Раманчук: «Яшчэ два такіх кварталы — і goodbye інфляцыя менш за 10%»

Эканаміст Яраслаў Раманчук на сваёй старонцы ў Фэйсбук піша пра непрыемныя тэндэнцыі ў эканоміцы, якія могуць прывесці да росту інфляцыі.

inflation_1.jpg

«Гэта падстава для турботаў. Калі два гады запар колькасць наяўных грошай у звароце павялічваецца на больш чым на 25% пры інфляцыі, ціск на кошты непазбежны. Калі два гады запар грашовая база павялічваецца больш чым на 25%, пра цэнавую стабільнасць можна забыцца. 2017-ы год стане не пачаткам спрыяльнай, антыінфляцыйнай, доўгатэрміновай тэндэнцыі, а толькі часовым фрагментам у працяглай інфляцыйнай гісторыі краіны. Яшчэ два такіх кварталы, як былі ў ліпені-верасні 2017г. — і goodbye інфляцыя менш за 10%.
Беларускія ўлады зноў ўзяліся за старое — штучнае стымуляванне эканамічнага росту. Не такое масавае, сляпое і бесклапотнае, як было ў другой палове 2000-ых, але, тым не менш, штучнае, т.б. не рынкавае. Эканамічны рост, які не зыходзіць ад прыватных інвестараў і прадпрымальнікаў, які не з'яўляецца следствам уключэння ў камерцыйны абарот прыватнай уласнасці, «жывых» грошай інвестараў, які не ідзе ад пашырэння эканамічнай свабоды — гэта штучны, наменклатурна стымуляваны рост.
Так, ён можа мець месца, асабліва калі ўдала складваюцца знешнія абставіны. Асабліва калі цэны на экспартныя тавары выраслі больш чым на 15%. Так, ён можа быць за кошт знешніх крэдытаў. Так, часова можна ўкалоць бюджэтны фінансавы анаболік для некалькіх дзесяткаў традыцыйных прамысловых прадпрыемстваў. Так, можна пашаманю над методыкай разлікаў, індэксамі і балансамі. Выдаць рост у 1-1,5% не складае вялікай працы. У будучыні ж усё можна скарэктаваць. Усё залежыць ад таго, якую задачу перад сабой ставіць. Зрабіць выбліск, кароткатэрміновы ўзбрык — гэта адно. Хуткі, доўгатэрміновы рост — іншае. Беларускія ўлады пакуль не думаюць і не дзейнічаюць стратэгічна. «Нам бы дзень пратрымацца ды ноч прастаяць...».
Паводле gazetaby.com