Рассельгаснагляд можа выказаць недавер сертыфікатам Беларусі
Рассельгаснагляд можа выказаць недавер рээкспартным ветэрынарным і фітасанітарным сертыфікатам, што выдаюцца ў Беларусі на пастаўку прадукцыі з трэціх краін.
«У панядзелак у Мінску пачне працу расійска-беларуская група па кантролі за пастаўкамі, нашы спецыялісты прадставяць матэрыялы пра шматлікія парушэнні ў пастаўках, гаворка на ёй можа ісці, у тым ліку, і пра недавер рээкспартным сертыфікатам Беларусі», — заявіў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт.
«Чаму мы павінны давяраць гэтым дакументам, калі яны афармляюцца на прадукцыю, якая ўяўляе пагрозу? Гэта сведчыць аб тым, што ўвезеную з трэціх краін прадукцыю не даглядаюць, як мае быць, — заявіў ён. — Да таго ж гаворка ідзе аб ілжывым рээкспарце, таму што частка забароненай прадукцыі незаконна застаецца ў Расіі».
Пры гэтым кіраўнік Рассельгаснагляду падкрэсліў, што «гэта не ваенныя дзеянні, гэта нармальная сістэмная работа». «Мы займаемся тым, каб прадукцыя, якая пастаўляецца праз Беларусь, даглядалася як след», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, Рассельгаснагляд прапаноўваў беларускім калегам дапамогу пры кантролі на знешняй мяжы Беларусі. «Але нам адмовілі, заявіўшы, што працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, — адзначыў ён. — Але хай тады гэтыя кваліфікаваныя спецыялісты растлумачаць, чаму па рээкспартных сертыфікатах ідзе прадукцыя ў немаркіраванай тары або чаму на скрынях маркіроўка памерам з паштовую марку, з якой можна зрабіць усё, што заўгодна?»
Да жніўня, гэта значыць да ўвядзення Расіяй санкцый супраць некаторых заходніх краін, уся прадукцыя паступала ў маркіраванай тары, на этыкетках выразна былі ўказаны вытворцы, іх адрасы і іншыя дадзеныя, сказаў кіраўнік Рассельгаснагляду.
Паводле яго слоў, праблемы, звязаныя з рээкспартам, ёсць і з Казахстанам. «Некаторы час таму мы спынілі тры машыны, якія везлі мяса невядомага паходжання, папрасілі нашых калег звярнуць на гэта ўвагу, «вынік» — сёння ноччу затрымалі ўжо 11 аўтамабіляў з такім жа мясам», — заявіў ён.
Данкверт таксама паведаміў, што на пасяджэнні рабочай групы ў Мінску будзе таксама абмеркаваны спіс беларускіх прадпрыемстваў, прадукцыю якіх Рассельгаснагляд плануе паставіць на ўзмоцнены маніторынг. «Гэта звязана з парушэннямі пры пастаўках, якія мы выяўляем не першы год», — растлумачыў ён.
Як лічыць кіраўнік Рассельгаснагляду, заканадаўства Мытнага саюза ў сферы знешняга гандлю патрабуе ўзмацнення жорсткасці з тым, каб нядобрасумленныя пастаўшчыкі не маглі выкарыстоўваць наяўныя ў ім шчыліны і правозіць у Расію забароненую прадукцыю праз Беларусь і Казахстан.