Рэальных беспрацоўных у Беларусі ў 30 разоў больш, чым афіцыйных
Кожны квартал чыноўнікі паведамляюць аб беспрацоўі па крытэрыях Міжнароднай арганізацыі працы. Гэтыя звесткі ў дзясяткі разоў вышэйшыя за адміністрацыйны ўлік.
У нашай краіне замеры беспрацоўя па крытэрыях Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) праводзяць чатыры разы на год — у лютым, маі, жніўні і лістападзе. Па методыцы, заснаванай на падыходах МАП, беспрацоўным прызнаецца чалавек, які знаходзіцца ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў, актыўна шукае працу і гатовы прыступіць да яе ў бліжэйшы час, пішуць banki24.by.
Cтан пошуку працы і гатоўнасць прыступіць да яе вызначаецца са слоў самога рэспандэнта. Гэты падыход да беспрацоўя ўжываецца ў большасці краін свету і дае вынікі, якія можна параўноўваць паміж сабой.
Радыкальна іншыя вынікі дае адміністрацыйны ўлік беспрацоўя.
Напрыклад, у Беларусі на канец лістапада 2021-га знаходзіліся на ўліку беспрацоўных усяго 6,2 тыс. чалавек. Дзяржаўныя органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ацэньвалі такі ўзровень беспрацоўя толькі ў 0,1%.
Параўнайце: беспрацоўе па крытэрах МАП у Беларусі за лістапад-2021 склала 188,9 тыс. чалавек — у 30 разоў вышэй, чым пры адміністрацыйным уліку.
Узровень беспрацоўя адносна ўсёй працоўнай сілы склаў 3,8% (паводле Белстата).
Такая вялікая розніца тлумачыцца тым, што беспрацоўны па крытэрыях сацыяльнай абароны павінен самастойна прыйсці ў органы працы і сацыяльнай абароны, зарэгістравацца там і рэгулярна прыходзіць на грамадскія працы.
Органы сацыяльнай абароны прызнаюць беспрацоўнымі не 100% тых, хто звярнуўся, існуе адсеў. Ды і пасля чалавек можа быць пазбаўлены статусу беспрацоўнага па тых ці іншых прычынах. Патэнцыйных суіскальнікаў статусу палохае і нізкая дапамога, якая далёка ад еўрасаюзаўскіх стандартаў. Адсюль стабільна нізкая статыстыка адміністрацыйнага ўліку.
Згодна з замерамі паводле крытэраў МАП, сярэдні ўзрост беспрацоўных дасягнуў 38,8 года.
У агульнай колькасці беспрацоўных моладзь ва ўзросце 16-30 гадоў склала 61,5 тыс. чалавек, або 32,5% (каля траціны ад усіх). Сярэдні час пошуку працы ў беспрацоўных склаў 7,5 месяца.
Кожны пяты беспрацоўны (каля 20,2%) шукаў працу больш за год — гэта працяглае беспрацоўе.Узровень беспрацоўя ў мужчын быў вышэйшы, чым у жанчын (4,6% супраць 3%), а ў гараджан вышэйшы, чым у жыхароў сельскай мясцовасці (3,9% супраць 3,4%). На зыходзе 2021 года самы нізкі ўзровень беспрацоўя адзначаўся ў жанчын 50-54 гадоў (1,4%) і ў сельскага насельніцтва 25-29 гадоў (1,7%).