«Пайшлі — памахайце ім рукой». Што чакае рынак інвестыцый у Беларусі
У Беларусі дасягнуты поўны кансэнсус: дзяржава дэкларуе гатоўнасць выжыць самастойна, а інвестары не спяшаюцца прыходзіць у краіну.
«Лічыце гэта прадпрыемства вашым». Так Лукашэнка наказваў Дзмітрыю Шабетніку, якога ўзгадніў на пасаду старшыні Светлагорскага райвыканкама.
Гаворка пра завод зварачных электродаў, які прыпыніў працу пасля зыходу ўкраінскага бізнесу. Па словах Шабетніка, цяпер завод гатовы да работы, але вырашаецца пытанне змены ўласніка. «Думаю, што ў наступным годзе ён пачне працаваць, калі планы па змене ўласніка рэалізуюцца», — сказаў новаспечаны вертыкальшчык.
«Лічыце, што гэта прадпрыемства ваша. І па прыездзе неадкладна рэалізуйце гэта ўказанне. Не чакайце нейкіх дакументаў. Накіруйце ва ўрад, яны вам адказ дадуць. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да новага года памяняюць уласніка», — загадаў Лукашэнка чыноўніку.
Увогуле, кадравы дзень 12 снежня пераўтварыўся ў праграмны выступ па нацыяналізацыі замежнага бізнесу.«Мы ж дамаўляліся. Адыходзяць нейкія там украінскія, польскія або фінскія гаспадары — людзі застаюцца, тэхналогіі застаюцца, вытворчасць існуе. Электроды патрэбны, — заўважыў Лукашэнка. — Ігар Пятровіч (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка — рэд.), гэта прыклад вашай з Галоўчанкам (прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. — рэд.) найжорсткай неўтаймаванай цяганіны і бюракратызму. Якая змена ўласніка? Я вам даў указанне: сышлі гаспадары — да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не жадаеце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізавана. Што мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка, і як мы будзем вырашаць пытанне ва ўрадзе па паўгода, па году?!»
Лукашэнка канкрэтызаваў, якія бізнесы могуць патрапіць пад нацыяналізацыю:
«Прадпрыемствы, якія былі заснаваны замежным інвестарам або прыватызаваны і замежны інвестар атрымаў гэтыя прадпрыемствы, а сёння (гэта ў асноўным з недружалюбных краін і іншых) пайшлі, — памахайце ім рукой, перахрысціцеся, што яны пакінулі вам уласнасць. Усё ж ёсць. Ігар Пятровіч, я ж вам на прыкладзе "МакДональдса" гэта гаварыў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта наша ўжо прадпрыемства», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ці запачаткуе гісторыя з «МакДональдсам» перыяд масавай нацыяналізацыі? Спыталі ў эканаміста Льва Марголіна.
— Наконт масавай нацыяналізацыі я не спяшаўся б гаварыць. Даць адмашку — гэта адно, а як арганізаваць нацыяналізацыю такім чынам, каб прадпрыемства перайшло з рук у рукі і пры гэтым захоўвала сваю працаздольнасць — зусім іншае.
Сітуацыя з «МакДональдсам», на мой погляд, трохі іншая: беларускія ўлады выношваюць думку: калі расіяне могуць справіцца з «МакДональдсам», то чаму не справімся мы? Як сказаў Лукашэнка, «нашы людзі не дурнейшыя, каб гэтую булачку разрэзаць і ўпіхнуць туды лісце салаты або кавалак каўбасы». Хай паспрабуюць.
Інвестары, якія сышлі ці замарозілі сваю дзейнасць у Беларусі, могуць падпасці пад каток нацыяналізацыі. Дзяржава будзе рабіць спробы нацыяналізаваць іхнія бізнесы. Аднак, паўтаруся, забраць не праблема, а вось як захаваць забранае прадпрыемства ў працоўным стане — вось гэта загадка. Якраз з гэтым у беларускіх уладаў пакуль нічога добрага не атрымліваецца. Ёсць павучальны прыклад: неблагое прадпрыемства Быхаўскі кансервавы завод, на які дзяржава паспрабавала накласці руку і прымусіць яго працаваць пад сваімі знамёнамі. І нічым добрым гэта не скончылася.
— Якія выгоды атрымлівае беларуская дзяржава ад нацыяналізацыі замежных ці сумесных прадпрыемстваў?
— Я мяркую, гаворка ідзе не пра дывідэнды, не пра прыбытак, як па мне, гэта чыста палітычная гісторыя. Улада хоча паказаць, што мы самі з вусамі, абыдземся і без інвестараў. То—бок, пытанне атрымання дывідэндаў адсунута на другі ці нават трэці план.
— Як нацыяналізацыя адаб’ецца на інвестыцыях? Можна, канешне, за чужы кошт перажыць сёння, але якое заўтра нас чакае?
— Безумоўна, на інвестыцыйны клімат такая палітыка паўплывае адмоўна. Мяркую, беларускія ўлады і самі гэта разумеюць. На сённяшні момант інвестыцыйнага клімату і не існуе. Але пасыл зразумелы: не хочаце, справімся самі. Дасягнуты поўны кансэнсус: мы можам выжыць без інвестараў, а інвестары не спяшаюцца прыходзіць у Беларусь.
— Якія заўважныя гульцы на беларускім рынку могуць патрапіць пад каток нацыяналізацыі ў бліжэйшы час?
— Цяжка прагназаваць злёту. Але гаворка ідзе пра тых інвестараў, якія не вельмі актыўна хочуць працаваць у Беларусі. Нацыяналізацыя — гэта сігнал усім інвестарам: нікога ўгаворваць не будзем.