Ні грошай, ні вошай. Вільготныя мары беларускіх улад разбіваюцца аб суровую расійскую рэальнасць
Расія не гатовая кідацца выконваць усе «хацелкі» Лукашэнкі, памеры якіх усё растуць і растуць, піша Андрэй Бранішэўскі на «Plan B». Грошай няма, але вы трымайцеся.
![_belarus_horad_ekanomika_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg _belarus_horad_ekanomika_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_horad_ekanomika_zyccjo_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Заваліць Кітай угнаеннямі, заваяваць афрыканскія рынкі і павялічыць экспарт на 7,6 працэнта. Калі беларускія ўлады пішуць свае планы, яны не прывыклі сябе абмяжоўваць.
Ёсць толькі адна маленькая праблема. У Расіі няма грошай на беларускую лагістыку. Выдаткі на мадэрнізацыю чыгункі для беларускіх грузаў складуць 1,7 мільярда долараў. І ў інвестыцыйнай праграме РЖД яны не прадугледжаныя.
Грошай няма
«Коммерсантъ» са спасылкай на дакументы «Расійскай чыгункі» паведаміў, што праграма мадэрнізацыі гэтых дарог абыдзецца ў 156 мільярдаў расійскіх рублёў. Па бягучым курсе гэта прыкладна 1,7 мільярда долараў. На дадзены момант у інвестыцыйнай праграме РЖД запланаваны выдаткі ў дзясятую частку ад гэтай сумы — на 15,1 мільярда рублёў.
Глядзіце таксама
![Прымітыўнае ўяўленне пра эканоміку, годнае хіба што карыкатуры ў часопісе «Кракадзіл» Ці карысная вайна для эканомікі?](/img/v1/images/_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__17__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але каб расійская лагістыка адпавядала патрабаванням беларускіх уладаў, гэтага, вядома, замала. Трэба яшчэ 90 мільярдаў рублёў на будаўніцтва абыходнага шляху каля Пецярбурга і амаль 69 мільярдаў — на развіццё чыгуначнай інфраструктуры. А гэтыя выдаткі ў інвестыцыйнай праграме РЖД не прадугледжаныя.
Няма грошай
Хоць адсутнасць гэтых грошай катэгарычна супярэчыць усім планам беларускіх уладаў па развіцці сваёй лагістыкі ў Расіі. За мінулы год Беларусь перавезла праз расійскія парты 14 мільёнаў тон грузаў. З іх 13 мільёнаў сышлі праз парты ў Ленінградскай вобласці.
Беларускі амбасадар у Расіі Дзмітрый Круты на пачатку года прызнаў, што беларуская лагістыка ўперлася ў столь расійскіх магчымасцей. Таму што расійская чыгунка не гумовая.
Таму на гэты год у беларускіх уладаў на расійскую чыгунку былі вялікія планы. Амбасадар Круты казаў, што Беларусь хоча павялічыць перавалку грузаў праз расійскія парты на 2 мільёны тон.
Дзеля дасягнення гэтай мэты беларускія ўлады, са свайго боку, былі гатовыя на любыя ахвяры. Гатовыя былі нават пабудаваць новую чыгунку. За расійскія, вядома, грошы. Але затое з вялікай зніжкай.
Глядзіце таксама
![РФ нарошчвае імпарт беларускага паліва для свайго рынку Беларускі бензін будзе ратаваць запраўкі «старэйшага брата»](/img/v1/images/paliva._zaprauka__nafta_minsk_fota_dzmitryj_dzmitryeu__novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але лішніх 10 мільярдаў долараў на будаўніцтва новай чыгункі ў Расіі не знайшлося. І Мінск пагадзіўся абысціся мадэрнізацыяй тых дарог, якія ўжо ёсць. А цяпер вось высвятляецца, што мадэрнізацыя таксама абыдзецца ў капейчыну, якую расійскія ўлады для свайго хаўрусніка пакуль не знайшлі.
Зусім няма грошай
Але павелічэннем перавалкі грузаў на 2 мільёны тон беларускія планы не абмяжоўваюцца. Таму што беларускія трактары ў Афрыку самі сябе не адвязуць і беларускі калій у Кітай сам сябе не даставіць. Да 2030 года беларускія ўлады разлічваюць павялічыць перавозку грузаў праз парты ў Пецярбургу да 20 мільёнаў тон.
І нават гэта яшчэ не мяжа. Два гады запар Аляксандр Лукашэнка насіўся з ідэяй будаўніцтва ўласнага беларускага порта пад Мурманскам. Меркавалася, што праз гэты порт можна будзе вазіць 5-7 мільёнаў тон калійных угнаенняў.
Глядзіце таксама
![Эканоміка Беларусі ў крэдытнай кабале «Беларуская эканоміка так доўга сядзіць на крэдытах, што стала як наркаман, які павялічвае дозу»](/img/v1/images/_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_novy_czas_logo_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Праўда, пасля высветлілася, што асвоіць расійскія грошы на будаўніцтва беларускага порта не атрымаецца, да гэтай ідэі ў Мінску астылі. Увосень мінулага года Лукашэнка сказаў, што ўласны порт пад Мурманскам яму, можа, і без патрэбы.
А ў беларускіх уладаў ёсць столькі ідэй, як зрабіць свой росквіт яшчэ больш квітнеючым. І толькі скупасць саюзніка стаіць на шляху гэтых амбіцыйных планаў.