Рост ВУП як дэпрэсія

«Ды ўсё ў нас добра», — сцвярджае афіцыйная статыстыка. Але, гледзячы на аптымістычныя лічбы, чамусьці згадваецца знакамітая песня Лявона Вольскага: «Лепей не будзе, будзе толькі горш». Можа, гэта восеньская хандра?

Малюнак Аляксея Мерынава

Малюнак Аляксея Мерынава

Не паддаецца гэтай традыцыйнай хваробе наш Белстат. Чарговыя аптымістычныя лічбы былі выдадзеныя на тыдні. ВУП Беларусі ў студзені-верасні падрос на 1,7% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года. Дэфлятар ВУП (цэнавы індэкс) за 9 месяцаў склаў 108,5%.

За той жа перыяд аб’ём прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах склаў 106,1%. У горназдабываючай прамысловасці рост склаў 3,2%, у апрацоўчай прамысловасці — 6,6%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 5,4%. І ўвогуле, у 11 з 13 галін апрацоўчай прамысловасці аб’ём вытворчасці за студзень-верасень 2017 года перасягнуў узровень аналагічнага перыяду 2016 года.

У сельскай гаспадарцы — таксама рост, супастаўны з ростам ВУП, то бок на 1,7%. А ў супастаўных цэнах на — 2,3% больш, чым у адпаведным перыядзе папярэдняга года.

У сельскагаспадарчых арганізацыях рэспублікі практычна завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы). На 1 кастрычніка збожжа намалочана 7,7 мільёна тон, або на 9,1% больш, чым на аналагічную дату 2016 года. Сярэдняя ўраджайнасць склала 35,6 цэнтнера з гектара супраць 33,2 цэнтнера ў 2016 годзе.

На пачатак кастрычніка бягучага года бульбу прыбралі з 67% плошчаў. Накапана бульбы 634,6 тысячы тон, ураджайнасць атрыманая 310 цэнтнераў з аднаго гектара супраць 262 цэнтнераў у папярэднім годзе. Буракі цукровыя прыбраныя з 34,2% плошчаў, гародніна — з 61,5% плошчаў. Вытворчасць апошняй павялічылася аж на 3%!

І гэта яшчэ не канец, таму што, як мы бачым па лічбах, уборка яшчэ далёка не скончаная — нягледзячы на тое, што шмат дзе прайшлі раённыя «Дажынкі». Самы час парадавацца за поспехі роднай народнай гаспадаркі і адказаць усім тым, хто тры-чатыры месяцы таму енчыў наконт «кепскага лета» і снегу ў маі. Нармальнае было лета, глядзіце, якая бульба паперла! Трэба было не на Мальдзівах і ў Турцыях адпачываць, а ў бабулі на градах!

А хто не паспеў улетку пакапацца ў гэтых градах, той яшчэ мае шанец усё выправіць. На пасяджэнні прэзідыума Саўміну 17 кастрычніка прэм’ер Андрэй Кабякоў даручыў поўнасцю завяршыць уборку ўраджаю з палёў да 31 кастрычніка. Неабходна прыбраць дзве траціны ўборачных плошчаў кукурузы на зерне, траціну кукурузы на сілас, 40% плошчаў цукровых буракоў, на палях засталося 13% бульбы і 14% льнотрасты. Так што ёсць дзе працаваць і куды імкнуцца!

Галоўнае пытанне — што мы потым з усім гэтым будзем рабіць. Самі мы столькі не з’ядзім, а прадаваць хутка будзе няма каму.

Праўда, наш асноўны гандлёвы партнёр вуснамі свайго прэм’ера Мядзведзева заявіў, што Расія поўнасцю прыстасавалася да заходніх санкцыяў. Але, тым не менш, паводле дадзеных расійскіх статыстыкаў, аднаўленне паказчыкаў расійскай прамысловасці, якое Расстат фіксаваў у першай палове года, пайшло на спад. У трэцім квартале тэмпы росту вытворчасці замарудзіліся больш чым удвая. Фабрыкі і заводы ў сегменце апрацоўкі вярнуліся ў «мёртвую зону» стагнацыі і калянулявых паказчыкаў на мяжы хібнасці вымярэнняў.

