Рост тарыфаў на паслугі ЖКГ правакуюць адсутнасць канкурэнцыі, манапалізм і затратнае цэнаўтварэнне
Рост тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі правакуюць адсутнасць канкурэнцыі ў гэтай сферы, манапалізм і затратнае цэнаўтварэнне, заявіў БелаПАН юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін, які стварыў прыблізна 20 гадоў таму адно з першых у Мінску таварыстваў уласнікаў жылля.
Сяргей Балыкін
Такім чынам ён пракаментаваў сённяшнюю нараду ў кіраўніка дзяржавы, на якой Аляксандр Лукашэнка абурыўся новымі тарыфамі на жыллёва-камунальныя паслугі. "Неабходныя разлікі былі праведзеныя, але на справе ўсё атрымалася дакладна наадварот", — заявіў беларускі кіраўнік, заслухоўваючы даклад аб падатковай і акцызнай палітыцы ў 2016 годзе.
"Аляксандр Лукашэнка можа колькі хочаш "надзяваць наручнікі" на камунальных чыноўнікаў і патрабаваць ад іх празрыстасці цэнаўтварэння — гэта сітуацыю не
зменіць, — упэўнены Балыкін. — У Беларусі сфера камунальных паслуг надзвычай манапалізаваная дзяржавай, і нават ўладальнікі прыватнага жылля рэальна не могуць выбіраць
пастаўшчыкоў гэтых паслуг на канкурэнтнай аснове".
Паводле слоў Балыкіна, манаполія ў ЖКГ з'яўляецца следствам імкнення дзяржавы абмежаваць рост цэн адміністрацыйнымі метадамі і пакрыцця страт за кошт датацый і перакрыжаванага субсідавання.
"Гэта прыводзіць да таго, што прыватныя арганізацыі неахвотна ідуць у гэтую сферу, а дзяржаўныя камунальнікі фармуюць свае цэны зыходзячы з затрат. Пры гэтым у выдаткі закладваюцца ўсе
затраты, у тым ліку і страты ад неэфектыўных эканамічных і тэхнічных рашэнняў", — адзначыў эксперт. Пры гэтым ніхто не зацікаўлены ў скарачэнні выдаткаў, бо гэта аўтаматычна
вядзе да змяншэння кампенсацый.
"Можна колькі хочаш наракаць на камунальнікаў, ладзіць ім публічныя лупцоўкі і насылаць на іх дзяржкантроль, але сітуацыю гэта не зменіць, — упэўнены суразмоўца БелаПАН.
— Правяральшчыкам будуць пададзеныя абгрунтаваныя лічбы і матэматычна правільныя разлікі, а прымусіць людзей праяўляць ініцыятыву, шукаць магчымасці для скарачэння страт сілавымі
метадамі немагчыма".
У Беларусі, адзначыў Балыкін, у перыяд нізкіх цэн на жыллёва-камунальныя паслугі трэба было б правесці рэформу ЖКГ, цеплавую рэабілітацыю будынкаў і змяніць схемы забеспячэння жылых дамоў.
"Мы ж да гэтага часу будуем панэльныя "гулагі" паводле савецкага ўзору з практычна савецкімі неэфектыўнымі цеплацэнтралямі і савецкай жа неэфектыўнай ўнутрыдамавой
разводкай. І пасля гэтага дзівімся на рахункі за ацяпленне", — сказаў эксперт.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН