Эканоміка на полі з граблямі

Мне вось цікава, калі ў лукашэнкаўскай «вертыкалі» скончыцца цярпенне? Калі хто-небудзь з іх устане і скажа: «Рыгоравіч, гэта так не працуе!»? А не будзе шморгаць носам, асабліва потым, на чарговым «разносе» за невыкананне заведама невыканальных паказчыкаў.

62223_original.jpg

На пачатку тыдня Лукашэнка вырашыў пагуляць у любімую гульню Шарыкава з «Сабачага сэрца» — «Узяць усё і падзяліць». Падставай для тырады Лукашэнкі стала размова з будучым старшынёй Светлагорскага райвыканкама Дзмітрыем Шабетнікам, які згадаў, што ўкраінскі ўласнік сышоў з завода зварачных электродаў. Лукашэнка абвінаваціў прэм’ер-міністра Галоўчанку ў цяганіне з-за змены ўласнікаў. «Мы ж дамаўляліся. Сыходзяць нейкія там украінскія, польскія ці фінскія гаспадары — людзі застаюцца, тэхналогіі застаюцца, вытворчасць існуе. Электроды патрэбныя. Чаму мы закрываем?» — спытаў Лукашэнка.

Шабетнік сказаў, што завод гатовы да працы, але вырашаецца пытанне з уласнікам.

«Ігар Пятровіч (Ігар Пятровіч Сергяенка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта — Рэд.), гэта прыклад вашай з Галоўчанкам неўтаймаванай валакіты і бюракратызму. Якая змена ўласніка? Я вам даў указанне: сышлі гаспадары — да пабачэння. Да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не хочаце. Якая змена ўласніка? З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізаванае. Што мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка, і як мы будзем вырашаць пытанне ва ўрадзе па паўгода — па годзе?!» — сказаў Лукашэнка і наўпрост «падараваў» завод Шабетніку.

«Лічыце, што гэта ваша прадпрыемства. І па прыездзе неадкладна рэалізуйце гэта ўказанне. Не чакайце нейкіх дакументаў. Накіруйце ва ўрад. Яны вам дадуць адказ. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да Новага года памяняюць уласніка», — дадаў ён.

Папала і прадпрыемствам, якія працавалі на IKEA. «Ах, «ІКЕА»!.. Да пабачэння! Мы гэтыя табурэткі, крэслы і іншае зробім. Або дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы не можам зрабіць? Тым больш яны ж нічога не забралі і людзі засталіся. Пайшоў гаспадар — ну і ідзі. На рынку попыт прыстойны, на тым жа рынку ў Расіі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі. Займіцеся, хтосьці там прыйшоў-сышоў... добра. Яны ўклаліся туды, тэхналогіі прывезлі, тая ж «ІКЕА» ці ўкраінцы (выраблялі электроды), абсталяванне прывезлі. Яны інвеставалі. Чыста палітычны момант: ім сказалі «Ідзіце» — яны сышлі. Да пабачэння. А вось вернем мы іх назад ці не — пытанне», — працягнуў разважаць Лукашэнка.

Ужо колькі разоў казалі, што сучасная вытворчасць — гэта не адно прадпрыемства, гэта ланцужок, пачынаючы ад сыравіны і заканчваючы продажамі. І што цяпер важна не стварыць прадукцыю, а прадаць гэтую прадукцыю. Ну, заб’е Шабетнік электродамі ўсе склады — а ланцужок да продажаў застаўся ж у былога ўласніка… Ну, створым мы гэтыя дэталі для ложкаў — дзе мы возьмем тыя кухні, ложкі, мэблю, да якой будуць прыкручвацца гэтыя дэталі? Давядзецца пайсці да «ІКЕА» і папрасіць: «А набудзьце ў нас дэталі з завода, які мы ў вас фактычна скралі». Цікава гэта будзе выглядаць, праўда?

Яшчэ ніводная «нацыяналізацыя» ў Беларусі не спрацавала, як трэба, калі б тая нацыяналізацыя не адбывалася. Гадоў дзесяць таму ўлады «нацыяналізавалі» ў амерыканскіх інвестараў цукеркавую фабрыку «Спартак». Марат Новікаў, у якога гэты «Спартак» адціснулі, у свой час марыў зрабіць на прадпрыемстве замену «Снікерсам» і «Марсам». І што ў выніку?

А ў выніку сённяшнія размовы пра дэфіцыт і звужэнне асартыменту тавараў у крамах пачаліся з таго, што нехта заўважыў адсутнасць на паліцах менавіта тых самых «Снікерсаў» ды чыпсаў.


