Руды: Пытанне дэцэнтралізацыі сістэмы дзяржкіравання абмяркуюць, але палітычны кантроль застанецца
У Беларусі будзе разгледжанае пытанне дэцэнтралізацыі сістэмы дзяржкіравання, паведаміў начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды на пасяджэнні каардынацыйнага савета праекта "Развіццё інклюзіўнага мясцовага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь" 8 красавіка ў Мінску.
Разам з тым Руды адзначыў: "Калі сёння сказаць, што на месцах лепш відаць, давайце частку паўнамоцтваў дамо на месцы, і яны самі ўсё вырашаць, гэта прывядзе да хаосу. Кожны рэгіён мае свае прыярытэты, і яны могуць супярэчыць не толькі інтарэсам іншых рэгіёнаў, але і ў цэлым дзяржаўнай палітыцы. Не дай бог гэта можа прывесці да банкруцтва тэрыторый, калі кожны рэгіён будзе адстойваць свае інтарэсы".
З іншага боку, прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта лічыць, што "ў сучасным свеце так шмат інфармацыі, што чыноўнік у цэнтральным апараце не зможа ўсё пераварыць і прыняць узважанае рашэнне самастойна". Таму пасылам дэцэнтралізацыі будзе перадача часткі паўнамоцтваў мясцовым органам улады. Для гэтага "трэба распрацаваць дакладную працэдуру, парадак таго, як гэтыя паўнамоцтвы будуць рэалізоўвацца".
Гаворка ідзе пра падвышэнне функцыянальнай і эканамічнай самастойнасці мясцовых органаў улады, сказаў Руды, але "будзе захаваны палітычны кантроль і цэнтралізацыя".
Руды высока ацаніў ролю дзяржслужачых у развіцці краіны і эканомікі. "Менавіта дзяржаўныя інстытуты ствараюць умовы, пры якіх развіваецца грамадства", — сказаў ён.
Начальнік упраўлення падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра механічнае скарачэнне дзяржапарату і зніжэнне выдаткаў, а пра аптымізацыю функцый і падрыхтоўку кадраў. Паводле яго слоў, менавіта на вырашэнне гэтых задач накіраваны праект "Развіццё інклюзіўнага мясцовага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь", які пачалі рэалізоўваць Праграма развіцця ААН, Адміністрацыя прэзідэнта і Акадэмія кіравання пры прэзідэнце.
"Навучанне — гэта апераджальны працэс. Пад яго павінны быць выстраеныя і праграма, і вучэбная інфраструктура, якая будзе арыентавацца на інклюзіўнае кіраванне, электронны ўрад", — сказаў Руды.
Ён таксама адзначыў, што падбор кадраў на дзяржслужбу павінен выключаць суб'ектывізм, заснаваны на індывідуальных рэкамендацыях і паруцы. "Тады дзяржапарат не будзе перамяшчацца ўслед за зменай высокіх дзяржслужачых, — сказаў Руды, — а будзе прафесійна займацца сваёй дзейнасцю і пераходзіць на больш высокія ўзроўні".
Руды таксама адзначыў, што ў межах праекта будзе разгледжанае пытанне матывацыі і падтрымкі дзяржаўных служачых. Акрамя таго, у межах праекта "застаецца рэзерв для таго, чаго мы не ведаем". "Пакуль будзе рэалізоўвацца праект, з'явяцца новыя выклікі, новыя праблемы, якія трэба будзе вырашаць", — заявіў ён.
Праект "Развіццё інклюзіўнага мясцовага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь" разлічаны на тры гады і фінансуецца Дацкім агенцтвам па міжнародным развіцці (DANIDA) у памеры каля 3 млн. долараў.
Алена Спасюк, БелаПАН