Святлана Ціханоўская: Лукашэнка не можа выканаць сваю частку любой здзелкі

Дэмакратычная лідарка Беларусі выказалася наконт магчымых здзелак з рэжымам Лукашэнкі. Імаверна, гэта яе адказ на прапанову транзіту ўкраінскага збожжа праз Беларусь у краіны Балтыі, якая абмяркоўваецца цяпер. Афіцыйны Мінск прапанаваў такі транзіт і папрасіў зняць з краіны частку санкцый у адказ на «жэст добрай волі».

51400603804_9ee26ab6b7_b.jpg


— Больш за два гады я кажу пра Беларусь з міжнароднымі партнёрамі — і з тымі, хто шчыра хоча дапамагчы, і з тымі, хто не моцна зацікаўлены ў гэтай размове. Вядома, першых значна больш. Але ёсць і другія, — адзначыла Святлана Ціханоўская. — Спачатку на сустрэчах з тымі, хто ішоў на кантакт толькі з ветлівасці, я думала: хіба мы, беларусы, мала робім, хіба не заслугоўваем актыўнай падтрымкі? Цяпер я думаю інакш: гэтыя людзі, структуры і арганізацыі яшчэ не паглядзелі ў будучыню і не адкрылі для сябе, што Беларусь — важны палітычны партнёр. Не дыктатарскі рэжым, а дэмакратычная Беларусь.

За гэтыя два гады мне давялося даведацца, што такое realpolitik: гэта падыход, у якім ты вядзеш справы і заключаеш здзелкі, ахвяруючы каштоўнасцямі. Але калі гаворка заходзіць аб Беларусі і здзелках з рэжымам, гэты падыход азначае, што здзелка падпісаная жыццямі тысяч нявінных палітвязняў, памяццю загінулых на пратэстах і на вайне беларусаў. Здзелка з рэжымам можа задаволіць чыесьці інтарэсы сёння, але яна адкладае нармальнае жыццё людзей у Беларусі, Украіне і ўсёй Еўропе — нават не на заўтра, а, хутчэй за ўсё, на гады.

Рэжым у Беларусі нелегітымны, ён гвалтам узяў у закладнікі цэлую краіну. Таму любыя здзелкі з ім толькі падаўжаюць час злачынстваў і небяспекі ваеннай агрэсіі. Пакуль Лукашэнка ўтрымлівае ўладу, з паветранай прасторы нашай краіны бамбяць Украіну, а жыхароў Беларусі атручвае расійская прапаганда. Ён не можа даць гарантый бяспекі, не можа выканаць сваю частку любой «здзелкі»: у дні, калі ён кажа аб перамовах і міры, Крэмль запускае новыя ракеты з тэрыторыі Беларусі.

Беларусы хочуць жыць у краіне не крызісу, гвалту і страху, а міру, бяспекі і закона. Такая Беларусь можа гарантаваць, што не акажацца суагрэсарам у вайне. Такая Беларусь будзе часткай рэгіянальнай сістэмы бяспекі. Такой Беларусь стане, калі абароніць незалежнасць і дэмакратыю. І мы не просім міжнародных партнёраў дамагчыся гэтага за нас — мы заклікаем не весці здзелак з рэжымам, каб не аддаляць гэтую мэту.