«Зроблена ў Беларусі» vs. «Тавары Саюзнай дзяржавы». Што больш выгадна для нас?
На ўсіх узроўнях сістэмы чыноўнікі трубяць пра перспектывы інтэграцыі з Расіяй, але замоўчваюць выдаткі гэтай інтэграцыі, піша на «Позірку» эканаміст Алесь Гудзія.
«Цяпер у нас няма падзелу на расійскае і беларускае. У нас ёсць адзіныя саюзныя тавары». З такой гучнай заявай выступіў намеснік Міністра прамысловасці і гандлю Расіі Віктар Еўтухоў. Ён падкрэсліў, што паміж дзвюма краінамі дасягнуты новы ўзровень прамысловай кааперацыі. Няўжо даўняя мара ўладаў Беларусі аб роўных умовах на расійскім рынку стала явай? Ці гэта той выпадак, калі трэба баяцца выканання сваіх жаданняў?
Паводле слоў Еўтухова, якія прагучалі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» 31 сакавіка, «цяпер не важна, колькі чыіх кампанентаў, колькі сыравіны, матэрыялаў, агрэгатаў выкарыстоўваецца ў вытворчасці таго ці іншага прадукту. Зроблена ў Беларусі або ў Расіі, калі мы пацвярджаем, што гэта толькі нашы вытворцы, то, адпаведна, усе правы, якія ў сувязі з гэтым узнікаюць і з пункту гледжання дзяржаўных закупак, і з пункту гледжання доступу да розных мер падтрымкі, яны будуць распаўсюджвацца на расійскія і беларускія прадпрыемствы».
Пра адзіныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў Мінск толькі марыць
Інтэграцыйных сувязей паміж беларускім і расійскім бакамі надзвычай шмат, спектр кааперацыі шырокі, яна развіваецца на розных «паверхах», пачынаючы ад узроўню асобных кампаній і заканчваючы узроўнем Саюзнай дзяржавы.
Аднак д'ябал крыецца ў дэталях. На практыцы, нягледзячы на цеснае супрацоўніцтва, роўнасць суб'ектаў гаспадарання шмат у чым застаецца не дасягнутай. Што не ўпусціў шанцу адзначыць Аляксандр Лукашэнка, будучы нядаўна ў Крамлі: «Па вялікім рахунку, эканоміка складаецца ў тым, калі мы ўжо "агрэсары", шчыра кажучы, то роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання і для людзей павінны быць роўнымі. Вось што нам трэба».
Напрыклад, самая запаветная мара беларускага боку — стварэнне адзіных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў — так і застаецца ў выслізгваючым гарызонце будучыні. А між тым, менавіта гэтая акалічнасць па-ранейшаму зніжае канкурэнтаздольнасць многіх тавараў, якія выраблены ў Беларусі і пастаўляюцца на рынак усходняй суседкі.
Мінск можа гадамі пераконваць партнёраў у неабходнасці ствараць паўнавартасныя, роўныя ўмовы працы для беларускіх кампаній на расійскім рынку, але гэтае пытанне застаецца ў асноўным на палітычным узроўні. Яно вісіць перад беларускімі ўладамі, як морква перад вослікам, калі гаворка заходзіць пра любыя інтэграцыйныя планы.
Спробы ж скандаліць («На храна патрэбны каму такі саюз?» — у сэрцах задаўся пытаннем Лукашэнка ў 2019-м) прыводзілі да таго, што старэйшы партнёр адразу нагадваў малодшаму пра даўгі. А то не-не ды і знаходзілі што-небудзь недабраякаснае ў найбольш адчувальных пазіцыях беларускага харчовага экспарту ў Расію. А бывала, і зусім прыкручвалі газавы або нафтавы вентыль.
Увогуле, магчымасцей пазначыць малодшаму партнёру яго месца ў Масквы дастаткова. Зрэшты, цяпер афіцыйны Мінск знаходзіцца ў такім становішчы, што дазволіць сабе падобную рыторыку ў дачыненні да саюзніка і блізка не можа.
Цяпер, расплачваючыся за крамлёўскую падтрымку ў 2020 годзе, беларускаму рэжыму даводзіцца саступаць палітычны, эканамічны і фіскальны суверэнітэт расійскім партнёрам.
