Рыхтуйце вашы грошыкі! Квартплата пойдзе ў рост

Мяркуючы па жыроўках, якія атрымалі жыхары Беларусі за кастрычнік, працэнт кампенсацыі камунальных паслуг насельніцтвам паменшыўся. Цікава чаму? Бо дзяржава наадварот апошнія гады прывучае насельніцтва да думкі, што квартплата будзе паступова павялічвацца.



zhiroffka.jpg

Фота з сайта naviny.by

«За камунальныя паслугі ў двухпакаёвай кватэры мы аплачвалі 43% ад кошту камунальных паслуг у верасні і 16% у кастрычніку. Астатняе, як паказана ў жыроўцы, плаціла дзяржава. Не разумею, што адбываецца», — распавяла жыхарка аднаго з панельных дамоў у Маскоўскім раёне сталіцы.

Жыхар Ленінскага раёна атрымаў жыроўку, зыходзячы з якой ён таксама стаў плаціць меншую долю ад кошту камунальных паслуг, хоць розніца апынулася і не гэткая вялікая: «У верасні дзяржава кампенсавала каля 50%, цяпер — 69,12%».

Чаму доля кампенсацыі дзяржавай расходаў на паслугі ЖКГ павялічылася і так адрозніваецца ў кватэранаймальнікаў у розных дамах?

Як патлумачыў у каментары для Naviny.by выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці ў Беларусі Генадзь Калёнаў, працэнт кампенсацыі залежыць ад колькасці зарэгістраваных у кватэры і ад аб’ёмаў спажывання цяпла і вады.

Напрыклад, сям'я траціць ваду эканомна і ўкладваецца ў 140 літраў у суткі на аднаго чалавека. У такім выпадку дзяржава субсідуе выдаткі на ваду праз больш танны тарыф — 2 423,1 рубля. Калі вады траціцца больш, уступае ў дзеянне тарыф, які забяспечвае эканамічна абгрунтаваныя выдаткі, — 9 тысяч рублёў. «Чым больш чалавек спажывае вады, тым верагодней пераходзіць за нормы яе спажывання. Гэта азначае, што доля падтрымкі дзяржавай становіцца менш», — адзначыў Генадзь Калёнаў.

Не варта скідаць з рахункаў, адзначае Калёнаў, і тое, што ёсць эканамічна абгрунтаваныя затраты, а ёсць фактычныя, якія вышэй, і адрозніваюцца ад месяца да месяца: «Паведамленні, якія мы атрымлівалі раней, не адлюстроўвалі эканамічна абгрунтаваных выдаткаў».

У паведамленнях за верасень, па дадзеных Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама, працэнт кампенсацыі якраз паказаны ад рэальных выдаткаў.

У 2016 годзе чакаецца змяненне структуры камунальных плацяжоў. Гэта здарыцца, калі будуць падпісаныя сем указаў прэзідэнта, якія падрыхтаваныя па выніках дзейнасці рабочай групы па пытаннях ЖКГ, якая вялася больш за год. Кожны з указаў тычыцца пэўнай тэматыкі, напрыклад, дзейнасці таварыстваў уласнікаў, структуры налічэння плацяжоў.

Акрамя таго, з 2016 года плануецца адмяніць падатковую льготу пры рэалізацыі насельніцтву паслуг па газа- і электразабеспячэнні. Верагодней за ўсё, лічыць Калёнаў, будзе адменена і правіла не павышаць тарыфы больш чым на 5 долараў у год.

Так ці інакш, жыроўка пацяжэе. «Людзям час зразумець, што гаворка не ідзе пра капрызы чыноўнікаў, — сказаў эксперт. — Працоўная група выявіла поўную эканамічную неэфектыўнасць беларускай мадэлі ЖКГ. Пакуль яшчэ мы жывем у камунальным раі, але выдаткі дзяржавы на ЖКГ вельмі вялікія, бо ўвесь новы жылы фонд падсаджваецца на субсідыі. І гэта не можа працягвацца да бясконцасці. Тым больш што Беларусь разлічвае на знешнія крэдыты, якія могуць быць выдадзеныя з выразнымі ўмовамі, пры якіх крэдыторы хочуць быць упэўненымі, што сродкі пойдуць не на субсідаванне камунальных паслуг, а на развіццё рэальнага сектара».

Але ў Беларусі даўно ёсць яшчэ адна праблема — ніхто не ведае, колькі рэальна каштуюць паслугі жыллёва-камунальнага сектара. І таму не варта пераацэньваць уклад дзяржавы ў аплату паслуг ЖКГ для насельніцтва, лічыць кіраўнік праекта «Кошт Урада» Уладзімір Кавалкін.

«Мы плацім падаткі ў бюджэт, які нашымі ж грашыма даплачвае за паслугі ЖКГ, — адзначыў ён. — Пры скрыжаваным субсідаванні прадпрыемствы плацяць за паслугі па значна большым тарыфе, чым насельніцтва, але ў тым ліку з-за гэтага ў работнікаў заробак менш, чым мог бы быць. Адным словам, можна правесці аналогію з законам захавання энергіі».

На думку Кавалкіна, «не атрымаецца ўзяць і падняць тарыфы да сабекошту, не зрабіўшы ніякіх іншых захадаў. Для таго, каб насельніцтва пакрывала выдаткі ЖКГ цалкам, як мінімум неабходна знізіць падаткі».

naviny.by