Акупацыя, інтэграцыя або... «фінляндызацыя»?

Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра магчымыя геапалітычныя сцэнары для нашай краіны.

fin.png

Не так даўно адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на першую пасаду ў краіне выказаўся — маўляў, не варта выходзіць з дамовы па АДКБ: усе дамоўленасці варта выконваць.
У якасці аргумента і пазітыўнага прыкладу палітык прывёў адносіны паміж СССР і Фінляндыяй: паміж краінамі існавала Дамова аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе. «Дамова ніяк не перашкаджала гэтай краіне (Фінляндыі — рэд.) праводзіць палітыку нейтралітэту і нават правесці ў сябе першую нараду па бяспецы і супрацоўніцтве», — мяркуе палітык.
Магчыма, прыклад Фінляндыі меўся пераканаць неабыякавых беларусаў і нават патрыётаў-незалежнікаў: маўляў, чаго ж тут баяцца Масквы? Фінляндыя — гэта Nokia, Fiskars, Манергейм. Краіна свабодных і задаволеных жыццём людзей. То хіба не такі страшны чорт, якім яго малююць.

З бібліятэк вымалася «антысавецкая» літаратура

Тым не менш вопыт Фінляндыі і сёння з’яўляецца цікавым прэцэдэнтам у еўрапейскай гісторыі, а «фінляндызацыя» — цэлым палітычным тэрмінам, які выдумаў зусім не аўтар гэтага артыкула. Усё адбылося значна раней — у часы «халоднай вайны».
«Фінляндызацыя», або «фінскі сіндром», — гэта шэраг абмежаванняў, якія накладае моцная дзяржава на свайго слабейшага суседа, падрэзаўшы такім чынам яго суверэнітэт і незалежнасць. Рэч у тым, што супрацьстаянне СССР і Фінляндыі не скончылася на «Зімовай вайне» 1939–1940 гадоў, калі імперыя абламала сабе зубы. Была яшчэ вайна 1941–1944 гг.: тады фінам, нягледзячы на іхную стойкасць і вытрымку, дасталася.
У 1947-м у Парыжы была падпісаная дамова, згодна з якой фіны аддавалі саветам Карэльскі перашыек, Петсама і Сапла. Пэўная тэрыторыя вымушана зрабілася дэмілітарызаванай зонай, а яшчэ дзве паўвыспы Масква арандавала пад свае вайсковыя патрэбы. Агулам жа ў перыяд з 1947 па 1989 год Фінляндыя была змушаная трымаць нейтралітэт, а ўсялякая ўнутраная крытыка моцнага суседа была пад забаронай: з бібліятэк нават вымалася «антысавецкая» літаратура. Ну, і ўсе найвышэйшыя пасады краіны мусілі быць лаяльнымі да СССР...

Чакаць, пакуль побач прыплыве карабель з Пазняком

Цікава, ці меў на ўвазе ўсё гэта прэтэндэнт на кандыдата ў прэзідэнты? Ці такой будучыні ён жадае Беларусі?.. Дыпламат усё ж, недурны чалавек. Ва Украіне, прыкладам, «фінляндызацыя» — гэта, лічы, лаянкавае слова ў лексіконе апанентаў Зяленскага. Маўляў, экс-комік «злівае» краіну ў стане вайны Маскве, таму аналітыкі характарызуюць увесь працэс менавіта гэтак. Зусім іншае пытанне, ці можа менавіта наша — беларуская — будучыня быць іншай.
Напрыклад, паважаны Алесь Пашкевіч лічыць, што па-іншаму ў нас быць і не можа, а наступны лідар, няхай і прарасійскі, — гэта дабро для краіны: «Іншы, хай сабе і прарасійскі, лідар патрэбны краіне для таго, каб нарэшце ў ёй скончыўся застой і быў запушчаны працэс даўно наспелых зменаў». Для патэнцыйных крытыкаў, якіх бянтэжаць прарасійскія кандыдаты, якія цяпер змагаюцца з сённяшнім, хай і не менш прарасійскім, лідарам, адказ таксама падрыхтаваны: «Проста сядзець на беразе і чакаць, пакуль міма праплыве труп ворага, — тактыка таксама сумнеўная».Апошнюю фразу я б перарабіў: сядзець на беразе і чакаць, пакуль побач праплыве карабель з Зянонам Пазняком на капітанскім мосціку, — тактыка сумнеўная. Ніхто, здаецца, не ўспрымае дзейнага лідара, падчас кіравання якога чорныя цені інтэграцыі прыходзілі кашмарамі ці не кожную другую ноч, як абсалютнага гаранта незалежнасці. Ну, можа, за рэдкім выключэннем.
Пытанне ў іншым: не ў трупе ворага, які праплыве ля берага, а ў капітане на мосціку. Як мы дайшлі да такога жыцця, што кандыдаты на «залатое крэсла» з адкрыта прарасійскай рыторыкай успрымаюцца ці то як меншае зло, ці то як рыцары-вызваліцелі?..

«Спачатку на мове навучыцеся размаўляць!..»

А прыйшлі мы да такога жыцця вельмі проста. Сёння мы не маем моцных палітыкаў —апанентаў дзейнай уладзе з яскравым нацыянальным стрыжнем, бо дзесяцігоддзямі такія лідары займаліся будаўніцтвам паветраных замкаў. Не верыце?
Пачуў неяк цікавую байку пра будні Народнага Фронту ў 1990-я. На стары офіс на Варвашэні заходзяць два «быкі» — у скуранках, коратка стрыжаныя, шырокія ў плячах. Нават не бандыты, а важакі бандытаў. «Гдзе тут у вас на бэнээф адбашляць?» — пытаецца адзін з іх. Зразумела, што прысутныя на ўправе ў шоку. Што гэта, як рэагаваць?
Тут з нейкага бакавога пакоя вылятае хударлявы дзядзечка ў пінжаку: «Спачатку на мове навучыцеся размаўляць! Што за хамства!..» Таварышы ў скуранках паціснулі плячыма і сышлі. Дзядзечкам у пінжаку, зразумела, аказаўся Зянон Станіслававіч.
Можа, гэта была правакацыя? Можа, уся гэтая гісторыя — толькі байка? А можа, «быкі» сапраўды хацелі даць грошай на нешта, чаго да канца не разумелі, але ў чым адчувалі сілу і перспектыву?.. У кожным разе гэта цудоўная ілюстрацыя таго, як Фронт (шырэй — усе мы) гадамі вялі вайну не толькі і не столькі з «дыктатурай» ці Масквой, колькі з рэальнасцю.Выбірайце!
Адзін стары знаёмы — беларускамоўны, нават піша лацінкай — таксама заявіў зусім нядаўна: народ добры, але адсоткаў на 10. Рэшта — «ні пра што». Як кажуць, без каментароў. Рэшта — 90% — нават не ўпісваецца ў парадыгму чалавека. Як на мяне, максімальна сугучна байцы з 90-х.
Што ў сухім астатку? А тое, што сёння нацыянальны рух мы маем у вартым жалю стане. Крыўдна, што да моманту, які можа стацца гістарычным для Беларусі, мы падыходзім менавіта такімі: з задышкай, сумнымі вачыма ды пустымі кішэнямі.
Не хачу вангаваць, але ў хуткім часе мы можам убачыць змаганне не паміж перспектывай еўрапейскай беларускай Беларусі і Масквы, а змаганне паміж перспектывамі акупацыі, інтэграцыі і «фінляндызацыі». Выбірайце!
Алесь Кіркевіч, budzma.by