А калі ў Расіі стагнацыя — дык і грошай, каб набываць нашу прадукцыю, у іх паменее.

Калі будуць увогуле. Таму што асноўны даход Расіі — сыравіна, а канкрэтна — нафта. Між тым, аналітыкі «Bank of America» кажуць, што да заканчэння нафтавай эры засталося 5 гадоў.

На іх думку, бензінавы транспарт, на які прыпадае 57% сусветнага спажывання «чорнага золата», пачне саступаць месца электрамабілям, экспанента вытворчасці якіх прыпадзе на пачатак наступнага дзесяцігоддзя — у 2022–2023 гадах у Еўропе і ў 2024-м — у Кітаі і ЗША. А да 2050 года электракары зоймуць 90% рынку.

Пры гэтым машын толькі з рухавікамі ўнутранага згарання не застанецца зусім. Астатнія 10% рынка будуць займаць гібрыды, якія спалучаюць як бензін, так і электрацягу.

Ключом да развіцця электратранспарту стане зніжэнне кошту акумулятарных батарэй, павелічэнне іх ёмістасці — і, як следства, павелічэнне далёкасці прабегу без падзарадкі. Адначасова ўпадзе цана сілавой устаноўкі. Рынку дапамогуць дзяржсубсідыі і ўрадавыя праграмы, да якіх далучыліся не толькі большасць еўрапейскіх краін, але і Кітай. Апошні паставіў мэту: 50% электрамабіляў да 2030 года.

У Парыжы аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання плануюць забараніць з 2030 года, забарона на дызельныя машыны прыйдзе яшчэ раней — з 2024 года, калі сталіца Францыі прыме Алімпійскія гульні. У Вялікабрытаніі поўную забарону на бензінавыя аўто ўвядуць з 2040 года.

З такім прагнозам згодны і кіраўнік Ашчадбанка Расіі Герман Грэф. Ён зазначыў, што ў выніку нафта паўторыць лёс вугалю і драўніны. Паводле прагнозу МВФ, нафта ў 2040 годзе будзе каштаваць 15 долараў за барэль. «Гэта не тое, што можа задаволіць нашу краіну. 20–25 гадоў да гэтай перспектывы — вельмі маленькі тэрмін», — сказаў Грэф.

А калі Расія страціць галоўную крыніцу свайго даходу, хто будзе набываць нашы харчы? І яшчэ адно пытанне: хто будзе іх прадаваць?

На тыдні мы пабачылі доўгачаканы ўказ кіраўніка дзяржавы пра скарачэнне праверак у бізнесе. І што? Згодна з ім, колькасць кантралёраў павінна быць скарочаная на траціну, а колькасць кантраляваных сфер, — удвая.

Але «Еўрарадыё» знайшло ў новым указе цэлых дзевяць падстаў, якія дазволяць кантралёрам прыйсці на прадпрыемства з пазапланавай праверкай.

Пералічваць усе не будзем. Задаволімся адным, і вельмі кароткім: пазапланавая праверка можа праводзіцца «па прычыне невыканання правяраючым (кіраўніком праверкі) устаноўленага парадку правядзення праверак».

То бок, кшталту: «Выбачайце, мы насамрэч накасячылі. Каб выправіць нашы касякі, вас трэба яшчэ раз праверыць. І яшчэ. І яшчэ»… Ну і так да бясконцасці.

Правяраючых, можа, і стане менш. Але гэта азначае, што яны будуць трымацца за сваё месца і паказваць бачнасць бурнай дзейнасці і сваю патрэбнасць. А значыць, праверак стане не менш, а больш.

Так што лічбы — гэта яшчэ не ўсё. За імі стаіць не вельмі вясёлкавая перспектыва.