Праграма МВФ — прыватызацыя дзяржпрадпрыемстваў Беларусі

Умовы праграмы Беларусі з Міжнародным валютным фондам прадугледжваюць прыватызацыю прадпрыемстваў. Паводле інфармацыі БелаПАН, уладам трэба ўзгадніць пералік дзяржактываў, у дачыненні да якіх павінна ажыццяўляцца перадпрадажная падрыхтоўка.

Фота з сайта newsbel.by

Фота з сайта newsbel.by


"Папярэднія ўмовы праграмы з МВФ прадугледжваюць, што павінна ажыццяўляцца перадпрадажная падрыхтоўка дзесяці прадпрыемстваў. Пакуль пералік такіх прадпрыемстваў не ўзгоднены на дзяржаўным узроўні", — паведаміў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.
Акрамя таго, эксперты Міжнароднага валютнага фонду рэкамендуюць беларускім уладам з мэтай павышэння эфектыўнасці дзяржсектара перадаць дзяржпрадпрыемствы ад міністэрстваў і канцэрнаў пад кіраванне адзінай структуры.
"Пакуль усё гэта на ўзроўні прапановаў, дыскусій. Аднак калі будзе стварацца холдынг і ён стане рынкавым чынам кіраваць дзяржпрадпрыемствамі, то міжнародныя фінансавыя арганізацыі гатовы дапамагчы Беларусі ў гэтым кірунку і прыцягнуць спецыялістаў, якія ведаюць, як гэтая сістэма кіравання дзяржпрадпрыемствамі працуе ў свеце", — сказаў эксперт.
На мінулым тыдні беларуская дэлегацыя знаходзілася ў Вашынгтоне і абмяркоўвала з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонду ўмовы заключэння новай крэдытнай праграмы. У склад дэлегацыі ўвайшлі кіруючыя работнікі эканамічных органаў улады — Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў і Міністэрства эканомікі.
Беларусь вядзе перамовы з МВФ, неабходныя для заключэння крэдытнай праграмы з фондам, ужо практычна два гады. Працэс гэты пачаўся вясной 2015 года, калі беларускія ўлады ў супрацоўніцтве з Сусветным банкам сталі рыхтаваць "дарожную карту" па рэфармаванні эканомікі.
Аднак бакам пакуль не ўдалося выйсці на падпісанне новай крэдытнай праграмы. У кастрычніку 2016 года Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў прапановы МВФ па рэфармаванні беларускай эканомікі, заявіўшы, што яны накіраваныя на "ўдушэнне народа", і даўшы зразумець, што беларускі бок ніколі іх не прыме.
У лютым 2017 года першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі заявіў, што па ключавых спрэчных пытаннях у перамовах з МВФ, якія датычацца павышэння тарыфаў на камунальныя паслугі і рэфармавання дзяржсектара, атрымалася знайсці "развязкі".
21 красавіка Лукашэнка, выступаючы з пасланнем беларускаму народу і парламенту, заявіў, што Беларусь плануе павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі не за паўтара года, як рэкамендаваў МВФ, а на працягу чатырох-пяці гадоў. Акрамя таго, беларускі кіраўнік даў зразумець, што прымаць першапачатковыя прапановы МВФ па рэфармаванні дзяржсектара краіна не будзе.
"Па дзяржпрадпрыемствах. Не, гэта мы не зможам сёння зрабіць. Не таму, што гэта няправільна. Таму, што нам пакуль гэта не падыходзіць. Нам трэба разабрацца спачатку з гэтымі прадпрыемствамі", — сказаў ён.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН