Першы год ЕАЭС: правальныя вынікі

Першы год працы Еўразійскага эканамічнага саюза, створанага як супрацьвага Еўрапейскаму cаюзу, атрымаўся па-сапраўднаму правальным.   



jeaes_5.jpg

Саюз падзення гандлю

Амаль год таму — 1 студзеня 2015 года — пачала дзейнічаць Дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Галоўнай задачай новага ўтварэння на постсавецкай прасторы было наладжванне ўзаемавыгаднага гандлю паміж краінамі былога Мытнага саюза (Беларусь, Расія, Казахстан), да якіх дадаліся Арменія і Кыргызстан. Аднак вось парадокс: лідары гэтых краін нашмат больш казалі пра ЕАЭС у 2013–2014 гадах, чым пасля пачатку працы Еўразійскага саюза. Верагодна, таму, што ён не апраўдаў чаканняў, якія на яго ўскладаліся.

ЕАЭС павінен быў стаць далейшым развіццём Мытнага саюза. Яго стваральнікі былі ўпэўненыя, што ЕАЭС дазволіць нацыянальным вытворцам выводзіць тавары на новыя рынкі хутчэй, танней і ў большым маштабе. Аднак прайшоў год, і статыстыка, і бягучыя эканамічныя падзеі зрабілі відавочным, што эканамічная сітуацыя ў кожнай асобна ўзятай краіне-ўдзельніцы пагоршылася, а ўзаемны гандаль — скараціўся.

Напрыклад, Камітэт па статыстыцы Міністэрства нацыянальнай эканомікі Казахстана сцвярджае, што са студзеня па верасень 2015 года абарот знешняга гандлю знізіўся на 36,4% у параўнанні з тым жа перыядам 2014-га. Экспарт краіны знізіўся на 42,5%, а імпарт — на 3,8% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Падобную карціну мы назіраем у Беларусі. Па дадзеных Белстата, абарот знешняга гандлю нашай краіны са студзеня па верасень 2015-га склаў $42,7 мільярда. Знешнегандлёвы абарот за той жа перыяд 2014-га — $57,9 мільярда, гэта значыць падзенне склала 26,7%. Адмоўнае сальда гандлёвага балансу — $1,7 мільярда. У студзені-кастрычніку 2015 года экспарт беларускіх тавараў у Расію ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014-га паменшыўся на 33,6%, імпарт з РФ у РБ — на 6,5%.

Сюды ж і Арменія: за студзень-верасень 2015 года Арменія экспартавала ў Расію тавараў на суму $158,5 мільёна, у той час як аналагічны паказчык 2014 года — $219,5 мільёна. Падзенне склала 27,8%. Расія за дзевяць месяцаў 2014 года імпартавала з Арменіі тавараў на суму каля $795 мільёнаў, а ў 2015-м — ужо на $712,7 мільёна. Падзенне склала каля 11%. У студзені-верасні 2014-га Арменія экспартавала ў Беларусь тавараў на суму $6,5 мільёна, а сёлета — толькі на $4,1 мільёна (падзенне на 37%).

Але найвялікшае падзенне прадэманстравала Расія. Яе знешнегандлёвы абарот са студзеня па верасень 2015-га склаў $403,7 мільярда — гэта ўсяго 65,7% ад паказчыку за аналагічны перыяд мінулага года (дадзеныя «Банка Расіі»). Сума экспарту склала $260 мільярдаў (68,2% ад паказчыкаў 2014 года); сума імпарту — прыкладна $143,7 мільярда (61,5% ад узроўню 2014 года).

Праблема ў тым, што менавіта Расія — галоўны дзелавы партнёр для ўсіх без выключэння краін Еўразійскага саюза, асноўны спажывец іх экспартнай прадукцыі. Атрымліваецца, што ва ўмовах санкцый і падзення цэнаў на нафту краіны ЕАЭС у выніку падзення расійскай эканомікі засталіся ля пабітага карыта. Таму што, адна справа — будаваць саюз на фоне высокіх цэнаў на нафту (нагадаю, дамова аб ЕАЭС падпісвалася ўвесну 2014 года), і зусім іншая — развіваць саюз, калі галоўны гандлёвы партнёр вядзе гібрыдную вайну, знаходзіцца пад дзеяннем санкцый і на вачах губляе сваю эканоміку з-за фатальнага падзення цэнаў на нафту.

Варта ўспомніць, што ў сярэдзіне гэтага года Расія прапанавала адмовіцца ў рамках ЕАЭС ад гандлёвых разлікаў у доларах і еўра і перайсці на разлікі толькі ў нацыянальных валютах краін-удзельніц. Спачатку справа пайшла, але ва ўмовах падзення гандлю ўнутры ЕАЭС гэтая прапанова ўжо не падаецца практычнай. Гандаль са знешнім светам для ўсіх краін ЕАЭС становіцца больш важным, а ён намінуецца якраз у доларах і еўра.

Саюз, які не знайшоў сябе

Пакуль усё выглядае так, што Еўразійскі эканамічны саюз апынуўся арганізацыяй з нявызначанай і неэфектыўнай канцэпцыяй. Кіраўнікі краін-удзельніц імкнуцца як мага радзей згадваць ЕАЭС проста таму, што іх эканомікі выглядаюць як ахвяры Еўразійскага саюза. У выніку сёння ніхто не можа дакладна сказаць, ці будзе ЕАЭС існаваць і далей, і калі так — то ў якой якасці: як паўнавартасная бізнес-платформа для паляпшэння эканомікі, або як геапалітычная дэкарацыя.

