Прэзідэнт Літвы прапанаваў меры па блакаванні электраэнергіі з БелАЭС
Прэзідэнт Літвы Гітанас Науседа прапануе новыя меры для таго, каб не пускаць у Літву электраэнергію з Беларускай АЭС (БелАЭС), якая будуецца ў Астраўцы.

Gitanas Nausėda© DELFI / Kiril Čachovskіj
«Імпарт электраэнергіі, вырабленай спосабам, небяспечным для навакольнага асяроддзя і грамадства Літвы, уяўляе пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы. Таму неабходна ўжо зараз распачаць дадатковыя меры, якія б абмежавалі магчымасці траплення такой электраэнергіі на тэрыторыю Літвы», — цытуе словы Науседы прэс-служба літоўскага прэзідэнта.
Папраўкі да закона прадугледжваюць магчымасць неадкладнага анулявання дазволаў на імпарт электраэнергіі з трэціх краін, дзе атамная станцыя прызнана небяспечнай з самага пачатку яе дзейнасці, і адмовы ў выдачы новых.
Акрамя таго, Дзяржаўная служба рэгулявання энергетыкі зможа прасіць камісію, якая правярае здзелкі стратэгічных кампаній, праверыць імпарцёраў электраэнергіі, і калі будуць устаноўлены выпадкі таго, што яны ўяўляюць пагрозу нацбяспецы краіны, служба зможа адразу ж спыніць дазвол.
У 2017 годзе літоўскі парламент прызнаў, што БелАЭС з'яўляецца небяспечнай і ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, навакольнаму асяроддзю і грамадскаму здароўю Літвы. Таксама быў прыняты закон, які забараняе закупку электраэнергіі з небяспечных станцый. Беларусь адхіляе прэтэнзіі Літвы пра тое, што станцыя з'яўляецца небяспечнай.
Мінск сцвярджае, што ядзернае паліва для першага рэактара станцыі будзе дастаўлена да канца гэтага года, а сама станцыя будзе запушчана ў студзені 2020 года.
delfi.lt