Такое складана не заўважыць нават праўладнай частцы грамадства. Але ёй тлумачаць: усе даброты пральюцца на Беларусь пры дасягненні роўных умоў як для людзей, так і для бізнесу дзвюх краін.
Падводныя камяні «раўнапраўнай інтэграцыі»
Статыстыка ў цэлым пацвярджае як рост аб'ёмаў узаемнага гандлю, так і павелічэнне турыстычных патокаў, інвестыцыйнай актыўнасці паміж Расіяй і Беларуссю.
Разам з тым, чыноўнікі практычна не гавораць пра тыя пагрозы, якія нясе беларускай эканоміцы такое цеснае супрацоўніцтва з усходняй суседкай.
Затое ў якасці станоўчага прыкладу інтэграцыі заўсёды прыводзіўся Еўрапейскі Саюз. Так, там брэнд «Зроблена ў ЕС» у многіх выпадках прыйшоў на змену маркіроўцы, якая паказвае на канкрэтную краіну-вытворцу, — і там гэта на карысць усім. А вось для Беларусі страта нацыянальнай маркіроўкі і замена яе на якія-небудзь «саюзныя тавары», калі такое здарыцца, наадварот, часта будзе гуляць у мінус.
Чыноўнікі доўга песцілі брэнд «Зроблена ў Беларусі». Яго асацыяцыя з «добрай старой савецкай якасцю», асабліва ў частцы харчовай прадукцыі, знаходзіла ўдзячнага пакупніка на расійскім рынку. Для такіх спажыўцоў брэнд «саюзныя тавары» будзе пустым гукам, што ўдарыць па інтарэсах беларускага боку.
Зрэшты, такіх удзячных пакупнікоў у Расіі становіцца ўсё менш. На фоне праблем з падпаленымі аўтобусамі «МАЗ» і іншымі трабламі наш краінавы брэнд губляе прывабнасць, і агульным брэндам Саюзнай дзяржавы гэта не вылечыш.
І нават калі на паперы будзе дасягацца роўнасць доступу на расійскі рынак, застаюцца шматлікія падводныя камяні.
Доступ да ўдзелу ў дзяржаўных праграмах і тэндарах у Расіі для беларускага боку ўжо не забаронены. Але на практыцы можа запатрабаваць, напрыклад, выкарыстання электронных лічбавых подпісаў для дакументаў.
І тут аказваецца, што пагадненне паміж краінамі аб узаемным прызнанні такіх подпісаў заключаецца толькі ў красавіку 2024 года, а такім чынам станоўчую практыку вырашэння спрэчных пытанняў у гэтай сферы яшчэ толькі трэба будзе напрацаваць. Пакуль жа выкарыстоўваць беларускі электронны лічбавы подпіс у Расіі па-ранейшаму бывае цяжка ці немагчыма.
Масква філантропіяй не займаецца
Інтарэсы РФ ва ўзаемадзеянні з беларускімі вытворцамі накіраваны на рашэнне ўнутрырасійскіх праблем імпартазамяшчэння і насычэння свайго рынку дэфіцытнымі таварамі, якія сталі такімі пасля сыходу еўрапейскіх кампаній. У іншым выпадку сваімі рукамі, за свой кошт рабіць сабе канкурэнта ўсходні партнёр не стане.
Пры такой кааперацыі беларуская эканоміка ў доўгатэрміновай перспектыве можа настолькі моцна завязацца на расійскі рынак, што любыя змены і пераарыентацыі будуць каштаваць Мінску жахліва дорага і акажуцца вельмі балючымі. Многія постсавецкія краіны ўжо праходзілі менавіта такую трансфармацыю ў 90-я гады.
З-за таго, што палітычныя мэты, часцяком імгненныя, аплачваюцца за кошт страты магчымасцей нацыянальнай эканомікі ў перспектыве, можна сказаць, што мы ўжо цяпер жывем у доўг у будучых пакаленняў беларусаў.
Спадчына, якая застанецца ім, будзе складацца ўжо не з фамільнага срэбра савецкай эканомікі, а з адсталых у тэхнічным і інавацыйным плане, заточаных пад стагнуючы рынак прадпрыемстваў.
Але вінаватыя ў гэтым будуць, вядома ж, Захад, пятая калона, рэптылоіды, іншапланецяне... (патрэбнае падкрэсліць).