Bellingcat: новае фота «Бука» — доказ датычнасці РФ да крушэння MH17

Новае фота "Бука", апублікаванае ўчора, 19 кастрычніка, даказвае датычнасці Расіі да крушэння MH17, лічыць Вellingcat.

 Абломкі самалёта, які выконваў рэйс MH17

 Абломкі самалёта, які выконваў рэйс MH17

Пасля публікацыі здымка "Бука" ў Макееўцы "не можа быць сумневаў" у тым, што самалёт збілі з расійскага ЗРК, перакананыя ў Bellingcat.

Экспертна-журналісцкая група Bellingcat лічыць новае фота "Бука", апублікаванае Аб'яднанай следчай групай (JIT) у чацвер, 19 кастрычніка, доказам таго, што Boeing, які выконваў рэйс MH17, збіў расійскі зенітны ракетны комплекс (ЗРК).

Паводле ацэнкі групы следчых, адметныя асаблівасці адлюстраванага на здымку ЗРК "цалкам супадаюць з тымі, што бачныя на правым борце "Бука 332" у Расіі амаль за 4 тыдні" да крушэння самалёта "Малайзійскіх авіяліній" на ўсходзе Украіны.

"Пасля сённяшняга дня, калі быў апублікаваны дзевяты доказ прысутнасці на ўсходзе Украіны ўстаноўкі, якая належала Узброеным сілам Расійскай Федэрацыі, ніякіх сумневаў у гэтым быць не можа", — гаворыцца ў паведамленні Bellingcat.

 Здымак таго самага "Бука"

 У сваю чаргу, у JIT пакуль пэўных высноваў па апублікаванай фатаграфіі не агучвалі. Паводле інфармацыі следчых, фатаграфія была, верагодна, зробленая ў горадзе Макееўка 17 ліпеня 2014 года, у дзень трагедыі. "JIT падазрае, што гэта менавіта той "Бук", з якога быў збіты рэйс МН17", — адзначаецца ў паведамленні следчай групы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте".

У той жа час JIT звярнулася да грамадскасці з просьбай паведаміць дэталі пра абставіны гэтага здымка тых, каму штосьці пра гэта вядома.

Нагадаем, Boeing-777, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, меркавана быў збіты ракетай над тэрыторыяй Данецкай вобласці 17 ліпеня 2014 года. Усе 298 чалавек, што знаходзіліся на борце, загінулі.

Паколькі дзве траціны ахвяр былі падданымі Нідэрландаў, расследаванне авіякатастрофы праводзіцца ў гэтай краіне. У ходзе расследавання было ўстаноўлена, што самалёт быў збіты з "Бука", вырабленага ў Расіі. Следства па справе аб крушэнні самалёта працягваецца.

Паводле www.dw.com