грамадскі транспарт, паслугі тэлефоннай сувязі (за выключэннем мабільнай), а таксама паслугі, якія
прадстаўляюцца дзяржаўнымі арганізацыямі ў сферы аховы здароўя і адукацыі.
• Ліквідаваць практыку адміністрацыйнага вызначэння для вытворцаў розных коштаў на тавары на ўнутраны і на знешнія рынкі, у тым ліку па калійных і азотных угнаеннях, драўніне,
паліўна-энергетычных рэсурсах.
• Захаваць дзяржаўнае рэгуляванне ў выглядзе ліцэнзавання, абавязковай сертыфікацыі толькі ў тых сферах, дзе існуе непасрэдная пагроза жыццю і здароўю чалавека.
• Прызнаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь сапраўднымі сертыфікаты, выдадзеныя прызнанымі ў міжнародным гандлі органамі сертыфікацыі Расіі, краін ЕС, Украіны, ЗША, Японіі, Паўднёвай Карэі
без атрымання сертыфікату, які выдаецца органамі сертыфікацыі Рэспублікі Беларусь.
• Распрацаваць праграму поўнага пераходу беларускай прадукцыі на міжнародныя стандарты якасці ISO. Ажыццявіць пераход ад ГОСТов на ISO на ўсе тавары і паслугі да 2014 года.
• Ліквідаваць практыку пазасудовага ўжывання арышту грашовых сродкаў на рахунках і бясспрэчнага спісання іх на падставе загадаў дзяржаўных органаў.
• Адмяніць манаполію нацыянальнага аператара электрасувязі на пропуск міжнароднага інтэрнэт-трафіку, а таксама трафіку паміж іншымі айчыннымі аператарамі электрасувязі.
• Прыняць заканадаўчыя нормы, процідзейныя ўмяшанню ў дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання, дыскрымінацыі іх камерцыйнымі структурамі, створанымі органамі дзяржаўнага
кіравання.
• Унесці змены ў закон аб прыватызацыі з мэтай паскарэння працэсу трансфармацый уласнасці. Да 2013 года, як мінімум, 75% усіх актываў краіны павінны знаходзіцца ў прыватнай уласнасці.
• Заснаваць Антыманапольны камітэт з шырокімі паўнамоцтвамі кантролю дзеянняў камерцыйных арганізацый, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку, правядзеннем аўкцыёнаў, размяшчэннем
дзяржаўных замоў.
• Ліквідаваць інавацыйныя фонды і пазабюджэтныя фонды, што створаныя мясцовымі органамі ўлады.
• Правесці лібералізацыю ўнутранага і знешняга гандлю. Для гэтага адмяніць абмежаванне тэрміна (90 дзён) для правядзення знешнегандлёвых аперацый, адмяніць патрабаванне абавязковага занясення
ў дамовы ўказання на мэты куплі тавараў, адмяніць для прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці патрабавання абавязковай рэшты наяўнасці ў банк і інш.
• Завяршыць прыватызацыю ўсіх аб’ектаў гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання да 2012 года.
• Уніфікаваць мытныя стаўкі, знізіць памер сярэднеўзважанай мытнай пошліны да 3%.
• Занесці неабходныя змены ў акты заканадаўства для прывядзення іх у адпаведнасць з нормамі і стандартамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Прыняць праграму дзеянняў урада па ўступе ў СГА да
2012 года.
• Правесці лібералізацыю рынку працы і працоўных адносін. Для гэтага надаць індывідуальным прадпрымальнікам, якія працуюць па агульнай схеме падаткаабкладання, права наймаць любую колькасць
працаўнікоў, што выплачваюць адзіны падатак — да 5 працаўнікоў не залежна ад роднасных сувязяў.
• Адмяніць абавязковасць прымянення Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў Рэспублікі Беларусь для прадпрыемстваў і арганізацый з доляй дзяржавы ў статутным фондзе менш за 50%.
• Падаць камерцыйным арганізацыям права аптымізаваць занятасць у залежнасці ад рэальнага попыту на тавары, працы і паслугі.