Гадоў пяць таму дзяржава такім жа чынам аджала Аршанскі авіярамонтны завод у украінскай «Матор Січ». Украінцы там не толькі мадэрнізавалі старыя верталёты, але і планавалі ствараць ракетныя рухавікі. Вынік?

Вынік паказвае тая самая «раптоўная праверка боегатоўнасці», пра якую на тыдні казалі ўсе і якую Лукашэнка праводзіць ці не дваццаты раз за год. Варта паглядзець, што падпадае пад праверку гэтай боегатоўнасці: танкі Т-72Б, БТР-2… То-бок тое, што мадэрнізавана ад часоў СССР.

А дзе новыя віды ўзбраення? Дзе той самы гонар беларускай арміі — РСЗА «Паланэз», напрыклад? А няма. А няма таму, што ракеты да яго даводзіцца купляць у Кітаі, бо ў нас няма для вытворчасці гэтых ракет — та-дам! — тых самых рухавікоў. І цяпер, калі «Паланэзы» адстраляюць гэтыя ракеты на вучэннях, не факт, што Кітай нам прадасць новыя. Вось вам і вынік «нацыяналізацыі» ААЗ у «Матор Січы».

Пра не адзін раз нацыяналізаванае «Мотавела» я ўжо прамаўчу: пра нябожчыка альбо добра, альбо ніяк.

Падавалася б, за 20 гадоў «нацыяналізацый» можна было ўжо даўмецца, што проста «падараваць» чужое прадпрыемства каму-небудзь — не выйсце. Але ж не, беларуская ўлада ўсё ходзіць і ходзіць па старых граблях, раскіданых на яе шляху.

А Лукашэнка тым часам патрабуе: «Як я часта кажу, вы, калі ласка, дайце мне эканоміку, каб людзі былі забяспечаны настолькі, наколькі трэба. Каб прадпрыемствы працавалі, працоўныя месцы былі. Усё астатняе за мной. Гэта ваша задача. Ну і вельмі чуйна і ўважліва стаўцеся да людзей».

Заўважце, у гэтай цытаце — ані слова пра збыт прадукцыі альбо пра развіццё вытворчасці. І ці сапраўды вы думаеце, што Лукашэнка будзе выконваць сваё «астатняе — за мной», ездзячы па свеце карабейнікам і ўпіхваючы прадукцыю нацыяналізаваных прадпрыемстваў? Не, ён хутчэй учыніць чарговы «разнос» тым, каму ён прадпрыемствы «падараваў».

Але ж толькі ад гэтага «разносу» новыя рынкі збыту не з’явяцца і прадукцыя не палепшыцца. І заробкі — не вырастуць, калі, канешне, завод па вытворчасці электродаў не ўлезе ў велізарныя банкаўскія пазыкі...

Пра «пазыкі», на жаль, таксама зусім не жарт, бо на тыдні з’явіўся яшчэ адзін красамоўны факт. Памятаеце, колькі грошай дзяржава ўбухала ў «выратаванне» БМЗ? Калі не, дык нагадаю, што іх хапіла б, каб выплаціць кожнаму (!) працоўнаму завода па 130 тысяч (!!) долараў!!! А ў выніку цяпер БМЗ, згодна з паведамленнем яго ж прэс-службы, не можа загрузіць усе цэхі працай на 100%. І прапануе супрацоўнікам перавучыцца на прафесіі, загрузка па якіх ёсць.

«Для забеспячэння працаздольнасці БМЗ у комплексе вырашаецца шэраг важных задач. Сярод іх — тэхнічнае пераўзбраенне магутнасцей пад канкрэтныя запыты спажыўцоў», — паведамляе прэс-служба.

А слана ж мы і не заўважылі! Мы ўбухалі ў БМЗ дахалеры грошай, а аказалася, што прадукцыя, якую стварае прадпрыемства, не адпавядае запытам спажыўцоў! То-бок завод стварае тое, што нікому не патрэбна!

Але ж затое выканана галоўная ідэалагічна-палітычная задача ў рэчышчы Лукашэнкі. Згодна таму ж паведамленню з завода, «асноўная задача кіраўніцтва прадпрыемства застаецца ранейшай — захаваць калектыў». Не стварыць добрую і канкурэнтную прадукцыю, што само б па сабе развівала прадпрыемства і захоўвала той самы калектыў, а проста захаваць калектыў.

Выдатная ілюстрацыя той самай «эканомікі», пра якую кажуць кіраўнікі дзяржавы, так?