«ЕАЭС за год працы пашырыўся да пяці дзяржаваў. Падпісана дамова аб зоне свабоднага гандлю з В’етнамам, на чарзе Ізраіль, Егіпет, Пакістан, Індыя. ЕАЭС шмат у чым падобны на ЕС і грунтуецца на забеспячэнні «чатырох свабодаў»: свабоды руху тавараў, паслуг, працоўнай сілы і капіталаў, — кажа Зміцер Балкунец, эксперт Вышэйшай школы эканомікі (Масква). — Пакуль Беларусь не з’яўляецца самадастатковай краінай, і без расійскіх энергетычных рэсурсаў яна не здольная да паўнавартаснага развіцця. Удзел краіны ў Еўразійскім эканамічным саюзе — гэта непазбежны варыянт, і ў тых умовах, якія склаліся, не мае альтэрнатыў у кароткатэрміновым і сярэднетэрміновым перыядзе. Са з’яўленнем ЕАЭС абвастрылася канкурэнцыя паміж Захадам і Расіяй за права дамінавання на постсавецкай прасторы. Некаторыя ўдзельнікі саюза, у тым ліку Беларусь, спрабуюць паразітаваць на гэтых супярэчнасцях і здабыв­аюць выгаду. Але пакуль Еўразійскі саюз з’яўляецца ў першую чаргу палітычным праектам. Яму яшчэ трэба шмат што прайсці, каб давесці сваю эканамічную значнасць».

Сведчанне таго, наколькі моцныя сёння супярэчнасці паміж чальцамі ЕАЭС, — цяперашнія праблемы Беларусі з атрыманнем новага крэдыту ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцці (ЕФСР) на $2 мільярды. Аб тым, што гэты крэдыт пакуль не дадуць, паведаміў у Маскве 8 снежня расійскі міністр фінансаў Антон Сілуанаў. «Мы жадалі б атрымаць пэўныя вынікі ад рэалізацыі праграмы мер эканамічнага развіцця, якія былі закладзеныя ў план дзеянняў пры атрыманні гэтага крэдыту. Пакуль неабходных рашэнняў па рэалізацыі гэтых планаў мы не ўбачылі, таму адклалі прыняцце рашэння аб аказанні фінансавай дапамогі да таго, як убачым пэўны вынік», — сказаў Сілуанаў журналістам.

Што далей?

Што зараз застаецца рабіць у рамках ЕАЭС Беларусі, Казахстану, Арменіі ды Кыргызстану, якія працягваюць губляць расійскі рынак і расійскую падтрымку? Пакуль, калі меркаваць па тым, што адбываецца, гэтыя краіны выбіраюць развіццё без Еўразійскага саюза. Вось першы званок крызісу ЕАЭС: Арменія абвясціла, што аднаўляе перамовы з Еўрапейскай камісіяй пра падпісанне дамовы аб вольным гандлі з ЕС. Год таму яна адмовілася ад распрацоўкі такой дамовы дзеля ўдзелу ў ЕАЭС. Зараз — адыгрывае назад. Казахстан робіць стаўку на развіццё супрацоўніцтва з Кітаем і актывізуе гандаль з краінамі Сярэдняй Азіі.

Беларусь актыўна спрабуе наладзіць супрацоўніцтва з Еўропай, за што атрымлівае крытыку ад Расіі. Акрамя таго, Беларусь актыўна карыстаецца ўнутранымі нормамі ЕАЭС, каб зарабіць на канфлікце Расіі з усім светам. Пачалося ўсё з паставак праз нашу краіну ў Расію заходніх прадуктаў, якія трапілі пад санкцыі. На фоне вайны Расіі з Украінай Беларусь прапанавала ўкраінскаму бізнесу выкарыстаць нашу тэрыторыю як новую пляцоўку для выхаду на расійскі рынак. Пачаўся канфлікт Расіі з Турцыяй — і Беларусь ужо выказала гатоўнасць стаць пасярэднікам для турэцкіх прадпрымальнікаў, якія працуюць на расійскім рынку.

Наўрад ці ў 2016 го­дзе ЕАЭС паспрыяе росту гандлю Беларусі з Расіяй. Расійскія вытворцы цяпер на ўсю моц выкарыстаюць эфект ад дэвальвацыі расійскага рубля і моцны гандлёвы пратэкцыянізм свайго ўраду. І зараз таварам беларускіх канкурэнтаў у Расіі не рады. Так што аднавіць аб’ёмы экспарту ў РФ хоць бы да ўзроўню 2014-га ў наступным годзе не атрымаецца. У лепшым выпадку, можна будзе спыніць падзенне. У горшым (працяг падзення цэнаў на нафту) — нашы традыцыйныя тавары працягнуць губляць расійскі рынак.

Свабодная гандлёвая зона, дзеля якой і ствараўся ЕАЭС, была закліканая забяспечыць рост гандлю паміж партнёрамі, велізарны рынак для краін-удзельніц і падвышэнне эканамічнай актыўнасці, але нічога з гэтага не атрымалася.