• Правесці лібералізацыю арэндных адносін, палепшыць сістэму кантролю над дзейнасцю камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў. Для гэтага паменшыць стаўкі арэнднай платы за
памяшканні, вытворчыя плошчы, якія належаць органам рэспубліканскай або мясцовых уладаў, у 2 разы. Скасаваць каэфіцыент «3», які падвышае плату за арэнду офісных памяшканняў. Увесці
паніжаючы каэфіцыент 0,2 для ўсіх прадпрыемстваў малога бізнесу, якія арандуюць нерухомасць у органаў рэспубліканскай або мясцовых улад. Ліквідаваць практыку прывязкі ставак арэнднай платы, тарыфаў
на паслугі дзяржаўных арганізацый, дзяржаўных і мытных мыт, падаткаў і збораў да замежнай валюты і «базавых велічыняў»; адмяніць прывязку памеру базавай велічыні да стаўкі першага
разраду.
• Увесці мараторый на правядзенне ўсіх праверак суб’ектаў малога бізнесу да 1.01.2013 года.
• Палепшыць якасць падатковага адміністравання, знізіць падатковую нагрузку. Для гэтага:
• Знізіць базавую стаўку падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) да 15%.
• Замяніць адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходны падатак адзіным сацыяльным падаткам 15%.
• Знізіць агульную падатковую нагрузку, уключаючы ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і мясцовыя падаткі, да 30 % ВУП.
Здаровы скептыцызм
У прадпрымальніцкіх колах праект Дырэктывы №4 называюць «пераваротным дакументам». «Калі б усё, што напісана было рэалізавана, гэта быў бы пераварот. Выкананне
апісаных працэдур дало б вялікі ўсплёск прадпрымальніцкай дзейнасці сярод насельніцтва, — гаворыць лідэр кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў.
— Але невядома, хто аўтар гэтага дакумента. Думаю, што гэта хутчэй пажаданні, чым насамрэч план дзеянняў. Калі яго аўтары і праўда сядзяць у Адміністрацыі ці ў Мінэканомікі, то ў нас не ўсё
страчана. Але ўсё ж выглядае на тое, што распаўсюджаны дакумент накіраваны на перадвыбарчую кампанію. Метад — кінуць чарговую костку, паказаць, якія мы добрыя, маўляў, падумаеце, за
каго вам галасаваць».
Лідэр прадпрымальніцкага руху мяркуе, што могуць быць рэалізаваныя некаторыя, самыя простыя пункты праекту: «Магчыма, дазволяць павялічыць колькасць наёмных работнікаў, зменшаць папяровы
абарот. Не думаю, што будзе паменшана падатковая нагрузка. Вялікая праблема — штрафныя санкцыі, вось пра гэта трэба нагадваць, плюс высокая арэндная плата».
Віктар Гарбачоў падкрэслівае, што хоць пэўныя паслабленні і рэалізуюцца ў эканамічным сектары, але для дробнага бізнесу яны не надта адчувальныя. «Асноўная частка прадпрымальнікаў гэтых
крокаў не заўважае. Усё ж эканамічны крызіс моцна паўплываў на сітуацыю. За апошнія 16 гадоў адносінаў з дзяржавай у нас выпрацаваўся недавер. Калі гавораць, што паслабяць у адным месцы, значыць,
падкруцяць у іншым. Я не веру, што Дырэктыва ў такім варыянце будзе прынятая ў поўным аб’ёме», — гаворыць прадпрымальнік.
«Амаль кожны пункт гэтага дакумента закранае інтарэсы ўладных груп, якія кантралююць рэсурсныя плыні. Практыка паказвае, што ў нас рэформы ідуць тады, калі гэта так ці інакш узгадняецца з
тымі, хто кіруе працэсам. Гэта не той выпадак, — зазначае эканаміст Сяргей Чалы. — Увогуле, у ідэю лібералізацыі эканомікі праз дырэктыву №4 я веру прыкладна гэтак жа, як у
дэмакратызацыю Беларусі праз вайсковы загад».