Перспектывы на лета: МВФ можа не даць грошай да выбараў, а прадпрыемствы будуць распрадаваць склады
Як толькі эпідэмія каронавіруса перасекла мяжу Беларусі, немалая частка насельніцтва і кампаній самаарганізавалася і сышла ў добраахвотную ізаляцыю і на «ўдалёнку». Праз тры месяцы, калі лічбы па захворванні яшчэ знаходзяцца на высокім узроўні, актыўнасць і мабільнасць людзей рэзка павялічыліся. А кампаніі з сферы паслуг, грамадскага харчавання і іншых галін, завязаных на цесных зносінах з кліентамі, сталі масава адкрывацца і рыхтавацца да «лёгкага» летняга перыяду. Гэта тое самае аднаўленне эканомікі, якога так чакалі, або ілжывы аптымізм?
Аднаўленне найбольш пацярпелых галін летам будзе больш актыўным
Тыя прадпрыемствы, якія вясной вымушана або добраахвотна абмежавалі вытворчасць і якія да гэтага моманту яшчэ не зачыніліся, паступова аднаўляюць сваю дзейнасць. І па меры росту ўнутранага попыту яны і далей будуць досыць актыўна «ажываць». У першую чаргу гэта датычыцца сферы паслуг і галін, звязаных з фізічнай прысутнасцю кліентаў. Але пры адной умове — калі ў Беларусі не будзе другой хвалі каронавіруса. Такія перспектывы пазначылі эканамісты падчас анлайн-семінара «Эканоміка РБ і COVID: аналізы і прагнозы», арганізаванага Бізнэс-школай ІПМ і Фондам імя Конрада Адэнаўэра.
У маштабе ўсёй эканомікі сітуацыя складваецца некалькі больш складаная.
— Значная частка выпуску, якую мы атрымалі ў красавіку, была забяспечана вытворчасцю таго, што не было запатрабавана на рынку. Па статыстыцы, практычна ва ўсіх галінах прамысловасці істотна выраслі запасы гатовай прадукцыі. Груба кажучы, выраблялі для таго, каб не спыняць вытворчасць. Гэта выліваецца ў пагаршэнне і без таго праблематычнага фінансавага стану фірмаў, — патлумачыў старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Атрымліваецца, што аднаўленне вытворчасці будзе запаволена яшчэ паўтара-два месяцы, пакуль прадпрыемствы працягнуць распрадаваць складскія запасы.
— Тут у мяне пэўнае пачуццё дэжавю з 2008-2009 гадамі, калі да лістапада 2008 года ў Беларусі панаваў тэзіс «у Беларусі крызісу няма», а ў 2009 годзе выраблялася вялікая колькасць прадукцыі на склад. Дзякуючы гэтаму мы былі адзінай краінай у рэгіёне, у якой ВУП не знізіўся. Але потым гэта вылілася ў праблемы абменнага курсу. Цяпер гэта спрацуе па-іншаму — прадпрыемствы будуць вымушаныя запавольваць наступнае аднаўленне, — каментуе Дзмітрый Крук.
Складаней за ўсё будзе кампаніям, што назапасілі цяжкі груз фінансавых праблем. Паколькі рэагаваць на выклікі і спраўляцца з фінансавым цяжарам усё роўна прыйдзецца, а вытворчасць яшчэ не вернецца да перадкаронавіруснага перыяду, сур'ёзная колькасць кампаній рызыкуе збанкрутаваць. Нават дзяржпрадпрыемствы, што звычайна маюць магчымасць атрымаць дзяржпадтрымку, будуць вымушаныя абмяжоўваць выдаткі, лічыць Дзмітрый Крук.
Эпідэмічная і палітычная нявызначанасць тармозіць попыт і інвестыцыі
Стрымліваць эканамічны рост будуць не толькі абставіны, з якімі сутыкнуліся вытворчыя галіны. Падлівае алею ў агонь трайная нявызначанасць. Па-першае, гэта невядомасць аб тым, як будзе развівацца эпідэмічная сітуацыя. Па-другое, пазітыўныя сігналы, якія падае эканоміка, пакуль яшчэ нясмелыя і непераканаўчыя, і няма выразнага бачання, што будзе далей. Гэта ўплывае і на попыт, і на прапанову.
— Унутраны попыт вясной зваліўся ў першую чаргу з-за пандэміі. Але цяпер дадаўся другі фактар — зніжэнне даходаў людзей. Пакуль людзі не будуць бачыць, што іх даходы аднаўляюцца і што ёсць нейкая пэўнасць у сітуацыі, наўрад ці яны будуць на 100% вяртацца да таго аб'ёму марнаванняў, да якога прывыклі да каронавіруса, — акрэсліла сітуацыю акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Яна лічыць, што ў бліжэйшай перспектыве варта чакаць падзення ўнутранага попыту мінімум на 10%. У той жа час як адно з наступстваў пандэміі ідзе змена звычак спажыўцоў і структуры попыту. Напрыклад, насельніцтва працягне актыўна карыстацца сэрвісамі дастаўкі замест паходаў у краму.
Трэці фактар нявызначанасці — выбары. Выбарчая кампанія не пройдзе бясследна для эканомікі.
— Любая няпэўнасць, у тым ліку палітычная, будзе зніжаць інвестыцыйную актыўнасць. Улічваючы, што ў нас і так было шмат нявызначанасці, а да іх дадалася і гэтая, то, хутчэй за ўсё, прыватныя інвестыцыі ўжо цяпер сур'ёзна падаюць. Але ў нас значную ролю ў эканоміцы граюць дзяржаўныя інвестыцыі. Яны перад выбарамі як мінімум падаць не будуць, — адзначыла Кацярына Барнукова.
— Зараз вельмі хацелася б разлічваць на знешнія пазыкі для папаўнення рэзерваў. І гэтым заклапочаныя дзяржорганы. Але для знешніх інвестараў сама назва «выбарчая кампанія», якой бы яна ні была, — гэта падстава дачакацца яе завяршэння. Напрыклад, у статуце таго ж МВФ ёсць абмежаванні па шэрагу крэдытных механізмаў на іх выкарыстанне ў перыяд выбарчых кампаній, — дадаў Дзмітрый Крук.
Паводле news.tut.by