"Перспектыва" лічыць новы закон "Аб дзяржаўных дапамогах" несправядлівым
У рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні "Перспектыва" закон "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, што выхоўваюць дзяцей", які набыў моц 1 студзеня, лічаць несправядлівым у адносінах да жанчын-прадпрымальнікаў.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, членамі арганізацыі накіраваны ліст на імя кіраўніка беларускага ўрада Міхаіла Мясніковіча з просьбай унесці ў
Канстытуцыйны суд прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці вышэйзгаданага закона ў дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў.
Так, адзначыў Шумчанка, у закон уключана норма, паводле якой "дапамога па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаецца і выплачваецца ў памеры 50 працэнтаў, <…>
калі асоба, якая ажыццяўляе догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам". Гэтую норму Шумчанка называе антыканстытуцыйнай, якая дыскрымінуе жанчын
— індывідуальных прадпрымальнікаў. "Гэта паказчык стаўлення да бізнесу ў нашай краіне. Замест таго каб заахвочваць нараджальнасць, яны прымушаюць жанчын закрываць сваю справу, каб
атрымліваць дапамогу ў поўным памеры, пазбаўляючы тым самым працы яе сваякоў, якія часта дапамагаюць малым прадпрымальнікам", — сказаў Шумчанка.
Паводле яго слоў, у сярэднім па краіне дапамога па догляду першага дзіцяці складае прыкладна 1,4 млн. рублёў, другога — 1,6 млн. "Для рэгіёнаў гэта значная сума. Але важны і
прынцыповы момант: чаму мы павінны мірыцца з антынароднымі законамі? Чаму жанчыны, якія матаюцца па Кітаях і Турцыях, стаяць на марозе, павінны атрымліваць менш за астатніх?" — задае
пытанне Шумчанка.
Ганна Афоніна, БелаПАН