СМІ: За нафтавы афшор Беларусь расплаціцца з Расіяй бензінам

У абмен на захаванне за Беларуссю экспартных пошлін Расія атрымае дадатковы аб’ём вяртання беларускіх нафтапрадуктаў на расійскі рынак.



benzin_zapr.jpg

Нагадаем, што пасля правядзення Расіяй падатковага манеўру Беларусь рызыкавала буйнымі фінансавымі стратамі, якія ацаніла ў суму каля мільярда долараў. Аднак у ходзе перамоў была дасягнута дамоўленасць аб тым, што пошліны ўсё ж застануцца ў бюджэце Беларусі. І не ў палоўным памеры, як гэта было пры падпісанні Дамовы аб ЕАЭС, а ў поўным і 100%-ным — у якасці кампенсацыі за падатковы манеўр. Праўда, пакуль дамоўленасці датычацца толькі 2015 года. Якім чынам будуць размяркоўвацца пошліны далей, стане прадметам дадатковых перамоў.

Беларусь зможа пакінуць у сваім бюджэце ўвесь аб'ём пошлін на нафтапрадукты, аднак, як піша «Коммерсантъ», абавязалася амаль удвая павялічыць абавязковыя пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію.

Па дадзеных выдання, у абмен на саступкі Беларусі Расія атрымае большы аб’ём гарантаванага вяртання беларускіх нафтапрадуктаў на свой рынак. Крыніца газеты сцвярджае, што ідзе гаворка аб пастаўках з Беларусі ў 2015 годзе 1,8 мільёна тон бензіну, тады як цяпер у Расію ідзе толькі каля 1 мільёна тон у год.

Прычым, Расія будзе жорстка назіраць за гэтым.

Рашэнне пакінуць Беларусі 100% экспартных нафтапошлінаў ў 2015 годзе Мінску абумоўлена жорсткімі абавязальніцтвамі пастаўляць бензін на расійскі рынак, заявіў намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Шаталаў. «За гэтым будзем жорстка сачыць», —цытуе чыноўніка Reuters.

«Дамовіліся, што калі яны не будуць выконваць (абавязацельствы па пастаўках нафтапрадуктаў у Расію — рэд.), то мы будзем зніжаць аб’ёмы паставак нафты», — паведаміў Шаталаў.

Ён адзначыў, што Беларусь разлічвае імпартаваць з Расіі ў 2015 годзе 23 мільёны тон нафты, як і па плане 2014 года.